Мець канкурэнтаў — усё ж такі лепш

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Як знайсці “… хвалю” на фоне хітовага “застою”?

Днямі ў Юрмале завяршыўся ХІ Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Новая хваля-2012”. Ад Беларусі ў ім удзельнічала Аляксандра Барташэвіч. Як жа была прадстаўлена наша краіна? І што цікавага прынесла чарговая “… Хваля” — у параўнанні з конкурсам таго ж “Славянскага базару ў Віцебску”?

Гэтыя два найбуйнейшыя эстрадныя форумы параўноўваюцца не ўпершыню. Тым больш, што конкурс у Латвіі ідзе акурат следам за віцебскім. І многія ўдзельнікі канцэртных праграм практычна “пераязджаюць” з аднаго фестывалю на другі, а пасля, вядома, параўноўваюць іх, у тым ліку ў інтэрв’ю. Дый кожны, каму неабыякава айчыннае эстраднае мастацтва, назірае за конкурснымі баталіямі абодвух спаборніцтваў.

Быў час, калі мы маглі пераняць з Юрмалы шмат цікавага: нешараговыя тэксты вядучых (напісаныя, дарэчы, беларускімі аўтарамі), рэжысёрскае стаўленне да канкурсантаў, накіраванае на яркія пастаноўчыя нумары, крэатыў у саміх канцэртах, імкненне не да звыклай “зборнай салянкі”, а да нечаканых сумесных выступленняў зорак, складзеных “эксклюзіўна” для “Новай хвалі”. Карацей, у самой назве конкурсу акцэнтавалася першае слова — гэта быў шмат у чым новы падыход. І за ўсім гэтым неяк не хацелася звяртаць асаблівую ўвагу на дзіўнаватасць многіх конкурсных вынікаў: маўляў, шоу ёсць шоу. Гэтак жа на законы шоу-бізнесу “спісваўся” сам выбар некаторых канкурсантаў (і беларускіх часам таксама), які рабіўся арганізатарамі на аснове папярэдніх праслухоўванняў.

Сёлета адбор прайшоў у Беларусі з асаблівым размахам і тэлеэфірам, ужо тады выклікаўшы шмат вострых пытанняў (гл. “К” № 14 за 2012 г.). Ну, а цяперашнія тэлетрансляцыі, дзе мы, вядома, з асаблівай увагай сачылі за нашай удзельніцай, увогуле паставілі ў тупік. Аляксандру Барташэвіч ведаюць у нас нямногія — найперш тыя, хто вучыўся з ёй у Брэсцкім музычным каледжы імя Р.Шырмы, адкуль яна паступіла ў Маскоўскі гуманітарны ўніверсітэт імя М.Шолахава, а скончыўшы яго, спявала ў тамтэйшых клубах бэк-вакалісткай. Але ж гэта акалічнасць магла паўплываць хіба на SMS-галасаванне (дададзім, вельмі нятаннае). І выклікаць роздум, чаму імя гэтай своеасаблівай спявачкі, не абдзеленай індывідуальнасцю тэмбру, адкрываюць для шырокай грамадскасці маскоўскія прадзюсары, а не мы самі. Можа, таму, што Саша ў нас нідзе “не ўдзельнічала” і, адпаведна, “не прыцягвалася”? А мяркуючы па адным з яе інтэрв’ю, і не збіраецца пакуль гэтага рабіць.

Больш цікава іншае. У другі конкурсны дзень, калі ўмовамі прадугледжваўся “хіт сваёй краіны”, наша ўдзельніца выконвала… песню Макса Фадзеева “Я не верю твоим глазам”. Праўда, улічваючы вышэйназваныя конкурсныя ўмовы, песню трэба было б перайменаваць у штосьці накшталт: “Вы не верце сваім вушам!”. Бо і сапраўды — ці то знакаміты расійскі прадзюсар употай атрымаў беларускае грамадзянства, ці то пад “хітом краіны” мелася на ўвазе не вядомая ў Беларусі песня айчынных аўтараў, а ўсяго толькі рускамоўная кампазіцыя з рэпертуару канкурсанткі. Ці, можа, гэтым хацелі працягнуць нітачку ажно да… “Полацкага сшытка”? Бо гэты рукапісны зборнік, які з лёгкай рукі журналістаў стаў “хітом” старадаўняй беларускай музыкі, насамрэч утрымлівае папулярныя ў нас мелодыі ХVІІ стагоддзя, большасць з якіх — заходнееўрапейскага аўтарства.

Наўрад ці. Звернем увагу і на тое, што, аб’явіўшы імёны фіналістаў, журы адборачных тураў, паводле Палажэння аб конкурсе, “дае прэтэндэнтам рэкамендацыі па рэпертуары, стылі, іміджы, харэаграфіі”. Дык хіт Беларусі “вызначаўся” ў Маскве?

Што ж да іншых “рэкамендацый”, дык знешне Аляксандра Барташэвіч і сапраўды вельмі змянілася — у лепшы бок. Замест незразумелых кудзеркаў “а’ля 70-я” і напаўспартыўных строяў — стыльныя прамыя валасы, канцэртныя сукенкі. А вось само выкананне… Куды падзелася тая адметнасць, што вылучала яе, да прыкладу, у “Танцах на шкле”? Можа, справа ў тым, што гэтую песню (зноў-такі, Макса Фадзеева) яна выконвала лепш за папулярную цяпер расійскую Нюшу?

Гэта далёка не ўсе пытанні, што ўзніклі пасля сёлетняй “Новай хвалі”. Пакінем “за дужкамі” скандал вакол перамогі расійскай спявачкі Niloo, даволі нізкі сёлетні ўзровень конкурсу (асабліва ў параўнанні з нашым “Славянскім базарам у Віцебску”), амаль поўную адсутнасць уласна конкурсных песень, якія б напоўніцу дэманстравалі разнастайныя творчыя магчымасці ўдзельнікаў. Дый у канцэртных праграмах былі хіба асобныя яркія перлінкі — на фоне агульнага “застою”.

Можна, канешне, парадавацца за “Славянскі базар у Віцебску”: наш фестываль, пераадолеўшы многія хібы мінулых гадоў, развіваецца куды больш пазітыўна. А можна і пашкадаваць. Бо мець годных канкурэнтаў (прычым у блізкім атачэнні) куды лепей, чым заставацца перлінкай “на фоне”…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"