Gran+ на "Sziget"

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

З 6 па 13 жніўня ў Будапешце пройдзе адзін з самых папулярных еўрапейскіх фестываляў сучаснай музыкі — "Sziget". На ім запланавана выступленне вядомых груп “The Stone Roses”, “Placebo”, “Korn”. Ад Беларусі ў сёлетнім фэсце будзе ўдзельнічаць адзіны прадстаўнік — маладзечанец Сяргей Драбышэўскі, ён жа DJ Gran+.

— Заяўку на ўдзел падаў яшчэ зімой, — распавёў Сяргей. — Перад тым выпусціў першы афіцыйны рэліз на японскім лэйбле. З яго і атрымаўся альбом “Now_vember”, які выйшаў у снежні мінулага года, але быў запісаны ў лістападзе. Адсюль і назва “Лістапад” на англійскай мове. На фестываль еду з гэтым альбомам і з другім сваім рэлізам “Tet-a-tet/Day”.

/i/content/pi/cult/389/7773/2-2-2.jpg

— А калі плануецца выступленне на "Sziget" і чаго чакаеце ад удзелу ў фестывалі?

— Мой сэт запланаваны ўначы з 11 на 12 жніўня. Буду граць сваю музыку, што называецца, “жыўцом”, таму цяпер пастаянна рэпецірую, рыхтуюся. Планую прадставіць на фестывалі і новыя свае кампазіцыі. Асноўная мая мэта — за гадзіну выступлення як мага цікавей паказаць сябе і выкласціся на 100 працэнтаў. І, канечне, вельмі хочацца займець на фестывалі новыя знаёмствы, распавесці пра сябе і сваю творчасць. А яшчэ хачу абавязкова паблукаць па гістарычным і сучасным Будапешце, дзе ніколі не быў.

— Вы скончылі ў Маладзечне Музычнае вучылішча імя Агінскага, паспелі ў ім папрацаваць выкладчыкам, цяпер шчыруеце гукааператарам у Мінскім абласным драматычным тэатры. Але ж, адзіны прадстаўнік Беларусі, едзе на фестываль за свае грошы...

— Так, бо спонсараў пакуль не знайшоў. Але я бяру ў дарогу свае дыскі: на фестывалі будзе працаваць спецыялізаваная крама, куды можна іх аднесці, а потым атрымаць грошы, калі тваю музыку набудуць. Але еду, вядома, не па гэта, а па новыя ўражанні і знаёмствы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"