Зайсці ў трохмерны замак...

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Уявіце сабе: помнікі культуры, гісторыі і архітэктуры вы, не выходзячы з пакоя, можаце на сваім камп’ютэры пакруціць, разгледзець, зазірнуць унутр, пабачыць з розных ракурсаў, павялічыць нейкія фрагменты. А яшчэ — згуляць у віртуальную бітву, скажам, у палацава-паркавым ансамблі ў Нясвіжы, знайсці каштоўную бібліятэку ў падвалах будынка і перахаваць яе ад кібергаў, прыкладам, у Мірскім замку, хаваючыся ад ворагаў у векавым гістарычным парку. Ці такі момант: ваш заакіянскі сябра пытаецца, дзе гэта і што гэта, — Беларусь? А вы у адказ па Інтэрнеце — трохмерныя паштоўкі Рэфарматарскага храма ў Заслаўі, Белай вежы ў Камянцы, каму што падабаецца: маўляў, вось яна, наша зямля і культура, глядзі-разглядай і зайздросць… Фантазіраваць — няблага. Аднак дзякуючы новаму праекту трохмернага мадэлявання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, які распачаўся 1 лістапада на сайце www.cgtalk.by, гэта ўжо зусім ў недалёкай будучыні — зусім не фантазія.

 /i/content/pi/cult/135/777/Socium2-44.jpg
— Наша кафедра інфармацыйных тэхналогій у культуры ва Універсітэце культуры і мастацтваў, — пачала з вытокаў праекта дацэнт кафедры, кандыдат тэхнічных навук Святлана Ганчарова, — рыхтуе спецыялістаў на сумежжы дзвюх актуальных сфер — культурнай спадчыны і новых тэхналогій. Адзін з нашых выпускнікоў — Дзмітрый Іваноў — аднойчы прапанаваў арганізаваць на партале www.cgtalk.by некамерцыйны міжнародны конкурс 3D-мадэлявання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Канешне, такая ідэя не магла не падхапіцца аднадумцамі, патрыётамі, у ліку якіх і я, і яго паплечнік Аляксей Ацьман, і Міністэрства культуры, і вядомы архітэктар, доктар культуралогіі Ігар Марозаў.
Як прызналіся аўтары праекта, задума конкурсу такога кшталту (які, дарэчы, упершыню праводзіцца ў Беларусі) нарадзілася ў выніку назіранняў падчас вандровак па краіне.
Шмат беларускіх помнікаў парушыў час, частку — вайна, некаторыя — уласнаручна абыякавыя людзі. Як гэта можна было б захаваць для будучыні? — задумаліся вандроўнікі. Калі ў рэальнасці нам гэта не пад сілу, вырашылі яны, дык мы павінны ўзнавіць нашу спадчыну хоць у віртуальнасці. І не толькі ўзнавіць, а і зацікавіць, заахвоціць гэтай справай моладзь, якая і ад любімага камп’ютэра адрывацца не будзе, удасканальваючы свае дызайнерскія навыкі, і аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны спазнае літаральна да дробязей.
Урэшце, гэта цікава і пазнавальна, прыемна і карысна. А ў выніку можна яшчэ і камп’ютэр “падзагрэйдзіць” прызам — новай прафесійнай відэакарткай ці графічным планшэтам.
— Наш праект яшчэ толькі робіць першы крок, — працягвае С.Ганчарова, — і мы не замахваемся на штосьці неверагоднае. Ад нашых удзельнікаў пакуль чакаем толькі трохмернай выявы знешняга выгляду помнікаў.
Для тых, хто не валодае гэтай тэхнікай, альбо яму больш падабаецца дзвюхмернае мадэляванне, г. зн. малюнак, ім падыйдзе іншая частка конкурсу, арыентаванага на мастакоў і 2D-дызайнераў.
— Дарэчы, — дадае Аляксей Ацьман, — на форуме, дзе патэнцыяльныя ўдзельнікі абмяркоўваюць свой магчымы ўдзел у праекце, я зразумеў, што яны блытаюць гэтыя два самастойныя конкурсы. Адзін адрасаваны тым, хто жадае выявіць гісторыка-культурныя аб’екты ў дзвюхмернай прасторы, а другі — у трохмернай. Зацікаўленыя ж разумеюць іх як паслядоўныя этапы, таму часам баяцца прыступіць да справы, бо гэта вялікі пласт працы. Сёй-той піша: заплаціце мне грошы — і я зраблю вам які хочаце аб’ект. Многія пытаюцца пра ўмовы конкурсу… Усе яны выкладзены на нашым сайце, заходзьце і чытайце, а калі што незразумела — пішыце на форуме, разбяромся.
Цікава, што некаторыя з наведвальнікаў сайта ўжо пачыналі рабіць для сябе ў розных мэтах тыя ці іншыя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. “Прыкладна два месяцы таму ў мяне з’явілася ідэя і жаданне ўзнавіць Каложскую царкву ў 3D. Пачаў мадэляваць, аднак закінуў”, — піша адзін з удзельнікаў форуму. “Тэма цікавая, — азываецца другі, — вельмі мяне “зачапіла”. Нечым падобным я займаюся самастойна вось ужо пяць гадоў. Аднак майго аб’екта няма ў спісе прапанаваных у конкурсе. Я рэканструяваў у 3D цэлы комплекс будынкаў Полацкага кадэцкага корпуса (Іезуіцкага калегіума) і Сабора Святога Мікалая, якога ўжо няма. Захавалася толькі частка комплексу, а ўсё астатняе ўзнаўляю па абрывачных звестках. Планую зрабіць віртуальную вандроўку па комплексе, і шмат што яшчэ”…
— Такія конкурсы ў Расіі сталі ўжо традыцыйнымі, — тлумачыць С.Ганчарова, — там нават на тэлеканале ТВЦ “круцяць” гісторыю Расіі ў 3D-анімацыі, а ў нас конкурс па камп’ютэрнай графіцы, ды яшчэ на такую тэму, праходзіць упершыню. Таму, паўтаруся, адразу рабіць яго складаным мы не рызыкнулі і прапанавалі аб’екты рознай складанасці — на выбар.
Напрыклад, ратуша ў Магілёве разбурана цалкам, і ўзнавіць яе ў трох- ці дзвюхмернай прасторы будзе нялёгкай задачай. Хацелася б, каб удзельнікі конкурсу ўзнавілі аб’екты такімі, якімі яны былі на самой справе, у рэальнасці, з гістарычнай дакладнасцю, аднак цікава будзе пабачыць і фантазійныя вынікі.
— Так-так, бо адна з задач, — кажа Дзмітрый Іваноў, — якія мы паставілі перад удзельнікамі, — гэта і творчае бачанне аб’екта. Таму запрашаем моладзь і ўсіх жадаючых паспрабаваць уявіць, у якім выглядзе і ў якім асяроддзі існаваў аб’ект у тым ці іншым стагоддзі. Мабыць, нехта захоча змадэляваць тып насельнікаў і наваколля, аднавіць гістарычную падзею, скажам — бітву побач з гэтым будынкам. Не менш важным у ацэнцы мадэлі будзе падыход удзельніка да кампазіцыі, яе колеравае, асяродкавае рашэнне. Мы заклікаем не толькі звярнуцца да спадчыны, а і творча зірнуць на нашы помнікі, адшукаць нейкае новае рашэнне.
Дзе ж узяць дакументы, неабходныя для таго, каб дакладна змадэляваць архітэктурны аб’ект, у якіх кнігах зручней шукаць інфармацыю? Такія пытанні ўзнікаюць ва ўдзельнікаў конкурсу. Сёй-той ажно панікуе: маўляў, гэта ж цэлая навуковая праца!
Арганізатары конкурсу супакойваюць: каб пачаць працу, дастаткова валодаць толькі веданнем працэсу малявання ці мадэлявання, а інфармацыю пра аб’ект можна знайсці ў неабходным аб’ёме на самім сайце.
Канешне, толькі на карысць пойдзе і рэальны выезд на прыроду, да помніка, каб даследаваць яго з розных ракурсаў, адчуць яго ауру, — да прыкладу, тых жа Мірскага замка, царквы ў Сынкавічах, Каложскай царквы, Рэфарматарскага храма ў Заслаўі, Белай вежы ў Камянцы, Замкавай вежы ў Нясвіжы, Лямуса манастыра брыгітак у Гродне, знішчанай ратушы ў Магілёве. Менавіта яны ўзяты для першага конкурсу.
Некаторыя патэнцыяльныя ўдзельнікі задаюць арганізатарам слушнае пытанне: а ці не хочаце вы за адно толькі “дзякуй” атрымаць нашы работы, каб потым іх нейкім чынам выкарыстаць у сваіх мэтах? Што ж, менавіта такую мэту і ставяць аўтары праекта, але з папраўкай на бескарыслівасць і некамерцыйнасць. Справа ў тым, што яны мараць стварыць інтэрнет-партал, які б стаў банкам даных гісторыка-культурных помнікаў Беларусі, дзе любы ахвотны мог бы паглядзець той ці іншы аб’ект нашай спадчыны. А самае галоўнае, што калі ўжо ёсць зробленая мадэль, з ёй, як тлумачаць аўтары праекта, можна рабіць што заўгодна: выкарыстоўваць у відэароліку, кліпе, анімацыі, сацыяльнай рэкламе і г. д. Думаецца, гэтым маглі б зацікавіцца рэкламісты, турагенцтвы, аніматары і падтрымаць ідэю праекта, у тым ліку — і фінансава. Тут, натуральна, узнікае і пытанне аўтарскіх правоў на аб’ёмную мадэль, што арганізатары павінны абсалютна дакладна прапісаць ва ўмовах конкурсу.
З цягам часу арганізатары праекта, безумоўна, зробяць гэта, выправяць недакладнасці і выяўленыя па ходзе памылкі. Аднак галоўнае тое, што энтузіясты гэтай справы ёсць і што арыентаваны яны, скажам без лішняй сціпласці, на дзяржаўныя прыярытэты, і гэта варта пахвалы і падтрымкі…
А задума пра базу даных у 3D-варыянце — не мяжа мараў.
— Мы думаем пра тое, — расказвае С.Ганчарова, — што прыйдзе час, і ў якім-небудзь музеі з’явіцца камп’ютэрная зала, дзе можна будзе паглядзець у аб’ёме ўсе нашы значныя гісторыка-культурныя аб’екты, — як гэта робіцца ў музеях на Захадзе. Конкурсныя мадэлі можна будзе выкарыстоўваць і ў час гарадскіх свят, на лазерных шоу, якія бываюць і ў Мінску, і ў некаторых райцэнтрах, калі на небе па зададзенай мадэлі можна “намаляваць” лазерным промнем выяву. А можна зрабіць і цэлае віртуальнае падарожжа па мясцінах і помніках Беларусі. Гэта ўсё вельмі цікава, аднак не будзем забягаць так далёка наперад і паглядзім, як пройдзе хаця б першы конкурс.

Тэму даследавала
Святлана ЖУРАЎСКАЯ