“Belart.by”: нястача святла?

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва — выстаўка “Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі”.

Галоўным прынцыпам пабудовы экспазіцыі арганізатары абралі не энцыклапедычны агляд тэндэнцый і кірункаў, а структурызацыю новага культурнага поля, спрыяльнага для творчай самарэалізацыі.
/i/content/pi/cult/389/7763/8-2.jpeg

Распачынаюць экспазіцыю арт-аб'екты Жаны Грак і Віктара Чулакова. У зале на першым паверсе выстаўлены творы жывапісу і скульптуры. Кідаюцца ў вочы дзве выяўленчыя тэндэнцыі. Першая — канцэптуалізм Руслана Вашкевіча, Андрэя Савіча, Аляксандра Некрашэвіча, Таццяны Кандраценка. Другая — рэалізм з ухілам у філасафічнасць, прадстаўлены творамі Аляксандра Камянца, Тамары Шэлест, Таццяны Грыневіч, Зоі Луцэвіч.

Цалкам жа прэзентацыя ўяўляе сабой прыклад трансфармацыі класічных традыцый нацыянальнай школы ў прыярытэтныя сёння дэкаратыўна спрошчаныя формы. Мяркую, творы “Чырвоны дух” Ларысы Макатун і “Нацюрморт з залатым сталом” Уладзіміра Клімушкі — выразны прыклад гэтай трансфармацыі ў каларыстычным аспекце. Аўтары дэманструюць уласцівае “старым майстрам” і даволі рэдкае на сённяшні дзень майстэрства дасягнення эфекту ззяння колеру (у дадзеных выпадках — залатога і чырвонага).

/i/content/pi/cult/389/7763/8-3.jpeg

Пластыцы, прынамсі таму яе сегменту, што прадстаўлены на гэтай выстаўцы, уласціва апора на грунт акадэмічнага майстэрства, нават калі гаворка ідзе пра пошук новых пластычных і сюжэтна-тэматычных рашэнняў. Вечныя для сусветнага мастацтва тэмы ўвасабляюцца ў формах падкрэслена брутальных. Гэта “Атланты” Канстанціна Селіханава, “Партрэт маладога чалавека” Юрыя Анушкі, “Тая, якая плыве” Алега Варвашэні. А вось “Sacramentum” Вольгі Орсік прадстаўляе жанчыну ў многіх іпастасях. Дэталізацыя аддадзена ў ахвяру выразнасці абагульненай формы.

На другім паверсе музея прадстаўлены графічныя творы Ганны Ціханавай, Таццяны Радзівілка, Юрыя Якавенкі, Рамана Сустава, Сафіі Піскун, Анастасіі Дунец. Відавочна віртуознае валоданне разнастайнымі тэхнікамі: літаграфія, афорт, медзярыт…. Творы маладых графікаў адметныя найперш аналітычнасцю і цікавасцю да нацыянальнай гісторыі.

/i/content/pi/cult/389/7763/8-4.jpeg

Ад аднаго з наведвальнікаў выстаўкі, які не прапускае вернісажаў у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, я пачула: “Люблю назіраць за творчасцю маладых. Прыемна пазнавальныя мастакі, якія ўжо сталі імёнамі ў беларускім мастацтве і зарабілі права быць сабой — Руслан Вашкевіч, Андрэй Савіч, Аляксандр Некрашэвіч. Але стаўка на тэхніцызм, змрочныя колеры — гэта не маё. Мяне захапляе прафесіяналізм, уменне дасканала перадаць рэалістычны вобраз і светлыя тоны”.

Сапраўды, часам здаецца, што сучасныя мастакі шкадуюць светлых фарбаў.

Ганна КОНАНАВА-ГРЫГАЛЕЦ

На здымках: Ж.Грак. "Трансформер"; В.Чулакоў. "Вавілонская вежа"; Г.Ціханава. "Канатаходцы";  фрагмент экспазіцыі выстаўкі "Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі".