Сядзібная культура Беларусі: частка працы кожнага рэгіёна

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Кожны шукае сваю музыку і, адпаведна, сваю залу. Камусьці бліжэй стадыён, каб адчуць сябе ў натоўпе гэткіх жа фанаў, камусьці — філармонія з яе строгай і адначасова ўзнёсла-высакароднай атрыбутыкай. А камусьці — атмасфера хатняга салона: цалкам элітарнага ці больш дэмакратычнага, але з тым адценнем інтымнасці, што “перакладаецца” як “зроблена асабіста для мяне”. Толькі дзе ж знайсці на Беларусі тыя “музычныя салоны”? І ці патрэбны яны сёння?

 /i/content/pi/cult/135/776/Socium-44.jpg
Адказ на апошняе пытанне можа быць толькі станоўчы: патрэбны, ды яшчэ як! Найперш, у невялікіх населеных пунктах, у тых жа аграгарадках, дзе пакуль бракуе канцэртных пляцовак. Навошта там зала на 3000 месцаў, калі ўсіх жыхароў, улічваючы немаўлят, удвая менш?
Ды ўсё ж справа не толькі ў колькасных паказчыках, але і ў законах успрыняцця музыкі: камерная зала не проста малая паводле памераў, яна стварае тую ўтульнасць інтэр’ера, што так пасуе “ўтульнай” салоннай музыцы. Дый іншыя творы ў такой атмасферы ўспрымаюцца звернутымі быццам не да ўсіх прысутных, а асабіста да цябе і, дакладней, да тваёй уласнай душы. Менавіта такі “асабовы падыход” пястуе чалавечую індывідуальнасць, павышае адчуванне ўласнай значнасці. І тым самым выхоўвае прагу да музычнай класікі.
Нарэшце, невялікія залы проста неабходны для авангарднага мастацтва, для першых спроб творчай моладзі, для зацікаўленых абмеркаванняў новых і, тым больш, спрэчных твораў.
Дадатковым сведчаннем запатрабаванасці невялікіх канцэртных памяшканняў стала і нядаўна адкрытая ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі Малая зала імя Рыгора Шырмы, дзе выступленні адбываліся ледзь не часцей, чым у Вялікай, і дзейнасць філарманічнай “Музычнай гасцёўні”, і нядаўна замацаваная практыка аздаблення музыкай фае і залаў тых ці іншых музеяў.
Даказаўшы, такім чынам, патрэбу грамадства ў музычнай асалодзе не для ўсіх, але і для кожнага, паспрабуем тыя камерныя залы пашукаць не ў сталіцы і іншых цэнтрах, а па ўсёй краіне. Як ні дзіўна, але знойдзем мы іх — у гістарычным мінулым. У тых старасвецкіх сядзібах, колькасць якіх на Беларусі ХІХ стагоддзя налічвала амаль дзве сотні. Некалькі гадоў таму Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКО быў выдадзены каталог сядзіб, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Там сабраны звесткі пра 175 такіх асяродкаў культуры нашай мінуўшчыны. Уражвае?
Вядома, многія з іх разбураны ўшчэнт, ад іншых засталіся хіба руіны. Але для аднаўлення тых, што захаваліся, апошнім часам робіцца столькі, як ніколі раней. Зразумела, у гэтым кірунку яшчэ працавацьды працаваць, ды плён відавочны! І самае галоўнае, мабыць, тое, што адноўленыя маёнткі пачынаюць выкарыстоўвацца па сваім прамым прызначэнні: не ў якасці гаспадарчыхаб’ектаў, а як сацыяльна-культурныя, музейныя ўстановы. Значыць, і для музыкі там павінна знайсціся годнае месца.
Цікавы і наступны аспект. Выдадзеная разам з каталогам карта Беларусі, дзе пазначаны былыя сядзібы, дае цудоўны зрэз “размеркаванасці” музычна-культурнага жыцця. Прычым не толькі мінуўшчыны, што абсалютна натуральна, а шмат у чым і цяперашняга стану. Бо традыцыі ў культуры — вялікая рэч. Сядзібы ХІХ стагоддзя сталі астраўкамі, дзе ва ўмовах Расійскай імперыі захоўвалася шляхетнасць як напамін пра веліч былых беларускіх магнатаў. Збяднелыя родавыя маёнткі не маглі ўтрымліваць, як у ХVІІІ стагоддзі, шыкоўныя капэлы, аркестры ды прыватнаўласніцкія оперныя тэатры, дзе навучаннем прыгонных артыстаў займаліся запрошаныя замежныя зоркі. Але з-за адсутнасці грошай музіцыраванне не знікла — яно стала больш камерным, “хатнім”. Тыя беларускія сядзібныя “салоны” вельмі адрозніваліся ад парыжскіх і пецярбургскіх. Замест канцэртнай віртуознасці, што па плячы толькі рэдкім музыкантам-прафесіяналам, тут квітнела дасведчанае аматарства — той стан душы, калі штосьці робіцца, паводле старога анекдота, менавіта “як для сябе, а не як для людзей”: шчыра, ад усяго сэрца, без падману. Музіцыравалі самі гаспадары сядзіб і іх госці, уяўляючы гэткае баўленне часу лепшым падарункам да імянінаў ці іншых святаў.
На жаль, у савецкі час, калі музычнае мастацтва, як і іншыя сферы культуры і гаспадаркі, імкнулася быць “паперадзе планеты ўсёй”, тыя традыцыі высокага аматарства былі страчаны. Складзеная сістэма музычнай адукацыі была накіравана на падрыхтоўку прафесіяналаў: па іх колькасці вымяралі “рэнтабельнасць” працы, а сама сістэма працавала паводле прынцыпу “адбор і адсеў” (адбор найбольш адораных і паступовае, паэтапнае выбыванне найменш уседлівых, бо музычная падрыхтоўка на 90 працэнтаў, калі не болей, складаецца са штодзённай карпатлівай, часта руціннай, працы). І што ў выніку? Многія нашы прафесіяналы складаюць гонар не толькі нацыі, але і ўсяго свету. У той жа час, нашы канцэртныя залы запаўняюцца не столькі публікай, колькі… тымі ж прафесіяналамі, якія прыходзяць паслухаць сваіх калег. І зрушыць гэтую праблему можна, толькі ўзрасціўшы і выпеставаўшы сапраўднае музычнае аматарства — не тое, што ганарліва адпіхвае прафесіяналаў, не адчуваючы розніцы паміж “здабываннем гуку” і недасягальнай гульнёй тэмбравых адценняў, а тое, што разумее шляхетнасць як сінонім інтэлігентнасці і культуры.
Менавіта гэта меў на ўвазе народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, калі ў пачатку 1990-х гадоў пачынаў ладзіць фестывалі камернай музыкі ў малых гарадах Беларусі. Вось толькі праходзілі (дый зараз праходзяць) яны звычайна ў мясцовых дамах культуры, залах школ мастацтваў, а не ўласна ў тых сценах, дзе гучала музыка два стагоддзі таму.Як вярнуць музыку ў “намоленыя” ёй самой залы? Гэтай праблематыцы быў прысвечаны нядаўні музычны фестываль “Музыка старасвецкіх сядзіб Беларусі”, які прайшоў у Мінску, Заслаўі і Паставах. Аб важнасці пастаўленых і абмеркаваных на ім пытанняў сведчыць ужо пералік тых устаноў, што займаліся арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемства: Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальная камісія РБ па справах ЮНЕСКО, Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Беларускі фонд культуры. Сярод удзельнікаў свята былі не толькі беларускія навукоўцы, музыканты і практыкі музейнай справы, але і прадстаўнікі Расіі, Украіны, якія падзяліліся сваім вопытам і, у сваю чаргу, падзівіліся на нашы здабыткі.
Уразілі гасцей і экскурсійныя, і разнастайныя канцэртна-тэатральныя праграмы з удзелам ансамбля “Класік-Авангард”, салістаў і выбітных студэнцкіх калектываў; і выстаўка, зладжаная Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, і экспазіцыя беларускіх народных інструментаў у Заслаўі (там сабрана таксама інфармацыя пра народных музыкантаў, можна паслухаць іх запісы); і тое, як адноўлены Палац Тызенгауза ў Паставах.
Ды ўсё ж самай, бадай, важкай часткай фестывалю стаўся “круглы стол” “Музычная культура старасвецкіх сядзіб. Праблемы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі”. Вольга Веліканава, загадчыца філіяла Шарамецеўскага палаца ў СанктПецярбургу, расказала, што ў іх ладзяцца не толькі экскурсіі з відэапаказам, але і канцэрты — як старадаўняй музыкі, так і сучаснай, прычым бясплатна. Праводзяцца самыя разнастайныя выстаўкі і фотавыстаўкі, у тым ліку прысвечаныя балетнаму мастацтву. У выніку Фантанны дом графаў Шарамецевых стаў не проста музеем, а, па сутнасці, элітным мастацкім цэнтрам.
Шмат карыснага можна было пачэрпнуць і з выступлення Лідзіі Нікалаевай, загадчыцы Мемарыяльнага музея-запаведніка М.Л. Мусаргскага, што на поўдні Пскоўшчыны. Яго мерапрыемствы накіраваны на розныя катэгорыі насельніцтва — ад дашкольнікаў да падлеткаў і пенсіянераў. Для малых там ладзіцца інтэрактыўная дзея “Раскажы мне, нянечка”, якую вядзе ўласна “няня” вялікага кампазітара: расказвае пра свайго падапечнага, знаёміць з героямі яго твораў (тут “ажываюць” персанажы “Карцінак з выстаўкі”, паказваюцца оперныя відэазапісы). Дзеці і самі могуць разыграць сцэнкі, пагутарыць з “сялянамі”, якія асабіста ведалі свайго гаспадара.
Старэйшыя ж могуць узяць удзел у фальклорна-тэатралізаванай экскурсіі: апрануцца ў народныя строі, пайграць на музычных інструментах, развучыць фальклорныя песні, танцы, самастойна зрабіць гліняную міску і г. д.
Падобны вопыт, калі музыка і не толькі прафесійнае, але і аматарскае музіцыраванне становяцца неад’емнай часткай турыстычнага маршруту, назапашваецца і на Беларусі, пра што расказвалі нашы шматлікія выступоўцы. Але справа гэтая яшчэ толькі пачынаецца, і далёка не ўсе рэзервы адраджэння сядзібнай культуры вычарпаны. Як зазначыла кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай, “адным са шляхоў адраджэння сядзібнай музычнай культуры Беларусі павінна стаць распаўсюджванне адпаведнага рэпертуару сярод настаўнікаў і, магчыма, навучэнцаў музыкі нашых малых гарадоў і складанне канцэртных праграм, якія маглі б прадставіць гэтую культуру”. Яна прапанавала выдаць зборнік “Музыка беларускага салона”, які мог бы дапамагчы ў засваенні адпаведнага рэпертуару: “Большасць твораў, што гучалі ў сядзібах,музычных гасцёўнях і салонах ХІХ стагоддзя, прызначаліся, пераважна, для аматараў музыкі, нярэдка і пісаліся самімі аматарамі, таму з’яўляюцца тэхнічна даступнымі і могуць скласці аснову невялікіх канцэртаў. Такія канцэрты можна было б уключаць у турыстычныя праграмы, яны маглі б гучаць і на разнастайных фэстах у мястэчках. Яны б маглі таксама суправаджацца адпаведнымі каментарыямі-аповедамі пра гісторыю сядзіб і іх гаспадароў і такім чынам ператварацца ў музычна-гістарычныя “візітоўкі” нашых малых гарадоў”.
Шмат для гэтага ўжо зроблена. “Беларускай капэлай” на чале з Віктарам Скорабагатавым, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры выдадзена нямала нотных зборнікаў (на жаль, невялікімі тыражамі). Падчас самога фестывалю “Музыка старасвецкіх сядзіб Беларусі” былі прэзентаваны два кампакт-дыскі “Музыка Беларусі ХІХ стагоддзя”, выдадзеныя па ініцыятыве старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО ў Беларусі Уладзіміра Шчаснага. Ён прапанаваў таксама стварыць музейны фонд “Музыка сядзібнай Беларусі”. На яго думку, разнастайныя музейна-музычныя акцыі павінны стаць часткай паўсядзённага жыцця, трывала ўвайсці ў побыт кожнага мястэчка. На дадзеным этапе вельмі важна, падкрэсліў У.Шчасны, “каб дзейнасць па адраджэнні сядзібнай культуры стала часткай працы кожнага рэгіёна”, каб у гэтым былі зацікаўлены мясцовыя ўлады. Толькі тады дзяржаўныя праграмы (не толькі па захаванні культурнай спадчыны, але і, між іншым, па адраджэнні сяла) інтэгруюць у асабовую прастору кожнага чалавека.

Надзея БУНЦЭВІЧ