Восьмы полк Дамініка Радзівіла

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Заражаны ў Нясвіжы “рыцарскім духам продкаў”

/i/content/pi/cult/389/7758/14-2.jpegЭпоха Рамантызму з уласцівай ёй вытанчанасцю пачуццяў распачалася ў Еўропе ў апошнія гады ХVІІІ стагоддзя, аднак найбольш яркія яе прадстаўнікі жылі ў ХІХ стагоддзі. Яны аб’ядноўвалі ў сваім характары дзве зусім, здаецца, палярныя рысы — летуценнасць і самаадданасць. Адным з такіх рамантыкаў быў і князь Дамінік Геранім Радзівіл.

Апякун — Пане Каханку

Ён нарадзіўся 4 жніўня 1786 года ў сям’і ўладара Слуцка Гераніма Вінцэнта Радзівіла. І нараджэннем сваім ледзь не “развёў” бацькоў, стасункі якіх і да гэтага ўжо былі нацягнутымі. Маці Дамініка, нямецкая графіня Сафія Турн-унд-Таксіс, яшчэ перад нараджэннем сына стала захапляцца іншымі мужчынамі, а аднойчы нават збегла з цымбалістам-чэхам. Геранім Вінцэнт здолеў дагнаць уцекачоў ужо за мяжой. Пасля доўгіх угавораў сваякам удалася прымірыць сужэнцаў. Аднак, цяпер у мужа былі ўсе падставы для рэўнасці. Нараджэнне дзіцяці праз два гады пасля гісторыі з уцёкамі выклікала новую хвалю падазрэнняў. Князь пачаў патрабаваць разводу, але раптоўна памёр.

Бліжэйшы родзіч нябожчыка, яго старэйшы брат Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку, узяўся апекаваць удаву і немаўля-пляменніка. Ён зрабіў усё, каб паводзіны графіні не заплямілі гонару роду Радзівілаў і не перакрэслілі будучыню Дамініка. Аднак Пане Каханку памёр у 1790 годзе, а апека перайшла да іншага родзіча — аматара мастацтваў, кампазітара і драматурга князя Мацея Радзівіла.

Між іншым, пасля смерці бацькі і дзядзькі, хлопчык стаў спадчыннікам вялізнай зямельнай маёмасці. Гарады, сотні вёсак, мноства маёнткаў. І такія вялікія, як Нясвіж, Слуцк, Мір, і маленькія, як Радзівілімонты пад Клецкам. Каб годна кіраваць гэтым, патрабавалася адпаведнае выхаванне з ухілам на патрыятызм. Мацей Радзівіл пачаў з таго, што запрасіў у якасці настаўніка ў Нясвіж вядомага паэта Францішка Карпінскага. Аднак чарговы апякун у 1793-м, прыняўшы ўдзел у паўстанні Касцюшкі, страціў, разам з іншымі прывілеямі, і права апекі над Дамінікам. У выніку, графіня Турн-унд-Таксіс, княгіня Радзівіл, пад час паўстання збегла з сынам і каханкам за мяжу ў Галіцыю.

Камергер імператара ў “малым Парыжы”

/i/content/pi/cult/389/7758/14-1.jpeg

Трохі пасталеўшы, Радзівіл патрапіў у “нядобрую”, як многія казалі, кампанію Юзафа Панятоўскага, родзіча апошняга караля Рэчы Паспалітай. Менавіта ён карэнным чынам паўплываў на светапогляд Дамініка, які стаў марыць пра аднаўленне вялікай у свой час дзяржавы, што магло стаць магчымым толькі пры вялікім уплыве ў грамадстве і багацці. Большасць жа спадчынных земляў яго знаходзілася на тэрыторыях, якія ў той час належалі Расійскай імперыі. Сярод іх — Нясвіж, родавае гняздо, цэнтр ардынацыі. Таму па дасягненні паўналецця, у ліпені 1804-га, Дамінік, не раздумваючы, выязджае ў Вільню, дзе прыносіць прысягу генерал-губернатару, пасля чаго накіроўваецца ў Пецярбург. Яго прымае сам імператар Аляксандр І, надае тытул камергера і абавязвае дэпартамент суда заняцца справамі яго маёмасці.

Пасля вяртання Дамініка ў Нясвіж у ліпені 1805 года, горад нібыта ажыў. Малады князь усур’ёз заняўся аднаўленнем палаца, які пасля смерці Пане Каханку ніколі не рамантаваўся, і добраўпарадкаваннем горада. Узвёў гандлёвыя рады, пабудаваў паштовую станцыю. Да нясвіжскага гаспадара пачалі імкнуцца купцы, рамеснікі, іншаземныя банкіры. Як некалі яго дзед і бабуля — Міхал Казімір і Францішка Уршуля — захапіўся Дамінік Геранім “тэатральнымі і опернымі прадстаўленнямі”, адрадзіў занядбаны Нясвіжскі тэатр. Горад пачалі называць “малой Варшавай” і нават “малым Парыжам”.

Аднак, не ўсе забавы маладога Радзівіла былі такімі бяскрыўднымі. План “выратавання” Дамініка падаваўся лёгкім — ажаніць яго! Аднак шлюб па разліку, арганізаваны яго сваякамі, не стаў шчаслівым. А таму невыпадковым стала раптоўнае каханне да шляхцянкі Тэафіліі Старжэнскай і яе выкраданне з-пад вянца. Закаханыя пасяліліся ў Аўстрыі і амаль адразу распачалі справы па скасаванні сваіх шлюбаў, патраціўшы на гэта два гады і два мільёны злотых. За гэты час у Тэафіліі і Дамініка Гераніма нарадзілася пазашлюбнае дзіця Аляксандр. Вянчанне ж Тэафіліі і Дамініка адбылося толькі пасля іх вяртання на радзіму 15 сакавіка 1809 года ў касцёле Святога Духа ў Нясвіжы. Аднак нядоўга працягвалася сямейнае шчасце...

(Заканчэнне будзе.)

Мікола БАГАДЗЯЖ, Ірына МАСЛЯНІЦЫНА

На ілюстрацыях: рэпрадукцыя замалёўкі бітвы ля Віцебска; партрэт Дамініка Гераніма Радзвіла.