2 жніўня Вілейскі краязнаўчы музей святкаваў 30-годдзе. У гэты дзень тут сабраліся цяперашнія ды колішнія супрацоўнікі, дырэктары, іх калегі з Лагойска і Маладзечна, віляйчане… З нагоды круглай даты задаём колькі пытанняў дырэктару ўстановы Сяргею ГАНЧАРУ.
— Сяргей Мікалаевіч, з чаго ж пачалася гісторыя музея?
— 30 ліпеня 1982 года Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі прыняў Пастанову аб стварэнні Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музея. 7 мая 1985 года адкрылася першая экспазіцыя, якая адлюстравала гісторыю раёна ад дарэвалюцыйнага мінулага да савецкага перыяду.
Музей актыўна развіваўся, ішоў збор экспанатаў, дакументаў, праходзілі сотні экскурсій. З 1993 года пачынае дзейнічаць новая экспазіцыя. На сёння нашы фонды налічваюць больш за 21 тысячу прадметаў.
— А што ёсць адметнага?
— Сярод унікальных экспанатаў — крамянёвыя прылады працы і фрагменты керамікі эпохі неаліту, жаночыя ўпрыгожанні X — XI стагоддзяў, Касцяневіцкі манетны скарб XVII стагоддзя, матэрыялы экспедыцыі Канстанціна Тышкевіча па Віліі ў 1857 годзе… А самы першы музейны экспанат — выпіска з кнігі віленскага натарыяльнага архіва па Вілейскім павеце.
— Як плануеце адзначыць дзень нараджэння музея?
— Самае галоўнае — выстаўка “Вілейскі музей — 30 гадоў гісторыі”. Будзе прэзентацыя і старых, і новых калекцый. Плануецца прагляд фільма, які ўключае ўспаміны былых музейных кіраўнікоў і супрацоўнікаў. Спецыяльна да юбілею выпускаецца буклет.
— Што запланавалі на будучыню?
— Ужо ёсць праект капітальнага рамонту. У планах — стварыць новую экспазіцыю. Пачне дзейнічаць сайт музея, распрацаваны калегамі з Літвы.
Аляксандра КАСКЕВІЧ