А ці іграў на скрыпцы Колас?

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

У экспазіцыі Коласаўскага музея, які месціцца ў самым цэнтры Акадэмічнага гарадка, увагу прыцягвае старая скрыпачка, побач з якой на сцяне вісіць тонкі смык. Адразу прыгадваюцца знакамітая паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка” і яе юныя героі Сымон і Ганна, што паўсталі ў бронзе ў вядомай скульптурнай кампазіцыі Заіра Азгура на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Міжволі і маё першае пытанне да суразмоўцы — сына Якуба Коласа, доктара тэхнічных навук Міхася МІЦКЕВІЧА — было такое: А ці іграў на скрыпцы Колас?

 /i/content/pi/cult/135/775/Ci-igrau-na-skrypcy1.jpg

Міхась Міцкевіч.

— А ці іграў на скрыпцы сам паэт?
— Бацька, як вы ведаеце, скончыў настаўніцкую семінарыю. А семінарыстаў вучылі іграць на скрыпцы, — распавядае Міхась Канстанцінавіч. — Семінарысты павінны былі ведаць асновы музыкі, паколькі і спевы ў школе выкладаліся. Колас умеў іграць, праўда, не вельмі, я б сказаў, шыкоўна. Але простыя песні граў, а таксама польку, “Лявоніху”. З дзіцячых гадоў памятаю, як бацька іграў, падпяваў: “Пасадзіла стара баба на трох яйках гусака, сама выйшла на вуліцу і задала гапака...”. Яго маленькая скрыпачка вісела над ложкам, бацька браў яе і сёе-тое найграваў. Памятаю гэта з маленства, з тае пары, калі яшчэ не з’явіліся прыёмнікі. А вось Янка Маўр выдатна граў на скрыпцы. Ён іншую семінарыю канчаў, чым Колас, там таксама выкладалі музыку і, пэўна, лепш. Яго скрыпка і вісіць у музеі. Яна перайшла да мяне ад Янкі Маўра.
— А які лёс напаткаў Коласаву скрыпку?
— Коласаўскае ўсё згарэла падчас пажару ў вайну. Дома былі дзве скрыпкі — адна маленькая, другая выдатная, работы італьянскага майстра з неверагодна цудоўным гукам. Калі ўспыхнуў пажар, я іх не захапіў, выносячы ў спешцы рэчы з дому. І зараз вельмі шкадую. Гэта, канешне, каштоўнасць вельмі вялікая. А захапіў я, як папрасіў брат, яго стрэльбы. Увогуле, уцякалі, спяшаліся ўсе. Я захапіў толькі братавы стрэльбы і фотаапарат, які Колас прывёз нам, сынам, з Парыжа. Ён ездзіў у 1935 годзе туды на міжнародны антыфашысцкі кангрэс пісьменнікаў.У маладыя гады Колас іншы раз хадзіў у царкву паслухаць хор. Бо ў царкоўным хоры былі добрыя галасы, царкоўную музыку стваралі выдатныя кампазітары. Гэта не тое, што зараз гучыць з эстрады, дзе безгалосая “папса” запаланіла ўсё, дзе ні слоў, ні музыкі — нічога.
Пасля, калі наша сям’я набыла прыёмнік віленскага завода “Каланэль”, мы заслухоўваліся песнямі паўднёвых славян — выканаўцаў з Сафіі, Бялграда. Перадавалі тады народныя песні, якія зараз выціснуты з эфіру радыё, тэлебачання. Перадавалі выдатныя рамансы Гурылёва, Варламава, іншых. Там і словы, і музыка — можна ж было паслухаць! Часта гучалі песні ў выкананні Няжданавай і Казлоўскага, Петрусенкі. Гэта ж цуд! Музыку простую, асабліва народную, Колас любіў. У першым нумары за мінулы год часопіса “Роднае слова” надрукаваны мой артыкул аб тых песнях, якія спявалі ў нашым доме. Тады ж была самадзейнасць, можна сказаць, у кожнай хаце. У кожнай вёсцы былі свае аркестры, былі людзі, якія на скрыпачцы, на бубнах, на гармоніку выконвалі масу песень. Гэта, на жаль, зараз страчана. З’явіліся магнітафоны, прыёмнікі. І музіцыраванне такое, якое было ў старыя часы ў мястэчках, вёсках, адышло. Вельмі шкада. А што да паэзіі, дык у нашым доме збіраліся на пачатку 30-х гадоў маладыя паэты. Прыходзіў часта Янка Купала. Чыталі і абмяркоўвалі вершы маладых паэтаў. Колас чытаў свае творы. Яшчэ напрыканцы 20-х — у самым пачатку 30-х ладзіліся ў Саюзе пісьменнікаў “капуснікі”, дзе спявалі песні пісьменнікі, танчылі, агучвалі парадыйныя творы, прысвячэнні адзін аднаму. Жылі сапраўдным, паўнавартасным жыццём у сваім асяроддзі, што і згуртоўвала іх.
Пасля таго, як пачалі абвінавачваць пісьменнікаў Бог ведае ў чым, дык перасталі існаваць
 /i/content/pi/cult/135/775/Ci-igrau-na-skrypcy2.jpg
Якуб Колас, сыны Юрка (сярэдні),
Міхась (малодшы), Даніла (старэйшы),
жонка Марыя Дзмітрыеўна. Мінск, 1928 г.
вясёлыя “капуснікі”. Бацька расказваў, якія ладзіліся цікавыя вечарыны. І іх было нямала.
Ну а дома, да 1937 года, збіраліся людзі, чыталі вершы за шклянкай гарбаты. Тады не было такога, каб “захапляліся” выпіўкай. Было звычайнае, сапраўднае духоўнае жыццё.
— Вершы чыталіся за шклянкай гарбаты?..
— Акурат пад гарбату. Я вам скажу, калі з’яўляўся дзе-небудзь п’яны чалавек на вуліцы, дык дзеці пальцам паказвалі на яго і са здзіўленнем прамаўлялі: “П’яны, п’яны, п’яны...”.
— У асяродку вашага бацькі была высокая побытавая культура?..
— Жылі вельмі сціпла, але духоўнае жыццё было паўнацэнным. Калі ў 36 — 38 гадах збіралася ў нашым доме моладзь, дык гарэлку хлопцы хавалі ў другім пакоі. Культу алкагольных напояў не было. Дзесьці ў годзе 39-м, калі Анастас Мікаян стаў міністрам гандлю, ён выступіў са словамі: “Жыць стала лепей, жыць стала весялей — можна і выпіць”. Дзяржаве тады патрэбна было выкачваць грошы. І вось пачалося. А да гэтага ў нас карысталіся сваёй наліўкай, сваёй настойкай на вішнях, на чорных парэчках, ці яшчэ на якіх ягадах. Культу, прыхільнасці да моцных напояў не было, ён пасля пачаўся.
— І дзе ў вашым доме збіраліся госці? Дзе танчылі, спявалі?
— Разгарнуцца раней у танцах у многім не дазвалялі сацыяльныя ўмовы. Жылі ж вельмі цесна. Плошчы былі абмежаваныя. Але ў нашым доме быў адзін вялікі пакой. Гэта быў бацькоўскі кабінет на другім паверсе. Там іншым разам збіраліся студэнты. Сярэдні брат прасіў у бацькоў дазволу яго сябрам з курса сабрацца, каб адзначыць кастрычніцкія святы ці іншыя. Не часта, але збіраліся. І канешне, маці частавала ўсіх, чым магла, так, каб студэнты засталіся задаволеныя.
— А сам Колас? Ці прысутнічаў ён на такіх вечарынах?
— Не, не прысутнічаў. Лічыў, няхай моладзь без старэйшых бавіць час, не хацеў бянтэжыць гасцей.
 /i/content/pi/cult/135/775/Ci-igrau-na-skrypcy3.jpg
Якуб Колас з унукам Андрэем. 1954 г.
— Вернемся, калі ласка, да скрыпкі.
Колас іграў на ёй і ведаў, напэўна, стан душы Сымона-музыкі, які так цудоўна адлюстраваў у паэме...
— Бачыце, тут цяжка сказаць — так, альбо не. “Сымон-музыка”, хутчэй за ўсё, — вынік асэнсавання, абдумвання не аднаго дня. Бацька хацеў напісаць спачатку твор, як “Казку жыцця”. І ягоным лейтматывам павінна было стаць неразуменне простым народам сваіх геніяў.Колас шмат раздумваў над тым, як падаць гэтую ідэю, у якім выглядзе. Па сутнасці, пад Сымонам-музыкам праглядаецца паэт, які нясе слова і жар свайго сэрца людзям, уздымае іх. Сымон-музыка — гэта наогул творца. Гэта мастак, музыка, паэт. Адным словам, прадстаўнік носьбітаў духоўнасці. Насамрэч, паэма — аб высокай духоўнасці беларускага народа, яна прысвечана, можна сказаць, духу. “Сымон-музыка” — вынік вялікай творчай працы. Гэта не проста апісанне тых падзей, сведкамі якіх быў Якуб Колас. Аб іх лягчэй пісаць. Сымон-музыка — збіральны вобраз. І ў паэме адлюстравана тое, што адбывалася, калі геній, высокі творца кантактаваў з простым народам, з панамі. Паказана, як тыя ставяцца да такіх вось самародкаў.
— Міхась Канстанцінавіч, мінула шмат часу з дня смерці Якуба Коласа. Ці здараюцца зараз цікавыя знаходкі, звязаныя з яго творчасцю?
— У адзінаццатым нумары “Полымя” павінны выйсці вершы, якія праляжалі ў сямейным архіве пяцьдзесят гадоў. Вершаў таксама каля 50. Караценькіх, на медыцынскія тэмы.
Калі Колас ляжаў у бальніцы, дык дактарам пісаў прысвячэнні. Некалькі з іх — вядомыя, а бальшыня раней не друкавалася. Некалькі жартоўных твораў Коласа я аддаў у “Вожык”. Смяшынкі з хаты Коласа хутка выйдуць.
— А ці знаходзяцца новыя пісьмы Коласа, успаміны аб ім?
— Так. Знаходзяцца, і нямала, і пісьмаў, і ўспамінаў. Усплываюць новыя аспекты творчасці. Працы для даследчыкаў шмат. Шмат цікавых думак, выказванняў занатавана ў эпісталярнай Коласавай спадчыне, штосьці можа быць пракаменціравана, больш глыбока раскрыта для шырокага чытача. Скажам, яго выказванне ў адным з артыкулаў аб Аляксандры Пушкіне — проста цудоўнае! Ён кажа, што для яго значыць Пушкін. Пушкіністы могуць пазайздросціць такой выснове. Цікавыя яго выказванні пра многіх іншых пісьменнікаў. Гэтая яго спадчына яшчэ не даследавана. Яна можа паказаць стаўленне Коласа да мастацтва, у прыватнасці, да сваіх сабратоў па пяры. Трэба сказаць, ён вельмі глыбока ацэньваў творчасць таго ці іншага пісьменніка, іх асобныя творы.
— Вялікі дзякуй за цікавы расповед.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА
(Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.)