Інтэграваная бібліятэка: школьная ці публічная?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

24 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры і адукацыі. На парадак дня было вынесена адзінае, але надзённае пытанне — “Аб правядзенні эксперымента па аб’яднанні сельскіх публічных і школьных бібліятэк”. Натуральна, пасяджэнне мела спрэс “міжведамасны” характар, бо вынікі названага эксперымента падводзіліся на стыку інтарэсаў міністэрстваў культуры і адукацыі. Апрача прадстаўнікоў названых органаў дзяржаўнага кіравання ў пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнікі абласных упраўленняў і раённых аддзелаў як культуры, так і адукацыі.

Міністр культуры Павел Латушка нагадаў, што эксперымент ладзіцца ў адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка мінулага года. Неабходнасць яго звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй, з міграцыйнымі працэсамі. Але аптымізацыя сельскай сеткі бібліятэчных устаноў ніякім чынам не павінна паўплываць на развіццё бібліятэчнай справы, на даступнасць якаснага бібліятэчнага абслугоўвання.

На сяле, падкрэсліў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, дзейнічае 82 працэнты публічных бібліятэк. Але за апошнія дзесяць гадоў кожную чацвёртую з іх прыйшлося зачыніць па вышэйназваных прычынах. Адсюль — і патрэба бібліятэчнай інтэграцыі. У эксперыменце прынялі ўдзел 124 установы (62 — публічныя, столькі ж — школьных) з 62 паселішч усіх абласцей. Пры выбары ведамаснай падпарадкаванасці аб’яднанай установы ў большасці выпадкаў была вызначана сфера культуры, а не адукацыі. У тым ліку і па той прычыне, што сённяшні сацыяльны дзяржстандарт прадугледжвае наяўнасць у кожным аграгарадку не менш чым адной публічнай бібліятэкі.

У ходзе эксперымента было выпрацавана некалькі схем аб’яднання. На базе арганізацый культуры размешчана 46 аб’яднаных устаноў, 18 — у будынках, што знаходзяцца на балансе аддзелаў адукацыі. Дзве аб’яднаныя бібліятэкі дзейнічаюць у будынках сельсавета і КБА… У большасці выпадкаў пры інтэграцыі ўлічваліся мясцовыя асаблівасці. Але было б памылковым сцвярджаць, што эксперымент прайшоў паўсюль гладка. У Баранавіцкім раёне, як было адзначана, ён меў збольшага ўмоўны характар: скараціліся стаўкі работнікаў, і школьная бібліятэка пачала працаваць да паўдня, а публічная — у пасляабедзенны час. Пасля гэтага апошнюю ніяк не назавеш агульнадаступнай…

Сярод недахопаў аб’яднання называлася і тое, што толькі 38 працэнтаў інтэграваных устаноў камп’ютарызаваны, 26 працэнтаў маюць выхад у Інтэрнэт… Далейшае функцыянаванне інтэграваных устаноў, заўважыў Тадэуш Стружэцкі, будзе залежаць ад ініцыятыўнасці і распарадчасці мясцовых улад.

Намеснік міністра адукацыі Васіль Будкевіч заўважыў, што эксперымент пацвердзіў: у вёсках, дзе больш за 400 жыхароў і прагназуецца рост навучэнцаў, — аб’яднанне немэтазгоднае. А адна з галоўных праблем звязана з крыніцамі фінансавання інтэграваных устаноў. Гэта будуць сродкі культуры ці адукацыі? Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў зазначыў, што эканамічны эфект ад скарачэння састарэлых будынкаў чакаецца за год у памеры 32-х мільёнаў рублёў. Значна пашырыліся кніжныя фонды, павялічылася колькасць перыядычных выданняў. Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Чоўжык казала пра тое, што ў школьных і публічных бібліятэках розныя і крыніцы папаўнення фондаў, і бюджэты. На гэта першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук заўважыў, што аддзелы адукацыі і культуры быццам бы розныя, але райвыканкам — адзіны, і фінансісты ў ім — агульныя. Вось на гэтым прынцыпе агульнасці інтарэсаў і варта вырашаць пытанне…

Дыскусію працягнула начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама Галіна Караткова, якая казала пра тое, што прафесійны ўзровень бібліятэкараў галіны культуры — больш высокі ў параўнанні са школамі, дзе ў бібліятэках часта працуюць філолагі. І камп’ютарнае забеспячэнне ва ўстановах культуры — лепшае. Не маюць школьныя ўстановы і такой адладжанай цэнтралізацыі, як у публічных…

Начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Уладзімір Дубок наракаў на тое, што эксперымент у сістэме адукацыі (у адрозненне ад галіны культуры) прыпаў на канец навучальнага года і пачатак вакацый. Маўляў, малавата пакуль інфармацыі для канчатковага аналізу і прыняцця праграмнага рашэння. Пра перагляд сацыяльных стандартаў гаварыў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Аб’яднанне бібліятэк, казаў ён, варта весці не толькі ў маланаселеных вёсках, але і ў пэўных аграгарадках, дзе сродкаў на якасны рамонт школы хапіла, а на ўстанову культуры — не. Пра карысць аб’яднання са школьнай бібліятэкай на базе апошняй казала дырэктар Барысаўскай ЦРБ Галіна Слесарэнка…

Словам, колькі было выступаючых, столькі і меркаванняў. І такая “стракатасць” у высновах — доказ не толькі таго, што праблема патрабуе надзвычай прадуманага ды ўзважанага рашэння, але яшчэ і таго, што літаральна ў кожнай вёсцы далейшая бібліятэчная інтэграцыя запатрабуе задавальнення менавіта мясцовых інтарэсаў. А вось той факт, што аб’яднанне сельскіх бібліятэк будзе працягнута і надалей, сумненняў не выклікае. З часам скарачаецца колькасць публічных устаноў. У бягучым годзе, па словах міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, зачынена і 14 школьных бібліятэк. Таму, па словах кіраўніка Міністэрства адукацыі, патрэбны новыя нарматывы абслугоўвання насельніцтва. А намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша дадаў пры гэтым, што пад увагу неабходна браць не колькасць жыхароў паселішча, дзе будзе працаваць аб’яднаная бібліятэка, а колькасць чытачоў у зоне абслугоўвання той бібліятэкі.

Больш важнымі, словам, падаліся не пытанні тэрміналогіі (да прыкладу, ці можна называць публічнай бібліятэку, што ў выніку інтэграцыі працуе ў школьным будынку?), а сам прынцып аб’яднання і ягоныя звышзадачы. І зусім невыпадкова напрыканцы пасяджэння міністр культуры Павел Латушка яшчэ раз падкрэсліў, што эканамічны эфект ад аб’яднання публічных і школьных бібліятэк на сяле — не мэта, а вынік. Галоўная ж сутнасць інтэграцыі — працяг сістэмнай, маштабнай бібліятэчнай працы з вясковым насельніцтвам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"