“Крок наперад” у новы “Мір”

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Як паведамляе КУП “Гомелькінавідэапракат”, 2 жніўня адбудзецца адкрыццё абноўленага кінатэатра “Мір” у Гомелі.

На першы кінапрагляд запрашаюць дырэктараў раённых кінавідэапрадпрыемстваў і кіраўнікоў абласных кінавідэапракатаў. Першым фільмам, які пакажуць у адноўленым кінатэатры, стане музычны “Крок наперад-4” у фармаце 3D. Ужо з першых дзён пасля адкрыцця кінатэатр будзе радаваць сусветнымі прэм’ерамі, маладзёжнымі хітамі і блокбастарамі, а таксама самым папулярным сямейным кіно... Да і ўвогуле, абноўлены кінатэатр абяцае быць прэм’ерным.

Зараз "Мір" мае адну кіна- і дзве відэазалы і ўмяшчае да 198 месцаў. Ва ўсіх устаноўлена самае сучаснае кінапраекцыйнае абсталяванне. У вялікай знаходзіцца лічбавы кінапраектар Christie, які дазваляе паказваць фільмы ў лічбавым фармаце, і 3D-сістэма Masterimage. Набыты новыя мяккія крэслы, двухмесныя канапы.

Нельга абысці ўвагай новы экран. У кінатэатры ўстаноўлены сярэбраны экран памерам 9,6х4 м, які мае святлоадлюстравальны эфект і ідэальна падыходзяць для прагляду 3D-кантэнта. Гук прадстаўлены акустычнай сістэмай Dolby Digital Surround.

Асаблівасцю кінатэатра з’яўляецца VIP-зала на 6 месцаў. Цана наведвання вагаецца ад 15 000 да 70 000 рублёў, у залежнасці ад часу і выбару залы. Ёсць магчымасць забраніраваць білеты.

Аляксандра КАСКЕВІЧ, Аліна БАРКОЎСКАЯ