Апошні смех за сезон?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Канец ліпеня, спякота, тэатральны сезон, здавалася б, закрыты. Ажно не! У Тэатры-студыі кінаакцёра вырашылі пасмяяцца — апошнімі. І сёння-заўтра, два дні запар, запрашаюць на прэм’еру спектакля “Хто смяецца апошнім”.

Гэта п’еса Кандрата Крапівы, створаная ў 1939-м, мела найшчаслівы лёс. Яе не толькі адразу ж паставілі ў Купалаўскім тэатры, які тады называўся БДТ-1, але і павезлі на Дэкаду беларускага мастацтва ў Маскве, якая прайшла ў чэрвені 1940-га. Ведаючы рэзка сатырычны змест п’есы, можна толькі здагадвацца, наколькі рызыкоўным было паказваць Сталіну (а ён любіў прысутнічаць на падобных творчых справаздачах) пастаноўку пра “перагібы” ў барацьбе з ворагамі народа. Але ў 1941-м драматург быў адзначаны за гэту п’есу Дзяржаўнай (тады Сталінскай) прэміяй СССР. Тую ж найвысокую ўзнагароду атрымаў і Глеб Глебаў — выканаўца ролі стараннага, але запалоханага магчымымі рэпрэсіямі навукоўца Тулягі.

Дарэчы, сцэнічных “ператварэнняў” (дакладней, увасабленняў) п’еса атрымала — безліч. Яна ставілася не толькі па ўсёй Беларусі — прафесійнымі тэатрамі і аматарскімі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. Як жа сёння будуць трактаваны хрэстаматыйна вядомыя вобразы?

Сваю версію прапануюць рэжысёр Алег Кірэеў, мастак Дзмітрый Мохаў, кампазітар Валерый Воранаў (з той плеяды маладых беларускіх музыкантаў, якія вельмі запатрабаваны ў Еўропе), харэограф Наталля Фурман — і практычна ўся акцёрская трупа тэатра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"