Арт-“Zabor”. Першы тыдзень

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Art+бізнес=“Zabor”

24 ліпеня а 19-й ля агароджы парку Чалюскінцаў можна было пабачыць нямала мінакоў. І прычына сабрацца — прэзентацыя арт-праекта “Zabor”.

/i/content/pi/cult/388/7744/3-3.jpeg

У чаканні вернісажу грамада бавіла час, слухаючы камерны аркестр і назіраючы за артыстамі на хадулях. Маштабная дзея накшталт той, што адбывалася на плошчы Якуба Коласа, калі на ёй адкрывалася выстаўка рэпрадукцый твораў Марка Шагала. Лічы, традыцыя!

А тым часам праходзіла прэс-канферэнцыя. Начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч казаў пра асветніцкі аспект праекта, пра магчымасці далучэння да здабыткаў сучаснай выяўленчай культуры Беларусі. Ён таксама выказаў упэўненасць, што праект будзе мець працяг і развіццё.

На думку намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі, гэты праект можна лічыць сучаснай версіяй колішняга “перасоўніцтва”, калі мастакі вынайшлі новы фармат стасункаў з гледачом. Да таго ж, на яго думку, арт-праект “Zabor” — удалы прыклад партнёрства дзяржавы і прыватнага капіталу ў інтарэсах нацыянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/388/7744/1-1.jpeg

Кіраўнік кіраўнічай кампаніі "Зубр Капітал" — спонсара праекта — Алег Хусаінаў выказаў падзяку Міністэрству культуры і гарадскім ўладам за аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія паўставалі ў часе рэалізацыі праекта. Асобна ён згадаў міністра культуры Паўла Латушку, каму належыць сама ідэя гэтай выстаўкі. Спадар Хусаінаў мяркуе, што выстаўку варта вывезці за мяжу, у краіны, дзе Беларусь мае эканамічныя інтарэсы. "Культурныя кантакты спрыяюць дзелавым стасункам", — дадаў ён.

А потым было адкрыццё экспазіцыі буйнафарматных рэпрадукцый твораў Віктара Альшэўскага, Руслана Вашкевіча, Сяргея Каваля, Уладзіслава Стальмахава. Акрамя вышэйзгаданых асоб, на вернісажы выступіў міністр культуры Павел Латушка. На ягоную думка, гэтая выстаўка — прыклад засваення нашай краінай заходнееўрапейскага досведу і скарыстання яго для патрэб уласнай культуры. Гэта экспазіцыя можа годна прадстаўляць Беларусь за мяжою.

— Год таму мне давялося быць у сталіцы Аўстрыі — Вене. Гуляючы па парку, я ўбачыў там выстаўку карцін. Узгадалася, што аналагічны праект існаваў некалі і ў Варшаве. Пазней я падумаў, што бачыў нешта падобнае і ў іншых еўрапейскіх сталіцах. Спытаў сябе, чаму б не правесці такую выстаўку ў Мінску, еўрапейскай сталіцы еўрапейскай дзяржавы. Нядоўга думаючы, прапанаваў рэалізаваць ідэю Цэнтру сучаснага мастацтва нашай краіны, — распавёў журналістам Павел Латушка.

Для мінчан выстаўка будзе доўжыцца да 1 лістапада. Потым арганізатары плануюць азнаёміць з арт-праектам жыхароў абласных цэнтраў краіны. Ну а там на даляглядзе — Вільнюс, Варшава, Стакгольм…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"