Шагал.by: эстампы з мінскай прапіскай

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Марк Шагал: зноў у Беларусі

Фонды Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі сталі багацейшымі на дзве “адзінкі захоўвання”. І гэты выпадак асобны: “Белгазпрамбанк” падараваў музею эстампы “Крыжовы шлях” і “Візія Апакаліпсісу”. Аўтарам іх з’яўляецца ўраджэнец Віцебска Марк Шагал.

/i/content/pi/cult/388/7743/3-2.jpeg

З гэтай нагоды ў музеі адбылася імпрэза, на якой сабраўся, лічы, увесь мастакоўскі бамонд Мінска.

Міністр культуры Павел Латушка, падкрэсліўшы ў сваёй прамове важнасць вяртання ў беларускі кантэкст імёнаў нашых славутых суайчыннікаў, засяродзіў увагу на партнёрскіх стасунках дзяржавы і прыватнага бізнесу. Кіраўнік Міністэрства культуры сказаў: “Дзяржава выдаткоўвае значныя сродкі дзеля набыцця матэрыяльных каштоўнасцей, якія належаць беларускаму народу. За апошнія тры гады на гэта выдаткавана больш як 10 мільярдаў рублёў. Далучэнне да гэтай справы бізнесу адкрывае новыя магчымасці”. Міністр спадзяецца, што дабрачынная дзейнасць “Безгазпрамбанка” стане ўзорам для іншых бізнесменаў, што “да працэсу вяртання культурных каштоўнасцей Беларусі далучыцца як мага больш прыватных інвестараў”.

/i/content/pi/cult/388/7743/3-1.jpeg

Пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Іосіф Шагал адзначыў, што гэтая падзея з’яўляецца знакам пазітыўных змен у свеце. Пасол запрасіў прысутных, як будуць у Ізраілі, наведаць будынак мясцовага парламента, каб паглядзець аздобу інтэр’ераў, да якой прыклаў руку Марк Захаравіч. А характарызуючы творчасць свайго славутага цёзкі па прозвішчы, пасол нагадаў словы Ільі Эрэнбурга: “Шагал — Андэрсен жывапісу”.

Старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка прамовіў аб гатоўнасці і надалей спрыяць культурным праектам, якія ўмацоўваюць прэстыж нашай краіны.

У рамках мерапрыемства адбылася прэм’ера фільма рэжысёра Зоі Катовіч і сцэнарыста Веры Савінай “Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць” вытворчасці “Белвідэацэнтра”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"