Юбілейна і ўраджайна

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

25 ліпеня народнаму артысту Беларусі, знанаму кампазітару Дзмітрыю Смольскаму споўнілася 75 гадоў — цудоўны творчы ўзрост у росквіце прафесійных памкненняў. Сведчаннем таму — хуткі ўраджай юбілейных прэм’ер, прычым у самых буйных і складаных жанрах.

9 і 10 верасня ў Вялікім тэатры Беларусі мы зможам упершыню ўбачыць другую рэдакцыю оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле Уладзіміра Караткевіча. Сімвалічна, што гэтай прэм’ерай тэатр адзначае падвойны юбілей: не толькі кампазітара, але і самога тэатра, бо гэтым спектаклем адкрываецца 80-ы оперны сезон.

Пастаноўшчыкам выступае Міхаіл Панджавідзе. Дырыжорам — Віктар Пласкіна. Сцэнаграфію рыхтуе Аляксандр Касцючэнка. Касцюмы — Элеанора Грыгарук. Опера, што ўласціва нацыянальным творам у гэтым жанры, насычана харавымі сцэнамі (хормайстар — Ніна Ламановіч). А ў сольных партыях задзейнічаны лепшыя сілы тэатра.

Творы Смольскага заўсёды былі, ёсць і будуць у рэпертуары Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Гэтым разам мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву Аляксандр Анісімаў звярнуўся да 15-ай сімфоніі майстра — найноўшага твора, які толькі-толькі сышоў з-пад пяра кампазітара. Так што не за гарамі яшчэ адна прэм’ера — як заўсёды, шмат у чым нечаканая. Бо Дзмітрый Смольскі — папраўдзе ўнікальны творца, почырк якога звычайна пазнаецца літаральна па некалькіх нотах. А яшчэ больш — па трываласці і “зацэментаванасці” самой канструкцыі. Але тая складаецца не са звыклых цаглінак, а быццам з пульсуючых клетак, якія сваім развіццём ператвараюць сухую канструкцыю ў жывы арганізм, дзе ёсць месца і самаіроніі, і філасофскім глыбіням.

Віншуем Дзмітрыя Браніслававіча з юбілеем, зычым здароўя, творчых і сямейных радасцей — і плёну ў выкананні яго твораў. Бо плён у іх стварэнні — быў, ёсць і будзе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"