Пачуць “Бе-La-Рускія світанкі”

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Тэма кінамастацтва сёлета стала цэнтральнай у межах традыцыйнага ХХI Міжнароднага маладзёжнага лагера “Бе-Lа-Русь”, які гэтымі днямі размясціўся ля Кургана Дружбы на стыку межаў Беларусі, Латвіі і Расіі.

Праект, які сёлета праводзіцца на тэрыторыі нашай краіны, сабраў каля 650 ініцыятыўных, творчых юнакоў і дзяўчат.

Дзякуючы арганізатарам праекта, сярод якіх БРСМ, удзельнікам і гасцям «Бе-Lа-Русі» прадстаўлена магчымасць больш даведацца пра кінамастацтва, паспрабаваць свае сілы ў ролі аператараў і рэжысёраў пры стварэнні фільма пра лагер, наведаць профільныя майстар-класы.

Акрамя таго, літаральна зараз праходзяць спаборніцтвы ў розных творчых і спартыўных конкурсах, накал страсцей і эмоцый пад час якіх нічым не саступае Алімпійскім гульням. Да прыкладу, у праграму Міжнароднага лагера ўключаны спартыўныя спаборніцтвы па футболе і валейболе, песенна-творчы фэст “Бе-La-Рускія світанкі”, а таксама прэзентацыя дзейнасці арганізацый — удзельніц лагера.

Курган Дружбы быў насыпаны ў 1959 годзе на мяжы трох дзяржаў у памяць пра баявую супольнасць партызан Беларусі, Латвіі і Расіі. Ад Кургана пракладзены тры алеі: у бок Беларусі высаджаны бярозы, Латвіі — ліпы, Расіі — клёны. На вяршыні ж Кургана расце дуб, які сімвалізуе добрасуседскія адносіны трох народаў.