М.Дуброва. “За белай сцяной”. |
Мастак, выхаванец БДТМІ, па спецыяльнасці графік, прывык працаваць у манахромнай графічнай манеры. Так, пейзажы “Стары дворык”, “Зімовы вечар”, “Мой Мазыр” стрыманыя і сціплыя па колеравым рашэнні, аднак як тонка і акуратна ён накладвае кожны мазок у сваёй рабоце, дамагаючыся нямногімі сродкамі максімальнай эмацыйнай выразнасці.
За кожнай карцінай Дубровы ляжыць свая гісторыя. І гэта гісторыя не толькі менавіта напісання палатна, але і, у першую чаргу, гісторыя таго ці іншага кавалачка рускай ці беларускай зямлі.Цікавы лёс Нікольскай царквы на Белгародчыне, адлюстраванай на дзвюх карцінах. Першапачаткова яна была з дрэва, але здарыўся пажар, і храм згарэў дашчэнту. Настаяцель царквы — айцец Аляксандр (чый партрэт можна ўбачыць побач з карцінамі) наноў адбудаваў храм, але ўжо ў камені. Пры царкве знаходзяцца келлі для паломнікаў, бо побач з храмам размешчаны вялізны ўзгорак, які называецца Новы Іерусалім, — месца паломніцтва многіх людзей.
Не абышоў сваёй увагай мастак і тэму Чарнобыля. Уражваюць сваёй эмацыйнасцю дыптых “Сум” і “Мелодыя” з выявай на фоне пакінутых, разбураючыхся ад часу сельскіх дамкоў двух музыкантаў — гарманіста і скрыпача. Стрыманая паўэскізная манера пісьма, трывожны каларыт, строгая пабудова кампазіцыі і скупасць у дэталях — усё падпарадкавана задуме аўтара. Гэтыя пейзажы — пластычныя сімвалы і знакі Чарнобыльскай трагедыі.
Аднак у экспазіцыі было шмат і светлых, экспрэсіўных, мажорных работ эцюднага плана. У іх Дуброва ўклаў яркія і паэтычныя пачуцці сваёй нястомнай натуры.
Не магу не адзначыць педагагічную працу мастака з моладдзю. Ён кіруе народнай студыяй выяўленчага мастацтва “Фарбы” пры Гарадскім цэнтры дзіцячай творчасці. Студыйцы ад 5 да 20 гадоў тры разы на тыдзень працуюць акварэллю, вывучаюць тэхніку лінагравюры. Асобную групу складаюць студэнты аддзялення выяўленчага мастацтва і графікі Мазырскага педагагічнага універсітэта. Выстаўкі студыі “Фарбы” адзначаны шматлікімі дыпломамі як у нашай краіне, так і ў Польшчы, Венгрыі, Расіі.
Так што, і творчая, і педагагічная дзейнасць нашага слаўнага земляка з’яўляецца, па вялікім рахунку, яго значным духоўным унёскам у культуру Мазыршчыны.
Таццяна БАРЫСАВА,
экскурсавод ДУ “Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі”