Вярнуць паясы ў Слуцк

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Услед за Музеем гісторыі Магілёва, які паспяхова правёў дабрачынны марафон па зборы сродкаў для набыцця Статута Вялікага Княства Літоўскага, аналагічную дабрачынную акцыю тыдзень таму распачаў Слуцкі краязнаўчы музей.

Як паведамляе “К” начальнік аддзела культуры Слуцкага райвыканкама Алена Камоцкая, аб’екты музейнай увагі — два слуцкія паясы XVIII стагоддзя, што знаходзяцца ў прыватнай калекцыі аднаго з мінскіх збіральнікаў даўніны. Агульны кошт рарытэтаў — 175 тысяч долараў. Грошы немалыя, але, па словах Алены Камоцкай, не менш важным з’яўляецца і тое, каб Слуцкі краязнаўчы музей вярнуў паясы на гістарычную радзіму.

Мінскі калекцыянер, па словах дырэктара Слуцкага краязнаўчага музея Наталлі Серык, аб’явіўся сам. Музей імгненна распачаў піяр-акцыю, звярнуўся па дапамогу да арганізацый, прадпрыемстваў, камерцыйных структур, жыхароў горада і Міншчыны. Для пералічэння сродкаў на набыццё рарытэтаў быў адкрыты рахунак 3604000000562, філіял №615 ААБ “Беларусбанк”, код 808, УНП 690305921, атрымальнік — ДУ “Слуцкі краязнаўчы музей”.

Як паведамляе Наталля Серык, на рахунак пачалі паступаць грошы. Музейныя работнікі мяркуюць, што названыя паясы стануць музейнымі экспанатамі і будуць прэзентаваны ўсім ахвотным на Дзень горада ў верасні ці, прынамсі, да шасцідзесяцігоддзя музея ў лістападзе.