Сямнаццаць — з XVII-га

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Унікальнай серыяй кніг папоўнілася Нацыянальная бібліятэка краіны. Днямі адбылася цырымонія перадачы ў дар кніжнай скарбніцы Беларусі калекцыі факсімільных выданняў славенскага даследчыка і вучонага Янеза Вальвазора “Іканатэка Вальвазарыяна”.

У сямнаццаці шыкоўна аздобленых тамах, тыраж якіх складае ўсяго некалькі дзясяткаў экзэмпляраў, можна даведацца пра гісторыю і навуку, культуру і мастацтва Славеніі. Серыя кніг, прадстаўленая ў Нацыяналцы, змяшчае 7752 копіі навуковых работ, карцін і замалёвак Альбрэхта Дзюрэра, Лукаса Кранаха, Жака Кало ды іншых славутых творцаў ХVI і XVII стст.

Нагодай зрабіць такі шыкоўны падарунак стала святкаванне 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Славенія. Фінансавы бок справы ўзяла на сябе прыватная славенская кампанія, якая доўгі час працуе на беларускім рынку.

Як адзначыла Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Славенія ў Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве ў Беларусі Ада Філіп-Сліўнік, нашым народам трэба больш знаёміцца з культурай адзін аднаго. На думку пасла, менавіта такія кнігі спрыяюць яднанню двух нашых славянскіх народаў.

У сваю чаргу, намеснік міністра культуры нашай краіны Тадэуш Стружэцкі падкрэсліў, што на культурнай глебе паміж Беларуссю і Славеніяй ужо не першы год адбываецца плённае супрацоўніцтва, сведчаннем чаму сталі ўдзел і перамогі балканскіх музыкантаў, кінарэжысёраў на айчынных форумах, у тым ліку, на “Славянскім базары ў Віцебску” і “Лістападзе”. Акрамя таго, па словах Тадэуша Стружэцкага, штогод прадстаўляюць нашу культуру на Балканах, і ў тым ліку, у Славеніі лепшыя айчынныя музычныя калектывы Беларусі.

На думку намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, такія акцыі ў чарговы раз падкрэсліваюць, што сумеснымі намаганнямі нашы дзяржавы змаглі дасягнуць высокага ўзроўню супрацоўніцтва, заснаванага на ўзаемнай павазе і даверы. Па словах Алены Купчыной, Беларусь бачыць у Славеніі важнага і перспектыўнага партнёра ў Цэнтральнай Еўропе, з якой нас звязваюць славянскія карані.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"