Дзе Францыя, там і “…Кабарэ”

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Купалаўцы завяршылі сезон і рыхтуюцца да новага.

25 ліпеня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы завяршыў чарговы тэатральны сезон, 92-і па ліку, ды развітаўся з мінскай публікай да верасня.

У наступным сезоне на Купалаўскай сцэне адбудуцца прэм’еры спектакляў “Местачковае кабарэ” , “Арабская ноч” і сумесны беларуска-шведскі праект “Бацька” паводле п’есы Аўгуста Стрындберга. Паводле слоў кіраўніка міжнароднага аддзела тэатра Дзіяны Даражок, супраца са шведамі прымеркаваная да стагоддзя з дня смерці Стрындберга. Мяркуецца, што паставіць спектакль шведскі рэжысёр, а аздобіць мастак з гэтай краіны.

Плануюцца 40-дзённыя гастролі па Францыі. Бурж, Нант, Тулуза, Пуацье… Павязуць купалаўцы ў няблізкі свет спектакль “Вяселле”, з якім у Францыі яны ўжо былі ў 2010-м. Дзіяна Даражок тлумачыць гэты выбар тым, што ў спектаклі шмат музыкі і пластыкі, а зразумець змест можна і без сінхроннага перакладу.

Купалаўцы возьмуць удзел у Міжнародным фестывалі ў Тбілісі. На думку спадарыні Дзіяны, гэта будзе магчымасць і сябе паказаць, і цягам чатырох дзён паглядзець спектаклі грузінскіх тэатраў.

Падводзячы вынікі сезона 2011 — 2012, варта згадаць наступнае. Тры прэм’еры. “Ноч на Каляды” паводле гогалеўскіх “Вечароў на хутары каля Дзіканькі”, “Людзі на балоце” паводле раманаў Івана Мележа, “Лістапад. Андэрсен” па п’есе Алены Паповай.

Вялікі поспех напаткаў спектакль “Не мой” паводле Алеся Адамовіча: пяць перамог у розных намінацыях Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Спектаклямі “Не мой” і “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” купалаўцы ўдзельнічалі ў V Міжнародным фестывалі “Панарама”. “Вяселле” быў паказаны ў культурных сталіцах-2011 (Садружнасці — Ульянаўску, СНД і Беларусі — Гомелі). А “Выкраданне Еўропы…” сёлета быў прадстаўлены ў Лондане.

Сёлета пастаноўка “Пінская шляхта” вылучаны на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, а “Выкраданне Еўропы…” — на Нацыянальную тэатральную прэмію.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"