Глыбокае рыхтуецца

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Як паведаміў “К” намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Сідарэнка, 26 ліпеня ў Глыбокім прайшло выязное пасяджэнне рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства.

Надзённыя пытанні, звязаныя з наладжваннем будучага рэспубліканскага свята, абмяркоўвалі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі Віцебскага аблвыканкама і Глыбоцкага райвыканкама. Прысутнічалі рэжысёрска-пастановачная група і галоўны мастак свята.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры, у Дні беларускага пісьменства будзе задзейнічана шэсць аб’ектаў Глыбоцкага аддзела культуры. Сёння тут вядуцца работы па рамонце і рэканструкцыі.

Удзельнікі рабочай групы прыйшлі да згоды пры абмеркаванні канцэпцыі свята. На ўсіх цэнтральных вуліцах раённага цэнтра прадставяць гісторыю ўзнікнення і сённяшні дзень пісьменства. Мяркуецца, што ў рэжыме “вольнага паветра” запрацуюць не толькі вуліца Пісьменніцкая, але і Маладзёжная, Дзіцячая, Спартыўная… А на знаёмых ужо падворках выступяць народныя калектывы вобласці ды рэспублікі, будзе рэалізоўвацца прадукцыя гандлёвых, прамысловых арганізацый.