Левыя адборы і “насос” — у мінусе

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

У плюсе — публіка, што галасуе рублём

21-ы “Славянскі базар у Віцебску” завяршыўся не толькі абменам віншаваннямі і канчатковымі статыстычнымі падлікамі. Дырэктар фестывалю Радзівон БАС, праводзячы традыцыйнае закрыццё прэс-цэнтра, звярнуўся да журналістаў з прапановамі на наступны форум. І тым літаральна выпусціў джына з бутэлькі. Хаця, прызнацца, пажаданні былі самыя што ні на ёсць рэальныя: ахапіць Інтэрнэтам гатэль “Дзвіна”, дзе штогод размяшчаюцца прадстаўнікі мас-медыя; адкрыць на афіцыйным фестывальным сайце форум ці гасцявую кнігу; здымаць на фестывалі ток-шоу, дзе, да ўсяго, абмяркоўваліся б уключаныя ў праграму канцэрты, спектаклі, кінастужкі; праводзіць пасля конкурсаў сустрэчы з журы, каб яго члены маглі патлумачыць свае ацэнкі. А яшчэ — каб героем адной з “Зорных гадзін” стаў бы сам Радзівон Бас. Не чакаючы той “зорнай хвіліны”, мы звярнуліся да Радзівона Міхайлавіча ўжо зараз, эксклюзіўна.

 

Пра надзвычайныя сітуацыі і "шквал эмоцый"

— З кожным годам вы ў час фестывалю выглядаеце ўсё больш задаволеным і спакойным. Надзвычайныя сітуацыі не здараюцца?

— І гэта норма. Па-першае, за гады існавання фестывалю ён атрымаў такі розгалас, што нават тыя, хто прыязджае да нас упершыню, ужо шмат пра яго ведаюць. Таму і пытанняў, што тут і як, узнікае куды менш. Па-другое, з кожным годам становіцца ўсё больш прафесійнай каманда, якая займаецца арганізацыяй. І калі ў гасцей фестывалю ўзнікаюць нейкія праблемы, яны звяртаюцца з імі да канкрэтных служб. Увогуле, я даўно ўжо давёў, што мне не патрэбны супрацоўнікі, якія ставяць перада мной пытанні: маўляў, як вырашыць?

/i/content/pi/cult/388/7733/5-1.jpg

— Тут ёсць яшчэ і псіхалагічная дэталь. Чым хутчэй вырашаюцца пытанні, тым меншы “шквал эмоцый” яны выклікаюць і тым менш “грандыёзнымі” і “непераадольнымі” яны ўяўляюцца. Але ж як гэтага дасягнуць? Часам прасцей “выконваць”, а не прымаць рашэнні.

— Усё вельмі проста. Як толькі нейкая служба не можа самастойна вырашыць пытанне, з якім да яе звярнуліся, яна атрымлівае “мінус” — у ганарарнай частцы. Калі ж такіх “мінусаў” збіраецца некалькі — навошта ўвогуле мне такі кіраўнік?..

— І сваёй камандай, і сёлетнім фестывалем, як можна зразумець, вы задаволены?

— Так. Усё задуманае здзейснілася, не было адменена ніводнага мерапрыемства, а іх было — 77. Я скептычна стаўлюся да пытанняў: маўляў, што будзе новага? Хай на нашым фестывалі будуць традыцыйныя складнікі (адкрыццё і закрыццё, конкурсы, Дні культуры Беларусі, Расіі, Украіны, Саюзнай дзяржавы) — і штораз іншае іх напаўненне. Колькасць мерапрыемстваў можа быць меншай, тры канцэрты на дзень у тым жа Амфітэатры, як гэта часам было сёлета, — замнога. Галоўнае, каб кожны наступны фестываль быў прафесійна вышэйшым за папярэдні, каб да нас прыязджалі якасныя канкурсанты і артысты. Таму сёлета да пачуцця выкананага абавязку далучаецца і гонар — за той жа конкурс. Хаця, зразумела, няма мяжы дасканаласці.

 

Пра конкурс і "левыя адборы"

— Толькі не кажыце, што такі высокі конкурсны ўзровень, як сёлета, — адно дзякуючы іміджу “Славянскага базару…” ў замежжы. Ці ўвогуле — збег абставін.

— Сапраўды, выпадковасцей тут не бывае. Абодва конкурсы — дарослы і дзіцячы — ладзяцца, можна сказаць, рукамі Антаніны Сальнікавай, якая ўзначальвае Аддзел міжнародных сувязей. Нашы прадстаўнікі ёсць у кожнай краіне. Мы выдалі ім дакументы, дзе засведчана, што толькі яны, а не хто-небудзь іншы, атрымалі эксклюзіўнае права прадстаўляць наш фестываль. Гэта вельмі важна, бо раз-пораз з’яўляюцца нейкія дзеячы, ладзяць платныя праслухоўванні прэтэндэнтаў на “Славянскі базар у Віцебску”, бяруць з удзельнікаў яшчэ і грашовыя ўзносы — чаго толькі няма! Мы не маем да гэтага ніякага дачынення. Але, галоўнае, такія “левыя” адборы, заснаваныя на папулярнасці нашага форуму, наносяць шкоду яго іміджу. У кагосьці пачынае складацца ўражанне, што патрапіць да наш конкурс каштуе вялікіх грошай, якія быццам бы пералічваюцца самімі ўдзельнікамі на фестывальны рахунак. А ўсё ж наадварот! Антаніна прадастаўляе нам матэрыялы, і мы адбіраем найбольш цікавых выканаўцаў. З той жа Латвіяй: сёлетні прыезд Саманты Ціны, што зрабіла фурор, — вынік менавіта такой працы, бо раней ад гэтай краіны прыязджалі спевакі зусім іншага ўзроўню.

— Конкурс — яшчэ і журы...

— Мы ўзялі за правіла штогод рабіць ратацыю членаў журы. Сёлета з леташняга складу застаўся толькі Юрый Квелянкоў з Украіны, і тое не па нашай прапанове. Хацелася б, вядома, запрасіць у журы Аляксандра Панамарова, Наталлю Малілеўскую, Руслану — тых, хто ўжо прайшоў праз гэты конкурс у іншай якасці, як удзельнік. Але Міністэрства культуры Украіны настаяла менавіта на гэтай кандыдатуры. Што ж да ацэнак… Узгадаю, як калісьці старшынёй запрасілі Мішэля Леграна. Некаторыя сумняваліся: маўляў, ён жа не ведае славянскую культуру так добра, як мы. Вышэйшы бал ён паставіў польскай спявачцы — нечакана для многіх. Але ўсіх рассудзіў час, бо сёння яна — адна з самых запатрабаваных у Еўропе.

 

Пра публіку і прафесійны ўзровень

— Сапраўды, конкурс — гэта цудоўная магчымасць адкрыць будучую зорку. Але звярніце ўвагу: публіка, пры ўсёй запаўняльнасці Амфітэатра, з куды большай прагай імкнулася на іншыя канцэрты, часам куды ніжэйшага прафесійнага ўзроўню. Як усё ж дасягнуць балансу паміж мастацкасцю і грашыма?

— Тут балансу не дасягнеш. Тое, на што, здараецца, народ набывае квіткі, бывае далёкім ад мастацкасці. Але перад намі стаіць задача павысіць колькасць выручаных ад фестывалю грошай, і мы яе — выканаем. Я не бачу іншага выйсця, як паспрабаваць зарабіць на чымсьці адным — і потым укласці гэтыя грошы ў тое, што, можа, не прынясе прыбытку, затое стане папраўдзе высокамастацкай з’явай.

— “Начнікі” сябе апраўдалі?

— Вы ж памятаеце: калісьці такія канцэрты ладзіліся штоноч, потым мы іх скасавалі, праз час — адрадзілі, але часткова. Сёлета іх было пяць: “Песні лета”, “Ноч “Бітлз” у Віцебску”, “Шоу Веркі Сярдзючкі”, сольнік Сяргея Пенкіна і “Начны хіт”. І ўсе яны сябе апраўдалі: паўнюткія залы. Публіка прагаласавала рублём.

 

Пра імідж і небясплатны брэнд

— За 20 гадоў фестываль значна паўплываў на ўсё жыццё Віцебска.

— Гэта стаўленне самога губернатара. Ён даўно ведае гэты горад і добра разумее, чаго не хапае. Віцебску не ставала лоску, атмасферы святочнасці, тых месцаў, якія былі б запатрабаваны ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю. І такія месцы пачынаюць з’яўляцца — менавіта дзякуючы форуму. Звярніце ўвагу: білеты набываюць, у асноўным, турыстычныя кампаніі. А турызм, вядома, закранае не толькі продаж квіткоў на канцэрты. Прыезджыя тут харчуюцца, купляюць падарункі — і мы бачым рост тавараабароту, які спрыяе развіццю эканомікі не толькі горада, але і ўсяго рэгіёна. Праўда, пашыраецца і такая практыка, калі прадпрыемствы, так бы мовіць, ціхенька ставяць у кустах “насосы” і качаюць грошы. Выкарыстоўваюць брэнд “Славянскага базару ў Віцебску”, яго імідж — і нічога не плацяць пры гэтым на карысць фестывалю. Я абавязкова ўзніму гэта пытанне на пасяджэнні Аргкамітэта.

— Як паказвае замежны вопыт, многія фэсты зарабляюць акурат на ваколфестывальнай прадукцыі!

— Я быў на адным з фестываляў у Польшчы. Там увогуле канцэрты на беразе возера — бясплатныя. А ўсе навакольныя рэстараны, кафэ, крамкі па продажы сувеніраў — усе працуюць толькі з дазволу фестывалю, пералічыўшы на яго рахунак грошы…

Прыблізна тое ж можна бачыць у суседнім Вільнюсе. На плошчы перад гарадской ратушай ці не кожныя летнія выхадныя — фестывалі ды канцэрты. Бясплатныя. Ледзь не ў рэжыме нон-стоп. Але кожны, хто на плошчы гандлюе, выступае, так бы мовіць, “спонсарам”. Карысць — узаемная. Бо без фестывалю, кажуць прадпрымальнікі, і пакупнікоў было б у разы менш.

Нашы беларускія фестывалі — яшчэ толькі на шляху да асэнсавання такога двухбаковага ўзаемадзеяння культуры і эканомікі. Але і тут, трэба спадзявацца, “Славянскі базар у Віцебску” хутка пакажа прыклад.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"