Закон аншлагаў і пустых месцаў. Ці прадказальны ён?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

P.S. да фестывалю паводле крытыка / Справаздача па камандзіроўцы з развагамі

Шчыра прызнацца, на сёлетні “Славянскі базар у Віцебску” я ехала без асаблівага энтузіязму: чым можа здзівіць “чарговы” 21-ы фестываль пасля юбілейнага? Дый праграма, на першы погляд, не ўтрымлівала чагосьці незвычайнага. А вось вярталася з іншым настроем.

Кіно і тэатр з праекцыяй

І справа не толькі ў конкурсе, які па сваіх мастацкіх адкрыццях пераўзышоў, бадай, увесь фестываль. Прыемна, што некаторыя артысты і калектывы-заўсёднікі прапанавалі новыя, шмат у чым нечаканыя павароты ў сваёй творчасці. А тэмы для роздуму “падкінула” не толькі тэатральная праграма, але і кіно.

Літоўская стужка “Гарачае сэрца” (“Тадас Блінда. Пачатак”), якую аўтары плануюць прывезці і на наш “Лістапад”, — цудоўны прыклад таго, як трэба здымаць нацыянальныя фільмы. Гістарычная тэма і ўся сакавітасць літоўскага каларыту выяўлены праз агульначалавечыя каштоўнасці. І не проста “выкладзены на сподачак”, а пададзены нешарагова, з выклікам гледача да ўнутранага дыялогу. Няма чаго здзіўляцца, калі фільм пабіў у Літве ўсе рэкорды па праглядах — пры тым, што ён ёсць і ў Інтэрнэце.

Тэатральная праграма, нягледзячы на перавагу “летне-забаўляльных”, камедыйных антрэпрыз, трыма спектаклямі абвастрыла тэму мастацкай асобы і соцыуму. Адметным рэжысёрскім почыркам вылучаліся “Валянцінаў дзень”, пастаўлены Раманам Самгіным, “Мальер” (“Кабала святош”), увасоблены Валерыем Беляковічам (нядаўняя прэм’ера Маскоўскага драмтэатра імя К.Станіслаўскага). А “Баба Шанэль” у прачытанні таго ж Беляковіча аказалася не камедыяй пра старых, якіх незаслужана пакрыўдзілі, а трагіфарсам з вядомай дылемай: любіць мастацтва ў сябе — ці сябе ў мастацтве. Да ўсяго, спектакль дае безліч праекцый на саміх удзельнікаў фестывалю...

"Скрыня" ў "скрыні" не бачная?

Беларускі ўдзел у “Славянскіх базарах у Віцебску” становіцца ўсё заўважней. І гэта тычыцца не толькі ўласна артыстаў, але і, галоўнае, самога “кіравання” канцэртамі ў Летнім амфітэатры — на ўзроўні сцэнаграфіі, рэжысуры і харэаграфіі.

Сцэнаграфію ўжо шмат гадоў прыдумвае нястомны Зіновій Марголін. І хаця ён цяпер жыве і працуе ў Маскве, усё роўна застаецца “нашым”. Вось і сёлета: не адмовіўшыся ад сучасных тэхналогій і выкарыстання святлодыёдных панэлей, злучыў іх з беларускім арнаментам. Цікавая дэталь: арнамент не ўзнікае як гэткае “намаляванае” камп’ютарнае “ўпрыгожванне”, а з’яўляецца трывалай часткай сцэнічнай прасторы. Тыя “квадрацікі”, што яго складаюць, знаходзяцца на нейкай адлегласці ад панэляў, якія замяняюць сабой уласна “сцены”. Дарэчы, слова “інтэр’ер” таксама тут невыпадковае: такая сцэнаграфія — зачыненага пакоя-“скрыні” — прыкмета не проста сучаснасці, але і найноўшых тэатральных тэндэнцый. Асабліва яна распаўсюджана не столькі ў драматычным, колькі ў музычным тэатры, паляпшаючы акустыку.

Урэшце, на тэлеэкране, калі артыстаў даюць буйным планам, усе гэтыя дэталі амаль незаўважныя. І сцэнаграфія пераходзіць з філасофіі ў сферу практычнага выкарыстання: малюнак не адцягвае ўвагу, галоўным становіцца колер, які стварае эмацыйны фон і, да ўсяго, дапамагае засяродзіцца на самім артысце.

Рэжысёрскі почырк

Асаблівасцю сёлетняга фестывалю стаў надзвычай шырокі ўдзел айчынных рэжысёраў. На іх плечы ляглі пастаноўкі ўсіх самых “вузлавых” момантаў свята: адкрыццё, закрыццё, абодва конкурсы.

У адкрыцці адразу “чытаўся” рэжысёрскі почырк Вячаслава Паніна. Некаторыя нумары былі з’яднаныя своеасаблівымі “пераходамі” — тэатралізаванымі, пластычна аформленымі дэфіле ў касцюмах ад вядучых дызайнераў Беларусі. Шкада толькі, што гэтыя паказы не знайшлі адлюстравання ў рэпліках вядучых, таму часам успрымаліся як штосьці незразумелае.

Незвычайны пралог для гала-канцэрта ўрачыстага закрыцця прыдумала рэжысёр Ніна Осіпава. Артысты выйшлі, быццам на фінал, нават разам заспявалі фінальную песню. Загучалі словы развітання. А потым раптам паступіла прапанова — “на пасашок”: маўляў, застаемся! Увогуле, гэты канцэрт стаў лепшым сярод іншых “гала”. Нельга сказаць, каб у ім, як звычайна, не было “залішніх”, “неабавязковых” нумароў. Але яны былі так умела “прыхаваны” добрым атачэннем іншых кампазіцый, а часта яшчэ і ўласным відовішчам (пастаўленым нумарам, падтанцоўкамі, прыгожымі строямі ды іншым антуражам), што “паглыналіся” неяк незаўважна. Адзначу і тое, што такія нумары ў гэтым канцэрце часцей былі не беларускімі, а гасцявымі!

Цэлы блок у першай палове канцэрта (але не ў самым яго пачатку) атрымалі беларускія артысты. Вось дзе быў сапраўдны Дзень культуры Беларусі! Літаральна кожны нумар — нейкая нечаканасць, прэм’ера ці нават сапраўднае адкрыццё. Вось дзе былі зоркі — паводле мастацкай яркасці. Ну, а паводле раскручанасці імёнаў — наперадзе, вядома, засталіся расіяне.

Вельмі адметнай сёлета была рэжысура абодвух конкурсаў — дарослага і дзіцячага. Да яе спрычыніліся віцебскія майстры Ірына Коўлена з тамтэйшага ГДК і Ігар Дзяшко, які апошнім часам выкладае ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Абодва конкурсы пачыналіся адметнымі пралогамі — яркімі, відовішчнымі, тэатралізаванымі, прыстасаванымі да памераў і асветленасці сцэны. Асабліва ўразіў віцебскі Маладзёжны тэатр “Колесо” пад кіраўніцтвам Улады Цвікі. А колькі фантазіі было ўкладзена ў абедзве цырымоніі лёсавання! На дарослым — канкурсанты абіралі ручной працы статуэткі гадзіннікаў, што быццам сышлі з палотнаў Марка Шагала. На дзіцячым — і ўвогуле пераносіліся ў Смарагдавы горад.

Што акумуляваў Дзень Беларусі?

Цяпер пра той канцэрт, які, здавалася б, павінен акумуляваць здабыткі нашай нацыянальнай культуры. Так, у рэжысуры Веранікі Янушэўскай-Алтышэц былі нешараговыя ходы, разлічаныя на інтэрактыў. І харэаграфіі шмат было, прычым неаднастайнай, рознастылёвай. І артысты быццам неблагія сабраліся. Ян Жанчак спяваў, прычым жыўцом, са зламанай рукой. Хлопцы гурта “Федэрацыя” абыгралі з’яўленне прыгажуні Вольгі Нікіфаравай у якасці вядучай. “Запальвалі” (кожны па-свойму) Саша Нэма, ансамбль “Бяседа”. Як заўсёды, запомнілася Іскуі Абалян з надзвычай стыльнай кампазіцыяй. Але колькі было незразумелага, неабгрунтаванага... І асобныя бліскаўкі патаналі ў агульным адчуванні нейкай ненатуральнасці, “бясконцасці”.

Усё разам так і не склалася ў прыцягальны малюнак краіны і яе культуры. Можа, уся справа ў тым, што мы хочам ахапіць неабсяжнае? Баімся кагосьці абмінуць і тым пакрыўдзіць? Тыя ж украінцы — наадварот, штогод шукаюць нейкі новы крэатыўны ход. Здараліся ў іх і “правальныя” канцэрты, і папраўдзе шыкоўныя — усялякія. Але, што нязменна, — штогод з розным складам артыстаў. Максімальна, здавалася б, “абмежаваныя”, загнаныя ў адну “зямлянку” абранага кірунку, але тым і цікавыя. То, пераважна, оперныя салісты, то рок-моладзь, сёлета — лаўрэаты віцебскага конкурсу розных гадоў і г.д.

Увогуле ж, 21-ы “Славянскі базар…” узняў безліч папраўдзе вечных фестывальных праблем. Адна з іх — мастацкага густу і чалавечай этыкі. Недарэчным “устаўным нумарам”, што замяніў звыклы “антракт”, сталася выступленне знанага гумарыста Сяргея Драбаценкі, неадаптаванае да тэматыкі і асноўнай “танальнасці” юбілейнай вечарыны Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі “Нам 25!..”. Затое раскручанае расійскае імя было “прыманкай” для гледача. А пра тое, што практычна ўслед за гумарам "а-ля "Аншлаг" ішоў блок памяці артыстаў і сяброў аркестра, каго няма з намі, арганізатары чамусьці забыліся.

Вечная праблема — і глядацкіх густаў. На выбітнай праграме Прэзідэнцкага аркестра ў Канцэртнай зале “Віцебск” маглі там-сям пуставаць месцы. А следам за ёй на "развітальным туры” Ірыны Алегравай у Летнім амфітэатры са спевамі пад фанаграму — аншлаг…

Мінск — Віцебск — Мінск
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"