Як я рабіў плакат для Алімпіяды-1980

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Рэтра-эсэ: Мінск у “алімпійскай зборнай”

Праз 32 гады...

У 1980 годзе Алімпіяду прымаў Савецкі Саюз. Галоўныя падзеі, зразумела, адбываліся ў ягонай сталіцы. Паколькі паруснай рэгаце патрэбны марскія хвалі, дык пашчасціла Таліну. Яшчэ тры гарады — Ленінград, Кіеў і Мінск — былі далучаны да футбольнага турніру.

/i/content/pi/cult/388/7731/7-5.jpeg

У сэнсе турыстычнай прывабнасці параўнанне з іншымі гарадамі алімпійскага кола было не на карысць Мінска. Турысту, які прыехаў на спаборніцтвы ў сталіцу Беларусі, па-за стадыёнам не было дзе і чым бавіць час, а зрабіўшы два крокі ад праспекта, які тады называўся Ленінскім, не было на што вока пакласці. Ды і сам праспект тады не ўспрымаўся помнікам гісторыі. Гэта сёння наша сталіца праз адраджэнне гістарычнага цэнтра і рэалізацыю амбітных праектаў кшталту Нацыянальнай бібліятэкі і комплексу “Мінск-Арэна” мае сапраўды еўрапейскае аблічча…

Праз Мінск праходзілі тыя турысцкія маршруты, што “па мясцінах баявой і працоўнай славы савецкага народа”. Таму ўся інфраструктура горада была збольшага разлічана на непераборлівага савецкага турыста. Далёкім ад еўрапейскіх стандартаў быў гарадскі побыт, дызайн вакзалаў і гасцініц. Я ўжо не кажу пра сэрвіс. Памятаю, як я быў уражаны, калі ў 1979 годзе ўпершыню пабачыў у Мінску двухпавярховы аўтобус з замежнымі турыстамі. Раней гэткія лайнеры Мінск абміналі, прастуючы ад Брэста на Маскву. Ён глядзеўся, не раўнуючы, як карабель іншапланецян.

/i/content/pi/cult/388/7731/7-6.jpeg

Пагадзіцеся, сёння, чакаючы Чэмпіянату свету па хакеі-2014, мы можам здзівіць госця з якой хочаш краіны свету!

Нагода згадаць пра Беларусь

У 1979 годзе я быў дыпломнікам кафедры графічнага дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У тым годзе шэраг нашых заданняў так ці інакш датычылі будучага алімпійскага футбольнага турніру. Гэта падштурхнула мяне да думкі прысвяціць Мінску і Алімпіядзе сваю дыпломную работу.

Прысвечаныя Мінску буклеты і наборы паштовак, што выйшлі з друку напярэдадні Алімпіяды, больш чым на палову складаліся з выяваў “МАЗаў”, “БелАЗаў”, саламяных лялек і народнай керамікі. А галоўнымі тураб’ектамі Мінска і ваколіц афіцыйна лічыліся Дом-музей першага з’езда РСДРП, Хатынь і Курган Славы… І ўсё.

Далучэнне нашай сталіцы да кола алімпійскіх гарадоў уяўлялася мне добрай магчымасцю нагадаць свету пра Беларусь. Давесці, што Беларусь — гэта не толькі партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны і “БелАЗы” ў мірны час, а яшчэ — тысячагадовая гісторыя і еўрапейскага кшталту культура. Урэшце, акрамя спартыўных спаборніцтваў, кожная Алімпіяда мае яшчэ і культурную праграму.

Мінск напрыканцы 1970-х не быў люстэркам беларускай гісторыі. Вось мне і падумалася, што знакі нашай мінуўшчыны варта змясціць на плакаты, а плакаты тыя расклеіць побач з афішамі алімпійскага футбольнага турніру: паглядзеў чалавек на расклад гульняў, а краем вока зачапіў культурную інфармацыю пра Беларусь. Для размяшчэння побач спартыўнай і культурнай інфармацыі меркавалася спраектаваць спецыяльныя стэнды, якія сваёй канфігурацыяй вылучаліся б з гарадскога асяроддзя і адразу прыцягвалі да сябе ўвагу.

/i/content/pi/cult/388/7731/7-2.jpeg

На жаль, атрымалася не ўсё…

Задума была цікавая, але, прызнаюся, мне не хапіла досведу і ўпартасці давесці яе да ладу, а тым больш — да практычнай рэалізацыі. І тым не менш, частка майго дыплома — афіша алімпійскага футбольнага турніру — была надрукавана і стала часткай алімпійскага ландшафту Мінска. Я проста прынёс плакат з выявай футбаліста ў спорткамітэт пры Савеце Міністраў БССР і прапанаваў яго ў якасці афішы алімпійскага турніру. Паглядзелі і сказалі: “Рабі”. Адно ўнеслі карэктывы. Я размясціў выяву футбаліста на фоне піктаграмы, што сімвалізуе футбол. Такі візуальны ход падаваўся мне арыгінальным. Мне ж параілі спалучыць выяву футбаліста з эмблемай Алімпіяды. Мне так хацелася пабачыць сваю работу надрукаванай, што я не стаў спрачацца з замоўцам.

 /i/content/pi/cult/388/7731/7-3.jpeg /i/content/pi/cult/388/7731/7-4.jpeg

Тое, што алімпійскую афішу Мінска рабіў учорашні студэнт, сёння я лічу абсалютна ненармальным. Беручы да ўвагі значнасць такой падзеі, як Алімпіяда, і тое, што гэтая афіша мусіла ўвайсці ў гісторыю, спорткамітэт з гарвыканкамам і Мінкультам павінны былі, відаць, абвясціць агульнабеларускі, а яшчэ лепей — міжнародны конкурс на яе стварэнне. Дзіўна і тое, што калі я прыйшоў са сваім плакатам, не сустрэў ля дзвярэй спорткамітэта натоўпу мастакоў-канкурэнтаў. Фактычна мой плакат прайшоў на безальтэрнатыўнай аснове…

/i/content/pi/cult/388/7731/7-1.jpeg

Дадам, што футбаліст на алімпійскай афішы — гэта ігрок мінскага “Дынама” Пётр Васілеўскі, мой цёзка па імені і прозвішчы. Я папрасіў знаёмага спартыўнага фатографа знайсці мне выразны здымак, які можна было б перавесці ў плакат, і ён даў мне кадр мінскага форварда.

З Алімпіяды-80 пачалася трансфармацыя “ўзорнага савецкага горада”, якім тады была сталіца Беларускай ССР, у стылёвы мегаполіс. Ім Мінск стаў сёння. Мяркую, менавіта тады мінскія ўлады ўсур’ёз задумаліся пра імідж горада. Як вынік: адбудова Траецкага прадмесця, з’яўленне дэкаратыўных скульптур на праспекце Машэрава, распрацоўка планаў регенерацыі Верхняга горада…

Праз два гады ў Мінску адбудзецца Чэмпіянат свету па хакеі. Буду рады, калі мая больш як трыццацігадовай даўніны спроба спалучыць у адзінае культуру і спорт будзе цікавай і сённяшнім дызайнерам.

Фота алімпійскага Мінска Юрыя ІВАНОВА

Рэпрадукцыі плакатаў і праектаў з архіваў аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"