Мускулы і… Бетховен Аляксандра Мядзведзя

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Інтэрв'ю ў вольным стылі з трохразовым алімпійскім чэмпіёнам

/i/content/pi/cult/388/7730/6-1.jpegЧэмпіён трох Алімпіяд, шматразовы чэмпіён свету, Еўропы і СССР, сцяганосец савецкай зборнай на Алімпіядзе ў Мюнхене, беларускай зборнай — у Атланце і Афінах, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта нашай краіны, лепшы спартсмен Беларусі XX стагоддзя, ганаровы грамадзянін Мінска, аўтар падручнікаў па барацьбе, аматар класічнай музыкі і палявання... І ўсё гэта — пра Аляксандра МЯДЗВЕДЗЯ, барца вольнага стылю і чалавека, для якога Беларусь стала другой радзімай не на словах...

Аляксандр Васільевіч — асоба дзейная, неўтаймоўная, мэтанакіраваная. У часе і прасторы заспець яго цяжка: рыхтуецца да юбілею (16 верасня яму спаўняецца 75), займаецца навукай і трэнерскай дзейнасцю (дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі), гадуе ўнукаў і праўнучку. Карацей, “паляваць” на яго трэба напорыста і без стомы.... Сустрэча, словам, адбылася — за нейкі тыдзень да пачатку лонданскай Алімпіяды, у выкладчыцкім кабінеце Мядзведзя на другім паверсе БДУІР. Пакой, быццам, немалы, але пры наяўнасці ў ім гаспадара — высокага і рухавага — падаўся, прама скажам, цеснаватым. Інакш кажучы, спартсмен, па-ранейшаму, у добрай форме і гатовы, як і заўжды, перамагаць...

— Вы зараз у Лондан на Алімпіяду збіраецеся, Аляксандр Васільевіч. А на станцыі мясцовай падземкі, што вашым прозвішчам назвалі, плануеце пабываць?

— Цікава было б патрапіць... Быў я ў Лондане на Чэмпіянаце свету ў 1966 годзе. Горад, упэўнены, змяніўся з таго часу. Ды і правядзенне Алімпіяды наўпрост уплывае на станоўчыя пераўтварэнні не толькі спартыўных збудаванняў, але і ўсіх без выключэння гарадскіх інфраструктур.

— А колькі краін мелі магчымасць бачыць за спартыўнае жыццё?

— Не лічыў, шчыра кажучы. Напэўна, дзясяткі краін давялося пабачыць. Нават на Паўночным Полюсе пабываў пасля адной з Алімпіяд. Вельмі цікавыя сустрэчы былі з мужнымі і самаадданымі людзьмі, што і спорт любілі, і самааддана працавалі на гонар нашай краіны.

— Вы нарадзіліся ва ўкраінскай Белай Царкве, у Беларусь трапілі ў 1956 годзе. Чым яна вас уразіла і прываражыла? Чым яна, на ваш погляд, ад іншых краін адрозніваецца?

— Служыў ва Уруччы, патрапіў сюды з цаліны. У таварняках нас, салдацікаў, везлі, але гэта ніякім чынам настрой нам не псавала. Маладымі былі... Беларусь літаральна на маіх вачах пераўтваралася. І Мінск прыгажэў і, як на дражджах, прырастаў новымі мікрараёнамі. Уручча цяпер і пазнаць цяжка... А ад іншых краін Беларусь адрозніваецца надзвычайнымі шчодрасцю і гасціннасцю. Людзі нашы — вельмі шчырыя і прыстойныя. Усе мае замежныя госці бясконца уражваюцца: на прыпынках грамадскага транспарту мінчане не кураць, на пешаходны пераход скіроўваюцца строга па сігнале святлафора. На нашых рынках ім падабаецца высокая якасць беларускіх прадуктаў. Масквічы нават спецыяльна едуць па сыры і каўбасы... І гэта яшчэ адзін доказ высокай культуры беларусаў — і ў зносінах, і ў вытворчасці. Дык ці можна было не ўлюбіцца ў гэтую культуру, што фарміравалася стагоддзямі.

/i/content/pi/cult/388/7730/6-2.jpeg

— Прозвішча ў жыцці дапамагло?

— Я калі за мяжу тэлефаную, дык гаворку звычайна так пачынаю: “Беларускі буры вас вітае!” Карацей, Мядзведзь я, аднак без футра. Многія думаюць, што гэта псеўданім. Не, я спецыяльна архівамі цікавіўся — сапраўднае родавае прозвішча...

— Але каржакаватасць і рост — таксама родавыя? Адсюль — і прозвішча?

— У бабулі рост быў 1 метр 85 сантыметраў, 45-ы памер каваных ботаў, выпадкова дзесьці выменяных. Праўда, яна іх толькі для паходаў у царкву выкарыстоўвала, а так спрэс басанож хадзіла.

— Ведаю, Мядзведзіхай яе называлі...

— Працаўніцай была вялікай. Выхавала дзвюх дачок і трох сыноў... Калі бываю ва Украіне, заўжды яе магілку наведваю...

— Пра ваша ўваходжанне ў вялікі спорт ужо тамы напісаны. Мяне іншае пытанне цікавіць: упартасць і мэтанакіраванасць у атрыманні перамогі — якасці спадчынныя (ад бабулі) ці набыта-напрацаваныя (ад трэнера і трэніровак)? Вам калісьці на барцоўскім дыване палец зламалі, а вы ўсё роўна лепшым у паядынку аказаліся...

— Так, гэта ў Мехіка было. Высакагор’е тамтэйшае на мой агульны стан не надта станоўча паўплывала. А тут яшчэ палец гэты... Справа ў тым, што супернік — нямецкі спартсмен, якога здавён ведаў, — выпадкова ўдарыў па вялікім пальцы, той і хруснуў, аж вывернула яго ў другі бок. Суддзя крычыць: “Доктара!”, а доктар і са спаборніцтваў зняць можа, дык я сам той палец з хрустам на месца паставіў. Супернік і дагэтуль мяне баяўся, а пасля такога “лячэння” і ўвогуле засумаваў... Вось так я і выйграў тым разам... Словам, калі бароцца, дык бароцца да перамогі. Натуральна, упартасць гэтая можа і праз гены перадавацца, і ад трэнера. Аднак галоўнае, відаць, не ў гэтым. Любы чалавек павінен “будаваць” сябе сам. І не толькі дзеля перамог у спорце. Нездарма мая апошняя кніжка называецца “Усё жыццё — барацьба”.

/i/content/pi/cult/388/7730/6-3.jpeg

— Лёгкіх перамог не бывае па вызначэнні?

— Якая ж гэта перамога, калі яна — лёгкая? Я зараз пра банальныя рэчы казаць буду: адразу і ўсё ніколі не атрымаеш. Жыццё, як і спорт, — вялікая карпатлівая праца... Былі і ў мяне зрывы-паразы (на “мосціку” стаяў, каб на лапаткі не паклалі), але гэта яшчэ больш падштурхоўвала да самаўдасканалення. Я навучыўся аналізаваць кожны ўласны пралік, пачаў весці падрабязны дзённік сваіх спартыўных памылак. У выніку — абавязкова адыгрываўся. Да прыкладу, перамог на сямі чэмпіянатах свету запар... Што хачу тут падкрэсліць? Спорт — занятак для творцаў.

— І з пункту гледжання менавіта творцы як ацэньваеце сённяшні стан нашага нацыянальнага мастацтва?

— І тут таксама патрэбна карпатлівая праца. І тут таксама варта аналізаваць уласныя памылкі, рабіць пасля гэтага высновы. Калі “зорка” хутка ўзнікае, гэтак жа хутка яна і “закатваецца”. А вось Уладзімір Мулявін — зорка, бо ніколі не стамляўся шукаць і знаходзіць. Леў Лешчанка, канцэрт якога на “Славянскім базары...” з задавальненнем паглядзеў і якога асабіста ведаю, — таксама зорка, бо пастаянна і прафесійна рухаецца наперад. І прагу такога руху проста неабходна выхоўваць у моладзі. Выхоўваць паступова, сістэмна і з гарантаваным вынікам.

— Па сталічнай вуліцы Каліноўскага, на месцы былога кінатэатра “Вільнюс” неўзабаве адкрыецца спартыўны цэнтр, дзе па вашай ініцыятыве моладзь будзе далучацца да спартыўнай барацьбы. Але, чуў, апрача спартыўных залаў там будуць памяшканні і для канцэртаў?

— Я б сказаў: памяшканні для творчых стасункаў неабыякавых да спорту і нашай культуры людзей. Калісьці сустрэчы спартсменаў і артыстаў былі пастаяннымі і вельмі ўзаемаўзбагачалі кожнага з нас. У мяне і па сёння шмат сяброў і з пісьменніцкага асяродка, і з тэатральнага, і з мастакоўскага — да прыкладу, скульптар Іван Міско. З артыстамі Купалаўскага тэатра мы шмат кантактавалі на сумесных вечарах. І маскоўскія артысты да нас у Стайкі часта прыязджалі... А спартыўны цэнтр па вуліцы Каліноўскага будзе проста цудоўным! З “маладняком” трэба сур’ёзна працаваць, тады і з алімпійскім “золатам” праблем не будзе. Пры гэтым дбаць варта не толькі пра мускулы, а і пра душу... Асабіста я вельмі музыку люблю, пераважна класічную, да прыкладу, Бетховена. Музыка натхняе, дае станоўчы зарад, прымушае думаць, разважаць.

— Апрача класічнай музыкі вы яшчэ і паляванне любіце. А тут што прываблівае?

— Далучэнне да прыроды. Яна таксама натхняе і дае надзвычай пазітыўны імпульс. Вельмі высокая культура палявання, да прыкладу, на Браслаўскіх азёрах... Дый людзі на паляваннях збіраюцца вельмі для мяне цікавыя.

— Стрэльба, хутчэй за ўсё, — нямецкая?

— Не! ІЖ-12 1964 года. Кажу ж, не гэта для мяне галоўнае... Аднойчы прапанавалі па мядзведзя схадзіць, а я адмовіўся. Хто ж на родзіча палюе?!

— Аляксандр Васільевіч, якія шанцы ў нашай алімпійскай зборнай?

— Натуральна, не кожны вернецца з перамогай. Але Прэзідэнт Беларусі даў спартсменам правільны наказ: не толькі ўдзельнічаць у Алімпіядзе, а і належных вынікаў дасягнуць...

— Цікава, а пра што вы думалі, калі ўпершыню лепшым у свеце сталі?

— Адчуў гонар за тое, што апраўдаў спадзяванні краіны, трэнераў, сяброў, што здолеў выкарыстаць свае веды, аб’яднаць сілу і творчасць.

Фота Аляксандра Мядзведзя — Юрыя ІВАНОВА

Фота з перадалімпійскага Лондана прэс-службы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь

 

Не мемуары, а споведзь

/i/content/pi/cult/388/7730/6-4.jpegУ серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выдавецтва “Мастацкая літаратура” пабачыла свет кніга “Аляксандр Мядзведзь. Усё жыццё — барацьба”.

Літаратурны запіс разваг знакамітага спартсмена зрабіў журналіст Сяргей Канашыц. Гэта не мемуары, а споведзь чалавека, для якога перамога стала нормай жыцця. Аляксандр Мядзведзь аналізуе свой лёс, распавядае пра эпоху, згадвае дзяцінства, юнацтва і сталенне.

Маналог барца аздоблены фотаздымкамі, што адлюстроўваюць яго ўпэўненае ўзыходжанне на спартыўны алімп.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"