“Падарожжа па старонках ягонага жыцця

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

30 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ўзяло пачатак літаратурнае свята “Каласавіны-2007”. У гэты дзень адкрылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на тэму: “Творчая спадчына Якуба Коласа ў парадыгме грамадска-інтэлектуальнага асяроддзя пісьменніка”.

 /i/content/pi/cult/135/773/Kolas-kanfer-44.jpg
Перад пачаткам мерапрыемства адбылося спецыяльнае гашэнне юбілейнай маркі “Белпошты”, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.
Адкрыла канферэнцыю дырэктар Коласаўскага музея ў Мінску, старшыня Рады дырэктараў рэспубліканскіх музеяў Беларусі Зінаіда Камароўская. З прывітальным словам да прысутных у мемарыяльнай гасцёўні звярнуўся Міхась Міцкевіч — доктар тэхнічных навук, сын Якуба Коласа. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Гедройц у сваім выступленні зазначыў, што беларусы чакаюць новых цікавых адкрыццяў, датычных жыцця і творчасці выбітнага Песняра. Выступілі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі Міхась Мушынскі, іншыя вядомыя навукоўцы.
На адкрыцці канферэнцыі прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы, які зазначыў: юбілей — нагода для асэнсавання значнасці такой постаці, як Якуб Колас. Нядаўна эпічная коласаўская “Новая зямля” выйшла і ў перакладзе на ўкраінскую мову. Украіна, падкрэсліў І.Ліхавы, паважае класіка беларускай сучаснай літаратуры. Аб перакладах на ўкраінскую мову твораў Я.Коласа распавяла дырэктар Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага Вікторыя Калеснік.
Усяго ў канферэнцыі прынялі ўдзел болей за сорак коласазнаўцаў з усіх абласцей Беларусі, навукоўцы з шасці універсітэтаў нашай краіны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, архіваў. На навуковым форуме выступілі спецыялісты ў галіне музея- і літаратуразнаўства з Украіны, Санкт-Пецярбурга, прадстаўнікі беларускай дыяспары з Латвіі. Удзельнікі канферэнцыі ў навуковых секцыях абмяркоўвалі навуковыя даследаванні, прысвечаныя асобам з творчага і чалавечага атачэння Якуба Коласа. Разглядаліся такія пытанні, як традыцыі Якуба Коласа ў сучаснай словатворчасці і традыцыі асветніцтва; ранняя творчасць Песняра як сімвал нацыянальнага адраджэння; спадчыннасць хрысціянскіх традыцый сям’і Міцкевічаў у жыцці і творчасці Я.Коласа і іншыя.
А ўвечары адбыўся аўтарскі музычны перформанс “Песня волі” кампазітара Ганны Кароткінай паводле паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Партыю фартэп’яна вяла сама Г.Кароткіна, вершы чытаў артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандр Малчанаў, сааўтарам на ўдарных выступіў лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Новікаў.
Удзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з выстаўкай ілюстрацый да коласаўскай паэмы “Новая зямля” народнага мастака Васіля Шаранговіча.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА