"Сытны абед" з інтэрпрэтатарам

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Праект з эвалюцыяй

Нараканні на тое, што ў беларускім contemporary art няма культавых постацей, пазбаўлены сэнсу. Гэта зразумела кожнаму, хто бывае на выстаўках ды здатны бачыць. А вось культавымі (ці хаця б заўважнымі) гэтыя постаці робяць тыя, хто адказвае за “раздачу статусаў”: суб’екты арт-інфраструктуры і медыя. Адпаведна, усе пытанні — да іх, а не да мастакоў.

Пераканацца ў гэтым мог кожны, хто наведаў выставачны праект Сяргея Кірушчанкі “Метабалізм жывапіснай прасторы”, што складаўся ажно з трох частак, размешчаных на дзвюх пляцоўках. 60-гадовы мастак, які даўно мае культавы статус у “вузкім коле”, ці не ўпершыню ў сваім насычаным творчым жыцці “прагучаў” на ўвесь голас. Справа тут — у канцэптуальнай выверанасці (цэласныя праекты, а не аморфная рэтраспектыва!), у бездакорнасці пабудовы экспазіцыі ды яе належным інфармацыйным забеспячэнні са “спадарожнай” праграмай семінараў ды экскурсій.

/i/content/pi/cult/388/7728/9-3.jpeg

Аўтар выстаўкі нярэдка спалучае ў адной асобе ўсе магчымыя функцыі: і куратара, і экспазіцыянера, і капірайтара разам з карэктарам, і нават грузчыка, і, канешне ж, спонсара... Глядач зазвычай адчувае гэтую “шматстанковасць” на ўласнай скуры. “Метабалізм” парушыў завядзёнку. Праект стаў супольным вынікам працы цэлай плоймы розных інстытуцый ды асоб: Беларускага саюза мастакоў, Палаца мастацтваў, галерэі “Ў”, куратара Сяргея Шабохіна, мастацтвазнаўцаў, філосафаў і нават аднаго графітыста. Тое, што атрымалася, — сапраўды ўражвае! З’явілася пераканаўчая нагода перайначыць правакацыйны крылаты выраз “Нічога няма!”, які нярэдка прымяняецца для характарыстыкі спраў у сучасным беларускім мастацтве, на “Нехта ёсць!”.

Выстаўка прэтэндуе на пэўную “выніковасць”, звыклую для “юбілейных” нагод. Тым не менш, валявым рашэннем мастака і куратара мінуўшчынай было рашуча ахвяравана на карысць цяпершчыны. “Асноўная страва” — той самы “Метабалізм”, які ўключае творы апошніх двух гадоў ды займае амаль увесь другі паверх Палаца мастацтва — самую вялікую выставачную залу краіны. “Дэсерт” — новая версія папярэдняга буйнога праекта мастака пад назвай “Пара ўшчыльную заняцца прыземленым мастацтвам”. Папярэднія чатыры дзесяцігоддзі творчага жыцця Сяргея Кірушчанкі прадстаўлены ў сціплай і цікавай хіба з пазнавальнага пункта гледжання рэтраспектыве ў галерэі “Ў”. Такая дыспрапорцыя можа толькі радаваць: аўтар сведчыць, што жыве не былымі дасягненнямі, але ў актуальным вымярэнні.

“Метабалізм жывапіснай прасторы” — гэта серыя вялізных палотнаў, збольшага падуладных адзінай геаметрычнай структуры: манахромны фон пераразаюць роўныя краты. Аўтар параўноўвае іх з клеткамі — асновай усяго жыцця ў яго біялагічным вымярэнні. І, безумоўна, памыляецца той, хто лічыць, быццам мінімалізм — або мінімалістычнасць выяўленчых сродкаў — гэта вельмі лёгка. Насамрэч, гэта — абмежаванасць. Пагадзіцеся, цяжка зрабіць сытны абед з аднаго інгрэдыента. Уздзейнічаць жа на свядомасць гледача яшчэ цяжэй. А ў Кірушчанкі гэта атрымалася. Пры ўсёй сваёй герметычнасці, выстаўка стала інтэрактыўнай: яна правакавала на актыўнае ўспрыняцце.

/i/content/pi/cult/388/7728/9-4.jpeg

Тэксты, напісаныя з гэтай нагоды — у тым ліку і самім мастаком, — разумныя ды пераканаўчыя, кампетэнцыя іх аўтараў па-за сумневам. Ды, тым не менш, словы ўсё адно застаюцца толькі своеасаблівай інтэлектуальнай “аблямоўкай” праекта.

Геаметрычныя выявы, пазбаўленыя мімесісу і вобразнасці, падаюцца цалкам непадуладнымі вербальнаму вытлумачэнню ды ўвогуле хоць якой магчымай інтэрпрэтацыі. Гэта — рэч у сабе, што патрабуе не разумення, але толькі “ўглядання”, не вытлумачэння, але медытатыўнага ўспрыняцця. Падоўгу ўзіраючыся ў аднастайныя крацістыя структуры, глядач адчувае ў іх пэўную эвалюцыю, лёгкую змену прапорцый паміж святлом і ценем. І прыходзіць да высновы: гэтыя зусім фармалістычныя творы — усё ж жывыя. У іх прасторы адбываюцца нейкія працэсы, зусім непрыкметныя на першы погляд. Як і біялагічны метабалізм, які паслужыў для мастака метафарай.

Напэўна, менавіта тут хаваецца ці не самы істотны парадокс фармальнага мастацтва. З аднаго боку, творы Кірушчанкі — гэта вынік эвалюцыі жывапісу як такога, і вынік ці не фінальны. З іншага — гэта не канец, але — пачатак, вяртанне да субстанцыі, да самых вытокаў. А вытокі — гэта колер, а не сэнс. З чаго пачынаўся кожны мастак? Дзіця бярэ фарбы і пачынае крэмзаць імі дзе толькі можна, адчуваючы ад гэтага першабытную радасць. Потым з’яўляецца пэўная вобразнасць, мінімум аналізу, потым — праявы акадэмізму, канцэпцыі, дыпломы... І вось, ужо на сёмым дзясятку, мастак ізноў вяртаецца да гэтай непасрэднасці, праўда, — на іншым узроўні...

Сяргею Кірушчанку зацесна ў двухвымернай прасторы палатна. Таму жывапіс неяк сам сабою становіцца асновай для аб’екта. Два люстэркі — адно насупраць другога — ствараюць эфект бясконцага тыражавання рэчаіснасці. Банальны, але эфектыўны спосаб пашырэння экспазіцыйнай прасторы ўтварае ў зале Палаца мастацтва бяздонны калодзеж. Іншы спосаб трансгрэсіі аўтарскай практыкі — перформанс, відэадакументацыя якога была прадстаўлена ў экспазіцыі. Людзі, якія стаяць на балконах звычайнай шматпавярхоўкі, перадаюць па ланцугу знізу ўверх карціны. Пачатак і канец руху застаюцца па-за кадрам. Больш за тое: крацістыя структуры сталі асновай для графіці (ля галерэі “Ў”) і нават аздаблення мінскіх будынкаў (вядома, у выглядзе макетаў).

...Выпадкова сустрэўшыся з аўтарам на ганку Палаца мастацтва, пачуў ад яго, што “Метабалізм” можна разглядаць як заяўку на ўдзел ад імя Беларусі ў чарговым Венецыянскім біенале. Ахвотна пагадзіўся: заяўка — пераканаўчая. Але падазраю, што калі такі падыход да арганізацыі выставак у айчыннай арт-супольнасці будзе практыкавацца і надалей, у Сяргея Кірушчанкі могуць з’явіцца сур’ёзныя канкурэнты.

На здымках: творы з праекта Сяргея Кірушчанкі.