Нам родны Артыст

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

“Здароўя вам, Багдан Сільвестравіч!” — такімі шчырымі словамі скончылі мы сваю папярэднюю публікацыю пра Багдана Ступку. На жаль, хвароба аказалася мацнейшай за пажаданні любімаму артысту з мільёнаў сэрцаў і вуснаў шанавальнікаў яго непаўторнага таленту.

/i/content/pi/cult/388/7727/9-1.jpegНа шчасце, у апошнія гады беларусам шанцавала бачыць Ступку часта. Прынамсі, лістападаўскімі днямі артыст імкнуўся знайсці дзень — другі, каб прыехаць у Мінск. З фільмам ці проста на наш Міжнародны кінафестываль. А то і са спектаклем на тэатральны форум. Карацей, у Беларусь, да сяброў, якіх у Ступкі было ў Мінску багата. Ды летась, каб атрымаць спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”, артыст прыехаць не змог…

І хоць сустрэч сам-насам з феерычным Багданам Ступкам, з ягоным яскравым талентам больш не будзе, засталіся ягоныя ролі і ягоныя словы, прамоўленыя і ў Беларусі — са сцэны, у час майстар-класаў, на сустрэчах з гледачамі.

“Заўжды любіў Мінск, Беларусь і беларускую мову. Гэта мова сяброў”.

“Здымаць трэба шмат і рознае. Тады колькасць абавязкова пяройдзе ў якасць. А нацыянальнае кіно — высокамастацкае. І на Беларусі робіцца многае, каб такое кіно было”.

“Якімі справамі, здзейсненымі на пасадзе міністра культуры, я ганаруся? Найперш, тым, што ўвёў Украіну ў праграму Венецыянскіх біенале... Неабходна было штосьці прыдумваць, асабліва з улікам таго, што фармат біенале менш за ўсё нагадвае звыклую выстаўку жывапісу, гэта найперш інсталяцыі. Нашы творцы прапанавалі праект: лепшыя “мастакі” XX ст. — Молатаў і Рыбентроп — малююць на карце Еўропы граніцы. Альбо быў яшчэ адзін варыянт, прысвечаны ідэі павярнуць рэчкі назад. Генеральны дырэктар біенале сказаў: “Украіна будзе на першым месцы”. Але “традыцыяналісты” ад культуры пачалі абурацца, казаць, што трэба паказаць “сапраўдную” Украіну. У выніку ў Венецыі перад уваходам у парк раскінулі палатку, у ёй паставілі тыны-пералазы, на якія павесілі гаршкі, і гэтак далей... Я не прыхільнік такога прымітыўнага прадстаўлення нашай краіны. Але ўсё роўна ганаруся тым, што Украіна выехала ў Венецыю.

Другое, што я зрабіў на гэтай пасадзе добрага, — выдаў загад, згодна з якім у кожны апошні чацвер месяца студэнты ўсіх навучальных устаноў, пачынаючы ад тэхнікумаў і заканчваючы ВНУ, салдаты тэрміновай службы і пенсіянеры маюць права на бясплатны ўваход на ўсе відовішчныя мерапрыемствы.

I трэцяе: Львоўскі тэатр Марыі Занькавецкай, у якім я вырас і вучыўся, я перавёў у статус нацыянальнага. Статус даваў магчымасць атрымліваць добрую зарплату. Таму што ў перыферыйных тэатрах на той час былі надзвычай мізэрныя заробкі, а людзі, якія там працуюць, — сапраўдныя майстры”.

“…Мастацтва не мае межаў і належыць усяму чалавецтву, не зважаючы на тое, на якой мове ты іграеш. Я б, дарэчы, — у якасці мары — калі б меў шмат грошай, хацеў бы ездзіць па свеце, і аднаго разу завітаць на Беларусь, вывучыць беларускую мову і сыграць у якім-небудзь спектаклі разам з вашымі акцёрамі, хаця б і эпізадычнага персанажа”.

“Я не разумею, што такое “рамкі акадэмічнага тэатра”. Калі тэатр акадэмічны — гэта не значыць, што ён кансерватыўны. На эксперыменты неабходна ісці (хаця я і не прыхільнік радыкальных крайнасцей) абавязкова — без іх няма прагрэсу... "

"Якім мне ўяўляецца нацыянальны тэатр? Я лічу, што на яго сцэне павінен ісці ўвесь найлепшы рэпертуар свету, усё лепшае, што было створана за стагоддзі існавання тэатра. Але ж пры гэтым неабходна памятаць і пра ўласныя сцэнічныя традыцыі... Нацыянальная культура — багатая!"

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні родным і блізкім народнага артыста СССР, народнага артыста Украіны Багдана Ступкі. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.