“Ураган” — першае каханне?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

На “Славянскім базары ў Віцебску” пачаў адзначаць сваё 10-годдзе Прэзідэнцкі аркестр Беларусі. Праграма “Ураган”, складзеная з твораў папулярных замежных рок-музыкантаў і фрагментаў рок-опер, упершыню была прэзентавана ў сталіцы — у Канцэртнай зале “Мінск”. Потым “абкатвалася” ў Гродне і Магілёве, асобныя нумары гучалі ля сцен Мірскага замка.

Але менавіта ў Віцебску да яе падключыўся лаўрэат міжнародных конкурсаў, знакаміты малады беларускі спявак Анатоль Сіўко, які апошнім часам удзельнічае ў самых выбітных замежных оперна-канцэртных праектах. І гэта дало праграме новае дыханне. Ці ўсе, дарэчы, ведаюць, што Анатоль калісьці пачынаў з маладзечанскага рок-гурта? Так што “Ураган” вярнуў яго, можна сказаць, да “першага музычнага кахання”, але — на новым узроўні. Немагчыма было не заўважыць яркасць, адметнасць яго тэмбру, папраўдзе тэатральную вобразнасць, спеўнае і акцёрскае майстэрства найвышэйшага пілатажу.

/i/content/pi/cult/388/7726/8-4.jpeg

Удзел у праграме дапамог зрабіць крок наперад лаўрэату колішняга конкурсу “Славянскага базару…” Георгію Калдуну. Праўда, для сапраўднага “ўрагану” яму не хапіла раскаванасці выканання такой музыкі. Выхаваны на джазе Яўген Слуцкі, студэнт БДУКіМ і пераможца нядаўняга праекта “Акадэмія талентаў”, наадварот, пачуваў сябе ў стылістыцы надзвычай вольна, адчуваючы не толькі драйв, але і “палётнасць”.

А як узрасла спрактыкаванасць самога аркестра, асабліва — групы медных! Гітарысты Улад Мазуркевіч і Ягор Дзыгун папраўдзе “запалілі” публіку энергетыкай, памножанай на віртуознасць. І так, дарэчы, паспяхова, што зала не супакоілася, пакуль не пачула сольную гітару Улада. Дый слухачы, трэба сказаць, сабраліся неабыякавыя, рэагуючы апладысментамі на кожную знаёмую мелодыю ды пазнаны па першых гуках нумар. Фінальная ж кампазіцыя стала негалосным спаборніцтвам паміж усімі трыма вакалістамі і голасам гітары.

У выступленнях Прэзідэнцкага аркестра на першы план заўсёды выходзілі не столькі “камандна”-кіраўнічыя функцыі Віктара Бабарыкіна, колькі яго музычнасць, часта — надзвычайнасць інтэрпрэтацый. Усё гэта было і гэтым разам. Але яшчэ больш заўважным стала і многае іншае. Тое, да прыкладу, як узрасла мануальная тэхніка маладога дырыжора, з’явілася асаблівая пластыка, разнастайнасць, дакладнасць жэстаў.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"