Хто і навошта выкінуў фота?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Інтэлектуальныя гульні са старымі рэчамі

“Старыя рэчы” — агульная назва даследаванняў Міхаіла Баразны, Андрэя Васілеўскага і Кацярыны Кенігсберг. Праект аб’ядноўвае фатаграфію, фатаграфіку і, па магчымасці, некаторыя прадметы побыту 1940 — 1990-х гадоў.

Мастакі працавалі незалежна адно ад аднаго. Вынікі былі прадстаўлены гледачу вясной у галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, затым — у Любанскім музеі народнай славы. Затым выставачны праект “Старыя рэчы” паказалі ў Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі ў Гомелі.

Для Міхаіла Баразны старыя рэчы — гэта, перш за ўсё, прадметы: побыту, асяроддзя, часу, эпохі. Стары свет, старыя рэчы цікавыя мастаку, яны выклікаюць успаміны пра сям’ю, пра важныя падзеі. Адносіны “старое — новае” — інтэлектуальная гульня. Кожны з прадметаў такой гульні распавядае пра яе: штодзённасцю ці святочнасцю ўжывання, загнутым кутком пажоўклага кардону кніжнай вокладкі, слядамі клею на ручцы кубка, іржой на металічным абажуры...

/i/content/pi/cult/388/7725/8-1.jpeg

Задача даследчыка — пачуць аповед, уплесці яго ў задуму, збалансаваць суадносіны праўды і выдумкі ды прадставіць новую гісторыю. Вядомая серыя Міхаіла Баразны “Старыя рэчы” дала назву выстаўцы.

Даследчы праект Кацярыны Кенігсберг складаецца з дзвюх серый — “Невядомы альбом” і “Сямейны альбом”. У іх старыя здымкі падтрымліваюцца і ўзмацняюцца сучаснымі.

Ідэя “Невядомага альбома” ўзнікла 1 сакавіка 2011-га, у пачатку 8-й раніцы, калі пад час прагулкі з сабакам Джэсікай на заснежанай лаўцы аднаго з мінскіх бульвараў былі знойдзены чатырнаццаць чорна-белых фатаграфій, а наступнай раніцай — яшчэ адна, ужо ў снезе за лаўкай. Хто і навошта выкінуў здымак Міці, падпісаны “Шаноўнай зямлячцы Волечцы” 13 кастрычніка 1942 года, фатаграфію Уладзіка і Алачкі, перададзеную “На памяць цётцы Алене і Волі” 23 красавіка 1949 года, ды ўрачысты студыйны здымак Волі ў школьнай форме з белым фартухом (“Дарагім цётцы Волі і бабулі Алене ад Волі”, 1952 г., 13 верасня)? Фотаздымкі былі высушаны і адсканіраваны. Брудныя плямы, пацёртасці, абарваныя краі былі пакінуты так, як ёсць. Мяркуючы па імёнах ды імёнах па бацьку, гэта была яўрэйская сям’я. Хутчэй за ўсё, радзіна гэтая даўно эмігрыравала. А першая хваля яўрэйскай эміграцыі ў 1970-я гады выязджала праз Вену. Таму другая частка ўсіх фотаработ гэтай серыі, падкладка, задні план — сучасная здымка Вены.

/i/content/pi/cult/388/7725/8-2.jpeg

“Сямейны альбом” складзены, як і належыць, з сямейных фота. Іх захавалася даволі шмат. Ёсць некалькі зусім старых, дарэвалюцыйных: прабабуля Кацярына Якаўлеўна ў гімназічнай форме, хутчэй за ўсё, у Рызе, дзе яна жыла ў багатых сваякоў. Агульны здымак пяці сясцёр — Кацярыны, Раісы, Ганны, Марыі і Юліі — 1920-х гадоў і такі ж, але ўжо пасляваенны. Маладая прабабуля ў строгіх касцюмах ды прыгожых сукенках, з мужам і маленькай дачкой Тамарай. Эвакуацыя на Урал, пасляваеннае жыццё ў падмаскоўным Міхневе, пераезд у Мінск у 1948-м, праца і святы, адпачынкі і дачнае жыццё — усё захоўваецца ў некалькіх альбомах. Фотаздымкі канца 1950-х — пачатку 1960-х у альбоме для чарчэння, з прарэзамі пад памер здымкаў: маленькія карткі з эвакуацыі ў Сцерлітамак, кадры першамайскай дэманстрацыі 1946 года ў Мазыры, сям’я: тата, яго сястра Іна, бацькі Фрыда Пятроўна і Эмануіл Якаўлевіч ды бабуля Рыся (у рускай версіі — Рыся Шмар’еўна, але часцей яе называлі мадам Бродская).

Бабулі, цёткі, сваякі ды сябры зноў носяць сукенкі, пінжакі і модныя капялюшыкі, збіраюць кветкі і разводзяць герань на падаконніках, ходзяць на першамайскую дэманстрацыю, носяць наглуха зашпіленыя белыя халаты, гуляюць у валейбол ды пазіруюць на фоне “Перамогі” суседа, слухаюць радыё і адсылаюць тэлеграмы…

Серыя Андрэя Васілеўскага “Старыя рэчы ў старым свеце” — здымка прадметаў побыту мінулых гадоў, аднаўленне атмасферы таго часу з яго наіўнымі ўпрыгожаннямі, масіўнымі гадзіннікамі, далікатнымі статуэткамі, каляровым шклом. Менавіта гэты, цяпер ужо не такі зручны і не вельмі зразумелы, матэрыяльны свет шмат у чым быў асновай свету духоўнага, які мае асаблівае значэнне і асноўную каштоўнасць для даследчыка.

/i/content/pi/cult/388/7725/8-3.jpeg

Аўтарскія праекты, аб’яднаныя агульнай тэмай, нясуць адбітак гэтага часу і страчанага матэрыяльнага свету. З матэрыялу ўзнікае выява, з выявы нараджаецца яго гісторыя, з гісторыі — яе інтэрпрэтацыі. Сама па сабе старая рэч — не больш чым прадмет. І толькі талент даследчыка дазваляе надзяліць яе гісторыяй, легендай, даць ёй новае жыццё...

Кацярына КЕНІГСБЕРГ