Змяніліся канкурэнты! або Стабільнасць стала нечаканасцю

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Упершыню за некалькі гадоў беларускія ўдзельнікі не атрымалі лаўрэацтва не толькі на дарослым, але і на дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”. Але наўрад ці трэба рабіць з гэтага “нацыянальную трагедыю”. Бо ўсе выступілі вельмі годна. А спеўныя дзеці як былі, так і засталіся адной з сапраўдных перлінак нашай эстрады. І, шырэй, спеўнай эстраднай школы.

Сёлетні дзіцячы конкурс выклікаў самыя прыемныя ўражанні — па ўсіх складніках. Ён пераадолеў, нарэшце, многія недахопы ранейшых такіх спаборніцтваў, якія сведчылі пра пэўныя хібы ў пачатковым музычна-эстрадным выхаванні. Так, значна палепшыўся рэпертуар. У ім амаль не засталося “перапеваў” надта дарослых па тэматыцы кампазіцый, смешнага “капіравання” заходніх зорак. Пра добрую падрыхтоўку сведчылі ледзь не ўсеагульная чысціня інтанавання, меншы працэнт “крыку” замест натуральнага гуказдабывання. У тым, як нязмушана, шчыра дзеці паводзілі сябе на сцэне, спалучаючы спевы з пластыкай і танцамі, адчувалася багатая канцэртная практыка.

Пры ўсім высокім узроўні ўдзельнікаў, на дзіцячым конкурсе, у адрозненне ад дарослага, адразу выявіўся лідар. Гран-пры Марыям Бічашвілі з Грузіі быў цалкам прадказальным. І не толькі з-за асаблівай спеўнай і музычнай адоранасці дзяўчынкі, але і дзякуючы адметнасці рэпертуару, дзе спалучаліся сучаснасць і класіка, разнастайнасць вобразаў і ўласна вакальных прыёмаў. Першай прэміяй журы ацаніла артыстызм, энергетыку і сапраўдны драйв Алішэра Жаксыбая з Казахстана. На другую прэмію “пацягнулі” прыгажосць голасу Дыяны з Румыніі, артыстызм Шухрата з Узбекістана і ўпэўненасць “маленькай Русланы” — Паліяны Рыжак з Украіны, якая пераканала не толькі купальскай песняй з акапэльным пачаткам, але і зваротам да Майкла Джэксана. Пералічаныя якасці былі выяўлены ў іх настолькі ярка, што сапсаваць агульнае ўражанне не змаглі ніякія недахопы. Трэцюю прэмію атрымала лірычная Паўліна Скрабітэ з Літвы (удзельніца леташняга дзіцячага “Еўрабачання”), якая “расцвіла” на другой песні.

А што ж нашы дзяўчынкі? Іх перавагай была роўнасць і стабільнасць выступленняў. Гэтыя якасці, якія ў апошнія гады сталі ледзь не “ментальнымі” рысамі беларускіх канкурсантаў, даволі часта, заўважым, прыносілі перамогу. І стаўка на іх уяўлялася верным разлікам. Але як змяніліся сёлета канкурэнты! Калі раней стабільнасць вылучала нашых сярод іншых, дык цяпер, наадварот, “далучала” да астатніх. Пры такім высокім узроўні трэба было іншае — здзівіць. А ці ж “здзівіш” каго перамогамі беларускіх удзельнікаў? Пэўна, адсутнасць “конкурснага здзіўлення” і адыграла сваю ролю, калі журы выносіла вердыкт. Так што Лізе Мураўёвай, як лепшай з беларускіх удзельнікаў, дастаўся спецпрыз Саюзнай дзяржавы.

Ды ўсё ж не будзем ідэалізаваць: нашым канкурсантам сёлета і сапраўды было куды расці. І песні, пэўна, маглі б быць больш яркімі і, галоўнае, конкурснымі, а не “звыкла дзіцячымі”. І ў выкананні, на жаль, адчувалася стомленасць — замест эфекту “першаадкрыцця”. Тым не менш, давайце віншаваць згаданую Лізу, Жэнечку Кляпіцкую і іх педагогаў з атрыманымі званнямі дыпламантаў Міжнароднага конкурсу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"