Рэцэпт ад “хранічнага аўтсайдарства”

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Жлобіншчына: сустрэча праз тры гады з нечаканым вынікам / Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

У 2009 годзе “К” змясціла артыкул “Ракіроўка адбылася. Калі чакаць выніку?” Гаворка ў ім вялася пра стан спраў ва ўстановах культуры Жлобіншчыны. Стан той, як падалося, быў досыць трывожным. Не выконваўся план па аказанні платных паслуг. Рамонт ГДК, распачаты аж у 1999 годзе, так і не быў завершаны. Шэраг сельскіх устаноў напярэдадні восені ўвогуле не мелі ацяплення. Кульгала працоўная дысцыпліна. За адносна малы час змяніўся ці не ўвесь склад аддзела культуры, які не меў раней нават сталага начальніка. Кадравыя ракіроўкі не прыносілі адчувальнага плёну...

На рэдакцыйнай планёрцы было вырашана яшчэ раз вярнуцца да жлобінскай праблемы. Менавіта гэтым і была выклікана нядаўняя камандзіроўка... Станоўчага выніку ад тамтэйшых ракіровак, як аказалася, трэба было чакаць тры гады. Не бяру на сябе адказнасць сцвярджаць, што менавіта наша газета пэўным чынам паўплывала тады на стабілізацыю спраў у сферы культуры раёна. Проста на пасаду начальніка аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама неўзабаве пасля артыкула ў “К” прыйшоў дасведчаны і неабыякавы спецыяліст.

Колькі каштуе “каравай”?

Такім чынам, час безуладдзя для аддзела скончыўся тры гады таму. Сённяшні ягоны начальнік — Віктар Бажан — працуе ў сферы культуры больш за тры дзясяткі гадоў. У свой час кіраваў гарадскім аддзелам культуры, потым узначальваў ведамасны ПК металургаў... Карацей, не з вуліцы чалавек. Таму адразу ўзяўся за дысцыпліну. Вось тады, як сцвярджае сам Бажан, і адбылася апошняя кадравая ракіроўка... Прынцып кіравання ў яго цяпер нескладаны: “Пакажыце сваю работу! Менавіта ад яе выніковасці будуць залежаць і прэміяванне, і тое, колькі пазабюджэтных грошай застанецца ў вашай установе для яе далейшага ўмацавання”. Гэткай жа тактыкі, натуральна, прытрымліваецца і галоўны бухгалтар аддзела Вольга Елісеева. Пазабюджэтныя грошы застаюцца ва ўстановах культуры толькі пры той умове, калі набытае за іх абсталяванне акупляецца і працуе на агульную справу. Менавіта на гэтай умове, да прыкладу, клубнікі вёскі Стрэшын атрымалі ад аддзела ноўтбук, які і выкарыстоўваецца цяпер з максімальнай аддачай на дыскатэках.

/i/content/pi/cult/388/7722/10-5.jpeg

У выніку аддзел за апошнія гады з ліку хранічных аўтсайдараў па выкананні плана платных паслуг здолеў трапіць у пяцёрку лепшых з дваццаці двух раёнаў Гомельшчыны. І колькасць народных і ўзорных калектываў перавысіла два дзясяткі. І эпапея з рамонтам ГДК летась была завершана. І дзесяць неацепленых клубаў не без поспеху спраўляюцца цяпер з планам па энергазберажэнні. І пераходныя аграгарадкі “Чырвоны Бераг”, “Майскае”, “Пярэвічы” атрымалі ўрэшце свой сапраўдны статус...

Але галоўным падаецца ўсё ж тое, што ў аддзеле пачалі мэтанакіравана працаваць са спонсарамі. “У сувязі з правядзеннем VI рэгіянальнага свята дзіцячай творчасці “Рускі партрэт у беларускім інтэр’еры” з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі Жлобінскі райвыканкам прапаноўвае арганізаваць рэкламу прадукцыі вашага прадпрыемства ў ГДК і аказаць мерапрыемству фінансавую падтрымку”... Лісты з прыкладна такім зместам за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Касцяйкова галоўны спецыяліст аддзела культуры Лілія Вашкоўская з зайздроснай перыядычнасцю рассылае па адрасах мясакамбіната, рамонтнага завода, вагоннага дэпо, футравай фабрыкі, Беларускага металургічнага завода... У выніку названае рэгіянальнае свята стала маштабным, яркім і брэндавым.

Пра спонсарства БМЗ — гаворка асобная. Віктар Бажан на заводзе — чалавек вядомы і паважаны (усё ж не адзін год кіраваў — і кіраваў няблага — Палацам культуры металургаў). І было б дзіўна, каб свой аўтарытэт начальнік аддзела не выкарыстаў з карысцю для агульнай аддзелаўскай справы. Толькі адзін, але красамоўны прыклад. Шыльды для ўстаноў культуры з падачы Бажана вырабляюцца менавіта на БМЗ. Кошт адной такой шыльды ў прыватніка склаў бы каля мільёна рублёў, а на заводзе — пад дзвесце тысяч. Драбяза? Мо і так. Але курачка (тым больш — на не заўжды ўраджайным “гародзе” культуры) па зернейку клюе. А зернейка да зернейка — ужо каравай.

Каб “чырвоным” не прайшло...

І не падумайце, што складаю я зараз гэткую оду спадару Бажану. Проста факт застаецца фактам: за тры гады змены ў аддзеле адбыліся карэнныя. А сутнасць гэтых пераўтварэнняў, як падаецца, зацікавіць павінна кожны аддзел Беларусі, асабліва той, дзе і з псіхалагічна-маральным прыкладам не ўсё як мае быць, і паказчыкі кульгаюць, і ініцыятывы знізу не адшукаць...

А сутнасць нескладаная: дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна. Яшчэ тры гады таму ГДК меў план па аказанні паслуг у 30 мільёнаў рублёў. Сённяшні план установы — 160 мільёнаў. Натуральна, зарабіць іх няпроста, тым больш, дваццацігадовы рамонт ГДК ніяк не спрыяў росту творчага імпэту ягонага калектыву. Тым не менш, справа рушыць наперад. Як заўважыла мастацкі кіраўнік народнага харавога калектыву ГДК, заслужаны работнік культуры Беларусі Галіна Станіславава, былі б умовы для творчасці, а поспех прыйдзе. Умовы ўрэшце створаны. Рэжысёр народнага тэатра Мікалай Саснін распавядае пра пастаянныя раённыя гастролі калектыву. У рэпертуары ГДК стала больш маладзёжных разнажанравых праграм. Больш публікі — больш ахвотных спрычыніцца да славы самадзейных артыстаў. Павялічылася не толькі колькасць народных і ўзорных калектываў, але і колькасць гурткоў ды аб’яднанняў.

Па словах галоўнага бухгалтара аддзела культуры, актыўнічаць пачалі і на раёне. У месяц Вольга Елісеева падпісвае да 30 калькуляцый на самыя розныя віды паслуг. Адсочвае, каб эканамічныя намаганні ўстаноў не праходзілі ў бухгалтарскіх справаздачах “чырвоным”, то бок — з мінусавым вынікам. У адваротным выпадку на парадак дня паўстаюць меры непапулярныя, але вымушаныя — дэпрэміраванне. Дарэчы, сярэднямесячны заробак па аддзеле склаў 2 мільёны 600 тысяч рублёў...

Па-новаму пачала працаваць і абноўленая гаспадарчая група аддзела культуры. Цяпер няма спасылкі “Ці варта гэтым займацца, бо грошай усё адно няма!” Грошы пад канкрэтныя аб’екты (пра іх — гаворка ніжэй) адшуквае начальнік аддзела, будаўнікі ж не развагамі займаюцца, а канкрэтнымі рамонтамі.

Займаецца аддзел і дзейнасцю, што патрабуе ліцэнзіі, у прыватнасці — транспартнымі паслугамі. Аддзелаўскі ПАЗік на 23 месцы ледзь не штотыднёва возіць ахвотных на экскурсіі ў Гомель, жыхароў раёна — у жлобінскі аквапарк. Адзін такі “ваяж” прыносіць аддзелу каля мільёна рублёў.

Сапраўды папулярным стаў і гарадскі заапарк, які знаходзіцца ў падпарадкаванні аддзела культуры. Месціцца заапарк ля прыдняпроўскага парка (таксама — падпарадкоўваецца аддзелу). Побач — тэрыторыя былога льнозавода з забудовамі. Цяпер вядзецца пошук інвестараў для таго, каб і гэтая плошча, набыўшы культурна-брэндавыя якасці, пачала працаваць на раённы бюджэт...

І апошняя фарба ў агульнай карціне апошніх культурных пераўтварэнняў. І парк, і заапарк, і ўсе 5 ДШМ раёна — юрыдычныя асобы. Цяпер прапрацоўваецца пытанне пра пэўную цэнтралізацыю клубных устаноў. Па словах Віктара Бажана, мяркуецца, што вакол буйных СДК (збольшага — аграгарадоцкіх) узнікнуць “кусты” з менш дробных — сельскіх клубаў, якія стануць філіяламі галаўных устаноў. У выніку памяняецца група аплаты працы, больш мэтавым стане фінансаванне СДК і СК... Наколькі карысная і жыццяздольная гэтая перспектыва — пакажа час... Неаспрэчна адно: культура Жлобіншчыны здолела выйсці з “застойнага часу” і навучылася атрымліваць асалоду ад уласнай самадастатковасці. Досвед, уласцівы далёка не кожнаму.

А гасцініца будзе на... дрэве

Цяпер — пра ініцыятыву знізу. А дакладней — пра той рэдкі пакуль выпадак, калі ініцыятыву гэтую трэба не стымуляваць, а стрымліваць. Справа ў тым, што ў вёсцы Рэкта пачаў дзейнічаць вельмі своеасаблівы Дом рамёстваў. Пад яго прыстасоўваецца будынак колішняй пачатковай школы. Творчай накіроўваючай сілай РДР стаў народны вакальны калектыў “Ярыца”, дзе салісткай — майстрыха на ўсе рукі Ганна Серафімовіч, якая і лялькі робіць, і вышывае... Дык вось, дырэктар Рэкцянскага РДР Тарас Панчэня проста фантаніруе ідэямі.

/i/content/pi/cult/388/7722/10-3.jpeg

Ля будынка былой школкі з’явіліся атракцыёны для дзяцей. Ля сажалкі ў садзе неўтаймоўны Тарас збіраецца збудаваць невялічкую летнюю гасцініцу на... старасвецкім дрэве. Побач размесціцца валейбольная пляцоўка. Карацей, РДР стане месцам цікавага і рознабаковага сямейнага адпачынку. Салісты “Ярыцы” і рамесніцкія майстар-класы стануць весці, і самадзейнаму вакальна-харэаграфічнаму мастацтву навучаць (зала для харэаграфічных заняткаў ужо гатова). А ў перспектыве Тарас Панчэня марыць надаць установе статус гасразліковай аграсядзібы з ухілам менавіта на сямейнае баўленне часу. Прыватнікі са Жлобіна, па ягоным меркаванні, задумку павінны падтрымаць і ў пэўнай ступені праспансіраваць.

Начальнік аддзела культуры ў дадзеным выпадку імкнецца “адсартаваць” перспектывы далёкія ад самых надзённых задач. А адна з іх — давесці РДР да ладу і запусціць на поўную магутнасць. Каб і сувеніры на продаж ішлі, і пераемнасць традыцыйных мастацтваў была гарантаванай. Толькі пасля гэтага ідэя з аграсядзібай запатрабуе свайго лагічнага развіцця. Але і сёння ў РДР не сядзяць склаўшы рукі: штомесяц “Ярыца” (а значыць — і Дом рамёстваў) зарабляе пад час канцэртаў — у тым ліку і ў санаторыі “Прыдняпроўскі” — па паўтара мільёна рублёў...

Дарэчы, на аднаўленні будынка пад РДР і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі працуе гаспадарчая група аддзела культуры. Асвоена на аб’екце больш за сто мільёнаў рублёў. Якасць працы Віктара Бажана задавальняе.

Не чакаць на беразе

Кожны аўторак у раёне праводзіцца пасяджэнне штаба па аднаўленні гісторыка-культурнай каштоўнасці — сядзібнага дома XIX стагоддзя ў Чырвоным Беразе. Іншым разам — з удзелам начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алега Рыжкова. Прэтэнзій да рэстаўрацыі, якой займаецца адна з прыватных мінскіх фірм, няма. А вось да сталічнага праектнага інстытута — процьма. Тая сітуацыя, калі праектна-каштарысная дакументацыя аплачана, але пад час работ непазбежна ўзнікае патрэба аператыўных узгадненняў. А вось аператыўнасці гэтай мінскім спецыялістам якраз і не стае...

/i/content/pi/cult/388/7722/10-1.jpeg

Тым не менш, сядзібны дом неўзабаве стане філіялам Жлобінскага краязнаўчага музея. У перспектыве на баланс аддзела культуры пяройдзе і старасвецкі будынак, у якім на сёння знаходзіцца дырэкцыя мясцовага каледжа. Тут, па меркаванні начальніка аддзела культуры, павінен размясціцца ўтульны гатэльчык. У марах Віктара Бажана і “прысваенне” гаспадарчых пабудоў старадаўняга архітэктурнага ансамбля. І тут, няма сумнення, зноў не абысціся без інвестараў, зацікаўленых у развіцці турыстычнай інфраструктуры. А ў тым, што прыватнікі пра гэта пачалі ўжо не толькі задумвацца, пераконвае той факт, што побач са знакамітым чырвонабярэжскім комплексам у памяць ахвяр дзіцячага канцэнтрацыйнага лагера з’явілася першая гандлёвая кропка — першая ластаўка той самай інфраструктуры...

А ўстановы культуры Чырвонага Берага ў бухгалтарскіх справаздачах “чырвоным” не праходзяць, не сядзяць на беразе ў чаканні, так бы мовіць, спрыяльнага для творчасці надвор’я. Наадварот, шчыруюць і ў дождж, і ў спёку.

/i/content/pi/cult/388/7722/10-4.jpeg

Дырэктар СДК Тамара Ермаловіч распавяла пра нядаўняе свята “Чырвоны Бераг збірае сяброў” (на яго з’ехаўся ці не ўвесь раён), пра тое, што пры гадавым плане платных паслуг у 18 мільёнаў рублёў аказана іх ужо на 10 мільёнаў. А мастацкі кіраўнік СДК Галіна Маразевіч пахвалілася новым ноўтбукам, прыдбаным за ўласнаручна заробленыя пазабюджэтныя грошы. Яшчэ адзін доказ таго, як вынікова спрацоўвае прынцып “Пакажыце сваю работу, дакажыце сваю патрэбнасць”.

Мінск — Жлобінскі раён — Мінск

 

Галерэя спонсараў ад “К”

БМЗ — для Папаратнага і не толькі

Старшыня прафсаюзнага камітэта Беларускага металургічнага завода Аляксандр Каляда — чалавек адкрыты і спрэс пазітыўны. Справы на БМЗ ідуць няблага — для аптымізму і павышанай камунікатыўнасці ёсць усе падставы. Сустрэўся з ім без праблем, хоць загадзя гутаркі і не планаваў. Дапамагло збольшага тое, што Віктар Бажан і Аляксандр Каляда — не толькі колішнія калегі, але і сябры-аднадумцы, бо “ў адну дуду дзьмуць”: дбаюць, каб справа рабілася супольна.

Аляксандр Аляксандравіч доўга і аргументавана разважае пра сацыяльна арыентаваны бізнес. Маўляў, ягонае прадпрыемства — горадаўтваральнае, значыць, сфера заводскага ўплыву не толькі на сацыяльнае жыццё райцэнтра, але і раёна павінна няўхільна павялічвацца. А прафкам павінен працаваць у тым ліку і на гэта.

І робіць ён гэта вельмі няблага. Пры заводзе дзейнічае свая бібліятэка, пры Палацы культуры металургаў (колішняе дзецішча Віктара Бажана) працуе процьма гурткоў. Чарговы раз сябры жартаўліва паспрачаліся, дзе больш прафесіяналізму: у ГДК ці ў ПК? І чарговы раз прыйшлі да высновы, што здаровая канкурэнцыя — рухавік культурнага прагрэсу. Але Віктар Бажан не забыўся нагадаць, што якасць мерапрыемстваў у ГДК — заўжды на вышыні, а тамтэйшы народны тэатр аналагаў у раёне не мае...

Менавіта народнаму тэатру ГДК завод праспансіраваў паездку на фестываль у расійскі Навазыбкаў. Пра тое, што БМЗ пастаянна “падсілкоўвае” свята “Рускі партрэт у беларускім інтэр’еры”, я ўжо згадваў. Прадпрыемства — спонсар фестывалю “Стварай дабро”, у якім бяруць удзел дзеці-інваліды і які ладзіцца пад эгідай аддзела культуры. І менавіта БМЗ набыў для СДК вёскі Папаратнае дыскатэчнай і іншай апаратуры на 25 мільёнаў рублёў. Каментарыі тут, як кажуць, пазалішнія. А на пытанне “Чаму ж раней такога маштабнага ўзаемадзеяння не было?” адказ, даруйце, банальны: “І ў адчыненыя дзверы трэба стукацца”.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"