“Яршы” на пленэры

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

У Культурнай сталіцы Беларусі — чарговая культурная акцыя. Тры мастакі — Лявон Грышук, Андрэй Лычкоўскі і Міхаіл Нудноў (разам яны складаюць творчае аб’яднанне “Яршы”) — зладзілі ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі выстаўку.

Усе трое — жывапісцы, а Міхаіл Нудноў яшчэ захапляецца і керамікай. Мастакоў яднае любоў да прыроды, цікавасць да вясковага побыту. Ужо неаднойчы яны ладзілі свайго роду міні-пленэры удалечыні ад асфальтавых дарог. Плён гэтых сустрэч з прыродай сёння могуць ацаніць жыхары Нясвіжа і госці Культурнай сталіцы.

На адкрыцці выстаўкі навуковы супрацоўнік музея Ірына Калібаба, характарызуючы творы экспазіцыі, адзначыла:

— Цудоўна, што ёсць людзі, здольныя бачыць прыгожае ў звычайным. Мы часам не заўважаем простыя, але вельмі важныя рэчы. Мастак жа заўжды знойдзе час, каб спыніцца і агледзецца, пабачыць самому і паказаць іншым прыгажосць Быцця.

Агульную ж думку мастакоў выказаў Андрэй Лычкоўскі:

— Краявіды нельга маляваць у студыі — на прыродзе нават фарбы змяняюцца. Каб застацца самім сабой, мастак павінен зліцца з прыродай.

Дарэчы, Яршы — гэта назва невялікай вёсцы на Уздзеншчыне, дзе, уласна кажучы, і нарадзілася большасць прадстаўленых на выстаўцы работ. Ужо ў бліжэйшы час аб’яднанне “Яршы” прадставіць свае работы ў Клецку, Карэлічах, Слуцку, Баранавічах, Пінску.

Віктар КІСЛЫ

Узда