Дык хто тут Шагал?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Дзве выстаўкі, прысвечаныя Марку Шагалу, можна наведаць у Віцебскім мастацкім музеі. Іх прынцыповая розніца — ва ўсім — дае багатыя падставы для роздуму.

Першая выстаўка яднае сусветна вядомага майстра і яго любімага выкладчыка, нагадваючы пра яшчэ адну юбілейную дату: сёлета спаўняецца 115 гадоў з дня адкрыцця ў Віцебску Школы малявання і жывапісу мастака Ю.Пэна. З гэтай нагоды Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прадставіў для экспанавання ў рамках праекта “Выстаўка адной карціны. “Партрэт Марка Шагала” пэндзля Ю.М.Пэна” твор са сваіх фондаў. Ён напісаны ў 1914 ці 1915 годзе, калі Шагал вярнуўся з першай паездкі ў Парыж ужо знакамітым. Віцябчане дадалі да экспазіцыі шматлікія дакументы са сваіх фондаў, ліставанне мастакоў, якое раскрывае дынаміку іх узаемаадносін.

Дзверы насупраць — і цябе сустракае “Прысвячэнне Марку Шагалу”, зладжанае Маскоўскім дзяржаўным музеем “Дом Бурганава”. Пры ўсёй даніне павагі да таленту і творчай індывідуальнасці мастака Аляксандра Бурганава, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў расійскай школы архітэктурна-дэкаратыўнай пластыкі, “прысвячэнне” аказваецца прыцягнутым за вушы. У цэнтры залы — папраўдзе, скульптурны партрэт М.Шагала (з “птушкай шчасця” ў руках, Эйфелевай вежай на палітры і абрысамі рыбы замест ног), які быў створаны А.Бурганавым ў 2008 годзе па замове П’ера Кардэна і экспанаваўся ў Францыі. Побач — надта “плакатная” інсталяцыя “Ад’езд Марка Шагала ў Парыж” (2012) з абгрызенай рыбай і парасонам (маўляў, навошта ён рыбе?). А ўсё астатняе — каля 30-ці твораў А.Бурганава, яго ўнучкі Юліі Смалянковай і вучня Міхаіла Грачова (між іншым, выхадца з Беларусі), розных па стылях і якасці, вельмі цікавых і не надта, але… ніяк з Шагалам не звязаных.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"