“Здымі гэты сцэнарый: будзе касавая стужка!”

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Леанід Мартынюк. Трыццаць гадоў на “Беларусьфільме”“. Частка 2

“К” працягвае знаёміць чытача з успамінамі кінарэжысёра Леаніда Мартынюка, першую частку якіх мы друкавалі ў мінулым нумары газеты:

— “Беларусьфільм” напрыканцы 1960-х віраваў — кінематаграфічны працэс у тыя гады вельмі ажывіўся. У Мінску актыўна працавала новае пакаленне творцаў — Віктар Тураў, Віталь Чацверыкоў, Ігар Дабралюбаў, Барыс Сцяпанаў, Рычард Віктараў, крыху пазней з’явіўся Вячаслаў Нікіфараў, якія здымалі тады свае лепшыя фільмы. Тое, што рабілі на “Беларусьфільме” ў той час, глядзяць і сёння.

/i/content/pi/cult/388/7719/13-1.jpeg

Людзі і “кланы”

— Праўда, не абыходзіліся без прыкрых выпадкаў. Стужка Уладзіміра Бычкова “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка” па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча была літаральна знявечана папраўкамі. Асабліва не спадабаўся кіраўніцтву тэкст, які прамаўляе персанаж Данатаса Баніёніса, манах-езуіт: “Нам не патрэбны жывыя Хрысты, нам выгадна, каб Хрыстос быў драўляны і мёртвы”. У выніку, цудоўны фільм быў настолькі перароблены, што яго нельга пазнаць. На вялікі жаль, першапачатковая версія не захавалася. Той варыянт, што выйшаў на экраны напрыканцы 1980-х, — бледная копія першапачатковай задумы Бычкова і Караткевіча.

Зразумела, адносіны паміж творцамі ніколі не бываюць бязвоблачнымі. Тым больш, моцныя асобы заўсёды ствараюць вакол сябе моцны асяродак. Вось і на “Беларусьфільме” канца 1960-х — пачатку 1970-х хутка ўтварыліся своеасаблівыя “кланы” вакол найбольш выбітных творцаў. На жаль, паміж сабой гэтыя “кланы” не сябравалі, таму я стараўся трымацца далей ад магчымых канфліктаў, цалкам паглыбіўшыся ў стварэнне дзіцячых стужак...

Мой “дзіцячы акоп”

— Здымкі дзіцячага кіно для творчых людзей былі той аддушынай, якая дазваляла казаць хоць крышачку праўды ў гады “застою”. Галоўным рэдактарам маладзёжнай рэдакцыі тады была Валянціна Булавіна, якая мне заўсёды адкрыта казала: “Мы — не рэдактары, мы цэнзары!” Але нягледзячы на такія “грозныя” заявы, у свой час яна мне прапанавала вельмі добры літаратурны сцэнарый масквіча Альберта Ліханава “Сямейныя абставіны”. З гэтым фільмам у мяне звязана вельмі шмат.

Памятаю, як на мастацкім савеце да кандыдатуры актрысы Зінаіды Славінай на ролю маці галоўнага героя прычапіўся Віктар Тураў. Што рабіць? Напісаў аўтару сцэнарыя Ліханаву, той быў вымушаны напісаць даўжэзную паперу, дзе тлумачыў, што зацвярджае ўсё акцёрскія пробы. Слова Масквы тады значыла вельмі шмат, і актрысу зацвердзілі. А ў галоўнай ролі ў мяне здымаўся Ігнат Данільцаў — падлетак, які за некалькі гадоў да таго сыграў у “Люстэрку” Таркоўскага. Без сумнення, ён — самы цікавы юны акцёр, з якім мне даводзілася працаваць. У яго быў незвычайны талент парадыста — ён мог імгненна “злавіць” голас і інтанацыю любога суразмоўцы, або адразу некалькіх. Цікава, што “Сямейныя абставіны” сталі яго другім і апошнім фільмам у якасці акцёра. Ужо тады ён вучыўся на скульптара і, у выніку, стаў мастаком.

Не стаў акцёрам і Косця Лінеўскі — адзін з маіх малых акцёраў на “Пяцёрцы адважных”. Вельмі спадзяваўся, што ён паступіць ва ВГИК. Але спачатку ён пайшоў у войска, а потым даслаў ліст, дзе паведаміў, што працуе на Далёкім Усходзе бульдазерыстам...

І да “Пяцёркі адважных” меліся дробныя прэтэнзіі. У Дзяржкіно сказалі, маўляў, як вы прадстаўляеце партызанскі рух? Чаму дзеці ў вас змагаюцца, а дарослыя партызаны сядзяць у лесе? Ну што можна было адказаць на такую “крытыку”...

На жаль, знайсці тады годны сцэнарый у Мінску было неверагодна складана, рэжысёры за імі хіба толькі не палявалі. У свой час я скончыў філфак, таму вельмі ўважліва ставіўся да выбару літаратурнай першакрыніцы. Але, апрача прозы Васіля Быкава, так і не знайшоў годнага варыянту. Нарэшце, даводзілася вельмі шчыльна працаваць са сцэнарыямі. Напрыклад, са стужкай “Неадкрытыя астравы” атрымалася вось якая гісторыя. Драматург Канстанцін Губарэвіч зрабіў сцэнарый па аповесці Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”, прытрымліваючыся ў цэлым ходу гэтага знакамітага твора, напісанага яшчэ ў 1930-я. Я вырашыў асучасніць сюжэт, прыйшоў да драматурга і папрасіў дазволу ўнесці праўкі. І ўнёс — цалкам перапісаў сцэнарый. Такім чынам, героі Маўра ператварыліся ў сучасных школьнікаў — інтэлігентнага сына маскоўскага прафесара, які прыязджае на канікулы ў сельскую мясцовасць, і яго вясковага сябра.

Дарэчы, наконт Быкава. Калі ў 1991-м я ўсё-такі “прабіў” пастаноўку “Мёртвым не баліць”, Быкаў пажартаваў: “Ну, Лёня, нарэшце, цяпер ты вылезеш з акопа свайго дзіцячага кіно!” Бо я заўсёды імкнуўся стварыць нешта больш сур’ёзнае, больш “дарослае”. Праўда, з “Мёртвым не баліць” так і не атрымалася — пасля распаду Саюза Масква ўжо не жадала фінансаваць беларускую карціну...

Самае цікавае — людзі

— Кіно дазваляе сустракацца з вельмі цікавымі людзьмі. Пад час працы над стужкай “Жалезныя гульні” давялося пазнаёміцца са знакамітым цяжкаатлетам Юрыем Уласавым. Сюжэт стужкі разгортваўся вакол супрацьстаяння двух спартсменаў — маладога і вопытнага. Я пачаў перабіраць магчымыя кандыдатуры на ролю другога і ўспомніў, што ў кінаспробах на “Вайну і мір” Сяргея Бандарчука ўдзельнічаў Уласаў. Патэлефанаваў яму ў Маскву. Трубку падняла жонка і праз колькі хвілін перадала, што чэмпіён толькі што паглядзеў па тэлебачанні мой “Вялікі трамплін” і хоча пазнаёміцца з яго аўтарам.

Калі я прыехаў на асабістую сустрэчу, аказалася, што справы ў праслаўленага атлета ідуць так сабе: нейкія людзі пакупалі яго ўзнагароды. Ва Уласава ўсё наладзілася тады, калі ён выдаў кнігу “Асобы раён Кітая”, напісаную па дзённіках яго бацькі — кадравага разведчыка. Быў спартсмен вельмі прынцыповым: калі прачытаў сцэнарый Уладзіміра Куніна, ушчэнт яго раскрытыкаваў. Таму ролю, якую я прапанаваў Уласаву, у выніку выканаў артыст Аляксандр Парахаўшчыкоў.

“Жалезных гульняў”, дарэчы, таксама магло не быць. Справа ў тым, што на той час, апрача мастацкага савета, сцэнарый абавязкова разглядаўся “профільным” ведамствам. То-бок, калі стужка была пра спартсменаў — то Дзяржкамспортам. І калі яго чыноўнікі прачыталі “Жалезныя гульні”, то ўпэўнена заявілі — тую частку, дзе маладога цяжкаатлета кормяць прэпаратамі, трэба выкрасліць, бо ў СССР допінгу не бывае...

Спорт для мяне быў заўсёды на важным месцы не толькі таму, што я здымаў стужкі на спартыўную тэматыку. У свой час я амаль 10 гадоў працаваў журналістам у “Фізкультурніку Беларусі”, паралельна вельмі сур’ёзна займаўся боксам (меў 58 сустрэч на рынгу, у 56 з якіх — перамог), з’яўляўся чэмпіёнам сярод юнакоў у рэспубліцы, трэцім сярод дарослых. Асабліва запомніўся бой, які адбываўся на сцэне Коласаўскага тэатра ў Віцебску. Практычна на першых секундах я атрымаў ад суперніка вельмі просты, але магутны ўдар і адразу страціў прытомнасць. Ачуняў, калі рэферы прамаўляў лічбу “пяць”, і прымусіў сябе ўстаць на ногі. Запомніліся тэатральныя каласнікі, што добра бачыліся менавіта з той пазіцыі, у якой апынуўся, лежачы на падлозе. Пасля каманды працягваць бой заўважыў, што супернік “раскрыўся”, і адразу даў яму па падбародку... Накаўт! Я перамог, і гэтая перамога адгукнулася мне праз колькі часу, калі я ўпершыню ўвайшоў у кабінет дырэктара “Беларусьфільма” Іосіфа Дорскага. Не паспеў адкрыць рота, а той: “А, Мартынюк! Памятаю, памятаю, як ты ў Віцебску адным ударам хлопца ў накаўт адправіў!”

Тое, дзеля чаго...

— Яшчэ адно маё цікавае знаёмства — актрыса Кацярына Голубева. Я ўзяў Кацю на галоўную ролю ў “Навучыся танцаваць”, стужку, якую здымаў ўжо ў часы перабудовы. Гэта была яе першая роля, і на пляцоўцы з ёй даводзілася няпроста: Каця з неверагоднай цяжкасцю запамінала словы сваёй гераіні, перад камерай нібы не чула ўказанняў рэжысёра. Але на слабую памяць паскардзіцца не магла, бо пасля заканчэння здымак увечары магла на памяць цытаваць цэлымі старонкамі прозу рускіх класікаў. Хістала яе ў жыццёвым сэнсе вельмі моцна — вучылася то ў Маскве, то ў Ленінградзе... На пэўны час я страціў яе з поля зроку, а потым даведаўся: стала яна музай літоўскага рэжысёра Шарунаса Бартаса, які здымаў яе ва ўсіх сваіх аўтарскіх стужках. Заззяла там яе сапраўдная міжнародная зорка. Калі яна развіталася з Бартасам, стала жонкай французскага рэжысёра Леаса Каракса. Сёлета ў конкурснай праграме Канскага фестывалю быў яго новы фільм, які ён прысвяціў памяці Каці. Яе не стала амаль год таму...

Ці неверагодны Уладзімір Басаў, які здымаўся са сваёй жонкай у тых самых “Сямейных абставінах”. Ён быў геніяльным акцёрам — на агучванні спытаў мяне: “Хочаш, фокус пакажу?” Потым адвярнуўся ад экрана, але тэкст з яго вуснаў усё роўна ідэальна ўкладваўся ў артыкуляцыю яго героя. Дарэчы, ён шмат імправізаваў як на пляцоўцы, так і на агучванні. Многіх фраз, якія ёсць у стужцы, не было ў сцэнарыі. Басаў іх прыдумаў ужо пасля здымак і па-майстэрску “ўклаў” у артыкуляцыю свайго героя на агучванні.

Ніколі не забуду Аляксандра Парыцкага. У адрозненне ад шэрагу іншых кіраўнікоў нашай студыі, якіх пасылалі “на кіно” без аніякага вопыту працы ў кінавытворчасці, той быў вельмі прафесіянальны чалавек. І калі на “Ветразях майго дзяцінства” мы раптам даведаліся, што плёнка з вельмі важнымі эпізодамі праяўлена з бракам, то менавіта Парыцкі дапамог выйсці са становішча. Перазняць сцэны было ўжо немагчыма, таму на іх з дапамогай падвоенай экспазіцыі наклалі кадры зорнага неба. Атрымалася досыць рамантычна і відовішчна...

— Зразумела, зрабіць усё, што хацелася і было задумана, не ўдалося. Увесь час мяне непакояць думкі аб той творчай вазе, якую я бы мог “узяць”, але да якой аказаўся недапушчаны. Але ні пра што не шкадую! І, нягледзячы на ўсе цяжкасці, крыўды і забароны, лічу тыя гады самымі шчаслівымі ў сваім жыцці...