“Фотасушка”: першая тысяча

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Рыхтуйце прышчэпкі і фотаапараты!

/i/content/pi/cult/388/7718/12-6.jpegДзякуючы крэатыўным людзям, іх нестандартнаму погляду на жыццё і жаданню размаляваць штодзённыя праблемы ды клопаты ўсімі колерамі вясёлкі, мы маем магчымасць кожны дзень заўважаць штосьці новае ў старым, зусім незвычайнае — у звычайным, арыгінальнае — у простым. Адным з такіх праектаў, на які немагчыма было не звярнуць увагу, з’явілася “Фотасушка”.

“Сушка” — фармат выстаўкі, які спалучае ў сабе працу фатографаў розных кірункаў. Удзел могуць прымаць як прафесіяналы, так і аматары. Сутнасць акцыі заключаецца ў наступным: кожны ахвотны можа стаць удзельнікам праекта, а свае работы патрэбна прынесці і развесіць на вяроўцы з дапамогай прышчэпак для бялізны. Цікава, што ўласныя фота можна абмяняць на любыя здымкі іншых удзельнікаў. На адвароце фотакарткі дазваляецца напісаць свой зваротны адрас, пажаданне для ўдзельнікаў акцыі, пасланне будучаму ўладальніку работы.

Першы крок у сваім развіцці на Беларусі праект зрабіў 16 чэрвеня гэтага года — пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінска. Больш падрабязна аб праекце распавяла “К” арганізатар “Фотасушкі” Вольга МЕЛЬГУЛЬ.

— Упершыню такая “Сушка” прайшла ў Санкт-Пецярбургу ў маі мінулага года, пасля чаго аналагічныя акцыі пачалі праводзіць Масква, Растоў-на-Доне, Томск, Вялікі Ноўгарад, Новакузнецк, Петразаводск...

— Хто быў арганізатарам “Фотасушкі” ў Расіі?

— Аўтарам ідэі з’яўляецца Андрэй Кезін, адміністратарам — Вольга Луветау. Стартаваў праект пры падтрымцы і дапамозе Акадэміі Фотаздымка Санкт-Пецярбурга.

— Што падштурхнула правесці мерапрыемства ў Мінску?

— “Фотасушка” за адзін год закранула амаль усе буйныя гарады краін былога Савецкага Саюза, але Мінск чамусьці абмінула. Адзін з арганізатараў — Аляксей Зімін, выкладчык фатаграфіі — вырашыў правесці такое мерапрыемства і ў нас. Пад яго кіраўніцтвам адкрылі спецыяльную групу ў адной з сацыяльных сетак і там пачалі актыўна весцi абмеркаванне. Такім чынам была зладжана першая “Фотасушка” ў Мінску.

/i/content/pi/cult/388/7718/12-5.jpeg

— Ці вызначаеце загадзя тэматыку здымкаў?

— Мы думалі наконт тэматыкі, але вырашылі, што тэматычныя “фотасушкі” пакуль пачакаюць.

— Якой была рэакцыя на выстаўку наведвальнікаў і саміх удзельнікаў?

— Па нашых падліках, на першай “сушцы” здымкаў было больш за тысячу, а лепш сказаць — больш за тысячу работ, якія заслугоўваюць увагі. Многія перажывалі, што вельмі позна дазналіся пра выстаўку, спазніліся, не змаглі прыняць удзел у “Сушцы”, прайсціся між фота і паспець узяць сабе на памяць хоць адзін здымак. Астатнія наведвальнікі былі поўнасцю задаволены, і нават здавалася, што пакідаць дворык музея яны не спяшаліся…

 — Якія планы ў вас на будучае?

— Мяркуем, наступная “Фотасушка” адбудзецца 4 жніўня.

Алiна БАРКОЎСКАЯ