Спачатку было… дрэва

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Талачыншчына: жывое дрэва

/i/content/pi/cult/388/7717/12-4.jpegУ раённым гісторыка-краязнаўчым музеі Талачына працуе выстаўка мясцовага скульптара Юрыя Палякова, ужо даўно вядомага сярод прыхільнікаў мастацтва скульптуры на Віцебшчыне.

Шмат гадоў ён актыўна ўдзельнічае ў раённых ды абласных выстаўках. Экспанаваліся яго работы і на рэспубліканскім узроўні, калісьці ў Мінску ён арганізаваў і сваю персанальную выстаўку. Трэба адзначыць, што Юрый Палякоў — аўтар мемарыяльнай дошкі з гарэльефам У.Караткевіча ў Оршы. Адным з педагогаў Палякова з’яўляўся Заір Азгур, пад кіраўніцтвам якога мастак стажыраваўся ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР. Сам скульптар выкладае кампазіцыю на Талачыншчыне. Многія яго вучні сталі прафесійнымі мастакамі.

У экспазіцыі прадстаўлены толькі работы з дрэва — любімага матэрыялу творцы, — якія арганізавалі ўтульную прастору. Адметнасць выстаўкі яшчэ і ў тым, што ўсе работы паліхромныя. Увядзенне колеру, на погляд аўтара, узбагачае разьбярства і яднае яго з народным. Шэраг скульптур Юрый Палякоў выканаў пад уплывам народных майстроў.

Тэматычна прадстаўлены гістарычная тэматыка і сучаснасць. Дзве кампазіцыі прысвечаны Льву Сапегу, ёсць — Ягайла, Соф’я Друцкая (Гальшанская), Канстанцін Астрожскі. Значнае месца займаюць і творы як бы падгледжаныя з жыцця: вось, напрыклад, маці забірае дзіця са школы; медсястра робіць хвораму ўкол; хлапец з ружай чакае сваю каханую… Шэраг скульптур прысвечаны спорту, у прыватнасці, футболу. Усе работы, прадстаўленыя на выстаўцы, выкананы на высокім узроўні ды напоўнены чалавечымі пачуццямі, цеплынёй і вобразнасцю. Крэда Юрыя Палякова — працаваць без мітусні, а вынік — будзе…

Валерый КАЛЯСІНСКІ, скульптар