Чаму рок пакуль “на разагрэве”?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

РЭГІЁНЫ: маладзёжны інтарэс

У адным з майскіх нумароў нашай газеты “прамільгнула” інфармацыя пра тое, што ў абласным свяце “Нясвіжскі фэст” прыняў удзел рок-гурт Капыльскага РЦК “Замкавая гара”. Падумалася тады: а чаму б не зрабіць падборку пра “рокавыя” калектывы з глыбінкі? Мяняюцца пакаленні, а моладзь па-ранейшаму звярае рытмы сваіх душэўных памкненняў з неўтаймоўнымі гітарнымі рыфамі заўжды жыццядайнага хард-рокавага драйву ў самых розных яго стылёва-жанравых праявах. І раённыя рокеры тут, як падаецца, імкнуцца не адстаць ад сваіх аднадумцаў з буйных гарадоў… Карацей, мы пачынаем знаёміць чытачоў з самадзейнымі музыкантамі, што збіраюць на канцэртах у сваіх мястэчках немалую колькасць аматараў сучаснага, часам — альтэрнатыўнага — мастацтва… Глядзіш, гэтыя публікацыі падштурхнуць спонсараў пераўтварыць шматлікія раённыя рок-імпрэзы ў буйны маладзёжны фестываль рок-культуры.

Капыльшчына: “…Гара”, што вырасла з ВІА

Менавіта з “Замкавай гары” і пачнем. Рок-гурт, па прызнанні яго кіраўніка Андрэя Раеўскага, вырас з аднайменнага вакальна-інструментальнага ансамбля. Дарэчы, намінальна каманда і застаецца ВІА, які за дзясятак гадоў існавання здолеў атрымаць званне “народны”. Так што ў гэтай іпастасі, распавядае Андрэй Раеўскі, “Замкавая гара” не без поспеху выступае на самых розных конкурсах патрыятычнай песні. Але галоўным кірункам дзейнасці гурт лічыць менавіта рок.

/i/content/pi/cult/388/7716/12-1.jpeg

— Музыку і тэксты пішам самі, — дадае кіраўнік. — Працэнтаў дзесяць песень — беларускамоўныя. Ёсць і проста інструменталкі. Граем збольшага лірычныя балады, арт-рок…

“Замкавая гара” дзейнічае пры РЦК, з’яўляецца хэдлайнерам маладзёжнага руху на Капыльшчыне. Андрэй Раеўскі кажа, што гурт працуе на піяр: піша дэма-запісы, рыхтуе свой сайт (з’явіцца дзесьці ў жніўні), удзельнічае ў фэстах за межамі раёна. Апошні з іх — VII міжнародны байк-злёт у Лагойску.

 

Слонімшчына: фестываль назвалі “Акцыя”

Вядома, што больш-менш прыстойная гітара каштуе пад дзве тысячы долараў. Любая рок-каманда пачынае набываць канкрэтнае рокавае аблічча, толькі набыўшы прыстойныя інструменты. Гурт “Авангард” сваё “намацвае” ўсяго з год. Але робіць гэта, мяркуючы па відэазапісах у Інтэрнэце, досыць азартна. Істотны недахоп — песень на беларускай мове няма.

/i/content/pi/cult/388/7716/12-3.jpeg

Пэўны час “Авангардам” кіравала дырэктар Слонімскага маладзёжна-дасугавага цэнтра Інэса Данілевіч. Па яе словах, цяпер у гэтай установе дзейнічаюць яшчэ дзве рок-каманды. Гэта дало падставы правесці ў чэрвені рок-фестываль “Акцыя”. Зала была паўнюткай. А на жнівень запланаваны чарговы рок-канцэрт “Авангарда”.

 

Рагачоўшчына: "разагрэў", але...

Дырэктар Рагачоўскага гарадскога дома культуры Наталля Дзегялевіч пераканана, што мясцовы рок-гурт, атрымаўшы прапіску ў ГДК, не толькі наўпрост уплывае на маладзёжную палітыку ў горадзе і раёне, але і немалым глядацкім попытам карыстаецца. Інакш кажучы, у ліку іншых калектываў мясцовага аддзела культуры рэгулярна папаўняе скарбонку пазабюджэтных паступленняў.

/i/content/pi/cult/388/7716/12-32.jpg

Гурт называецца “Sex”. Кіруе ім рэжысёр народнага тэатра Валерый Клымчук. Музычныя інструменты ў рокераў — асабістыя, рэпетыцыйную базу, гукаўзмацняльную апаратуру забяспечвае ГДК.

Гурт таксама ўдзельнічае ў фестывалях. Па словах Валерыя, міжнародным рокерскім стасункам дапамагае Інтэрнэт. Менавіта з яго дапамогай каманда пасябравала з маскоўскімі музыкантамі і пэўны час працавала на іх “разагрэве” ў турнэ па Украіне… Вялікай праблемай, лічыць Валерый Клымчук, падаецца тое, што рок у нашай краіне не надта атаясамліваецца з мастацтвам, таму і адпаведнага ўсебеларускага фестывалю пакуль няма…

Coda

Мы, натуральна, працягнем гаворку пра самадзейныя рок-гурты. Вельмі спадзяёмся пры гэтым на вашу, шаноўныя чытачы, падтрымку. Такія каманды (і не абавязкова — пад “дахам” аддзела культуры) існуюць ледзь не ў кожным раёне. Самабытныя, яркія, цікавыя… Пішыце нам, як пачувае сябе маладзёжная культура ў вашым горадзе, мястэчку, пасёлку. Як яна развіваецца, чаго ёй не хапае, якія праблемы пераадольвае, якія мае перспектывы? Паверце, адказы на гэтыя пытанні турбуюць не толькі моладзь… Карацей, рокеры Беларусі, яднайцеся!

P.S. Усе тры вышэйназваныя каманды апрача фотаздымкаў даслалі нам яшчэ і песні ў MP3-фармаце. Абяцаем, што ўсе гэтыя работы будуць паказаны эксперту-прафесіяналу, меркаванне якога мы абавязкова змесцім у хуткім часе.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"