Чатыры жыцці Веры Ермалаевай

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Мастачка з племені “амазонак духу”

/i/content/pi/cult/388/7715/15-1.jpegТой, хто нічога не ведае пра Веру Ермалаеву, пра тое, кім яна з'яўлялася для айчыннага мастацтва, цяпер не зведае ні радасці, ні шкадаванняў, ні супастаўленняў. Вера Міхайлаўна была незвычайнай, загадкавай натурай і дзівосным мастаком. Са снежня 1934-га, адразу пасля забойства Сяргея Кірава, калі яна апошні раз узяла ў рукі пэндзаль, творчасць яе была проста выкраслена з мастацкага жыцця краіны. Знік мастак, нібыта яго і не было. Засталася толькі ермалаеўская легенда, якая перадавалася з вуснаў у вусны сучаснікамі гэтай незвычайнай жанчыны.

Яна была з кагорты сапраўдных падзвіжнікаў: усё падпарадкоўвала задачам творчасці і нічога, акрамя творчасці, не прызнавала. Сярод жывапісцаў Ермалаева — жывапісец, сярод кніжных графікаў — цудоўны ілюстратар кніг, для гісторыі сусветнага мастацтва яна — адзін з лідараў рускага авангарда і арганізатараў (упоравень з Малевічам і Лісіцкім) знакамітага віцебскага УНОВИСа.

Упершыню я даведаўся пра Ермалаеву на пачатку 1960-х, з’яўляючыся студэнтам Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тады, на апошніх курсах мастацтвазнаўчага аддзялення, я займаўся праблемамі мастацкага жыцця Расіі 1910 — 1920-х. І аднойчы ў фондах Рускага музея, з дапамогай яго супрацоўніка мастацтвазнаўца Яўгена Фёдаравіча Коўтуна, таксама, як і я, выхаванца ЛДУ, выпадкова знайшоў работы дагэтуль невядомага мне аўтара. Гэта былі гуашы “Аўтапартрэт”, “Тры фігуры. Галгофа”, “Чалавек у ватоўцы”, “Дрэвы”, “Спартсмены”, “Чалавек з кошыкам” і штосьці яшчэ, пазначанае канцом 1920-х — пачаткам 1930-х.

Мне спатрэбілася пэўная псіхалагічная перабудова: за доўгія гады “сацрэалізму” мы адвыклі ад такой плыні складаных вобразных асацыяцый, адвыклі ад фармальных сімволіка-алегарычных пабудоў у мастацтве. Жывапіс Ермалаевай вымагаў работы думкі і пачуцця, карацей — сутворчасці, а не пасіўнага сузірання і канстатацыі: вось гэта — стол, гэта — глечык, а гэта — капялюш. Але яшчэ больш дзіўным было для мяне тое, што творчы лёс Ермалаевай аказаўся шчыльна звязаным з Віцебскам і з легендарнай асобай Казіміра Малевіча, аўтара “Чорнага квадрата” і аднаго з персанажаў маёй дыпломнай работы. Мае пошукі публікацый пра Ермалаеву, надрукаваных пры яе жыцці, практычна не далі вынікаў: усяго каля 10 нататак і згадак, часцяком не дакладных. Вось толькі нейкі А.А. Смірноў зрабіў аналіз яе ілюстрацый для артэлі “Сегодня” ў харкаўскім літаратурным часопісе “Творчество” (1919 год, май). І толькі ў пачатку 60-х мінулага стагоддзя імя Ермалаевай выплывае ў артыкуле В.Пятрова “З гісторыі дзіцячай ілюстрацыі кнігі 1920-х гадоў” (“Мастацтва кнігі”, 1962 г.).

/i/content/pi/cult/388/7715/15-2.jpeg

З таго часу прайшло шмат гадоў. Імя Веры Міхайлаўны больш-менш стала вядомым не толькі ў асяроддзі савецкіх і постсавецкіх мастацтвазнаўцаў, якія займаліся гісторыяй айчыннага авангарда, але і ў нейкім коле інтэлектуальных прыхільнікаў такога няпростага для эстэтычнага “спажывання” мастацтва. Віцебскі перыяд Ермалаевай, напрыклад, закраналі ў сваіх даследаваннях Л.Жадава, А.Шацкіх, А.Марачкіна (Заінчкоўская), В.Шышанаў… Але першым, хто адкрыў яе імя, яе біяграфію для культурнай грамадскасці яшчэ на пачатку 1970-х, быў ленінградскі даследчык рускага авангарда, вышэйзгаданы Яўген Коўтун. Яму ў 1972 годзе ўдалося правесці першую невялічкую персанальную выстаўку акварэлей і гуашаў Веры Ермалаевай. Праўда, падрыхтаваны да яе каталог так і не далі надрукаваць, а з экспазіцыі тагачасным кіраўніцтвам Ленінградскага аддзялення Саюза мастакоў былі забаронены лепшыя работы. Аднак галоўную ўвагу ў сваіх даследаваннях Яўген Фёдаравіч, будучы першапачаткова спецыялістам у галіне эстампа, усё ж такі акцэнтаваў на кніжнай графіцы мастачкі, якая, на справядлівы погляд крытыка, з’яўляецца “заснавальніцай новай кнігі для дзяцей”...

У апошнія гады былі адкрыты амаль усе архівы НКУС СССР у Пецярбургу і Карагандзе, дзе згадвалася “справа Ермалаевай” ды некаторых яе сяброў у сувязі з іх “антысавецкай дзейнасцю”. Пасля гэтага мы атрымалі шмат новых фактаў пра трагедыю яе жыцця, і некаторыя недакладныя версіі яе арышту і гібелі, якія выкарыстоўваліся савецкімі мастацтвазнаўцамі, натуральна самі сабой адпалі. А да гэтага называліся прыблізныя альбо зусім няслушныя даты яе смерці: “пасля 1935-га”, проста “1938 год”, “1939 год”. Ды і пра дакладнае месца расстрэлу — таксама блытаніна.

У нейкай ступені жыццё Ермалаевай можна прасачыць па віцебскай паслярэвалюцыйнай прэсе: гэта газеты “Витебский листок”, “Известия Витебского губернского совета крестьянских, рабочих и солдатских депутатов”, часопісы “Школа и революция”, “Искусство”, “Журнал ВИТРОСТА”, а таксама маскоўскі часопіс “Вестник искусств” (№3, 1922 г.) — пра выстаўку членаў УНОВИСа. Узгадкі сучаснікаў пра Ермалаеву ў мемуарнай літаратуры нешматлікія, недакладныя і неканкрэтныя. Я запомніў толькі некалькі фрагментаў з такіх сведчанняў: пісьменніка Віктара Шклоўскага, калекцыянера, мецэната і мастацтвазнаўца Леўкія Жэвержэева — пра тое, як Ермалаева пазнаёмілася з Маякоўскім; ёсць цікавыя ўспаміны мастака Уладзіміра Стэрлігава, яе салагерніка па Карагандзінскаму ГУЛАГу, блізкага сябра па няшчасці, ды некаторыя іншыя матэрыялы.

Што яшчэ? Так, у 1997 годзе ў ленінградскім часопісе “Звезда” (№11) з’явіўся белетрызаваны “Раман з дзіўнасцямі” Сямёна Ласкіна пра жыццё Веры Ермалаевай, дзе аўтар прывёў частку дакументаў следчых спраў з архіваў КДБ. Здаецца, і ўсё. Хаця ў 2000-х, паводле інфармацыі з Інтэрнэту, штосьці ў прэсе з’яўляецца пра Ермалаеву; таксама адкрываюцца выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага Рускага музея і пецярбургскага Музея тэатральнага і музычнага мастацтва, прыватных калекцый з адпаведнымі каталогамі.

/i/content/pi/cult/388/7715/15-3.jpeg

Вось што праз шмат гадоў расказаў пра мастачку яе былы калега, народны мастак СССР Канстанцін Раждзественскі: “Вера Міхайлаўна — руская дваранская прыгажуня, строга апраналася, кофт не насіла, сачыла за сабой… Пакутніца. Ніколі не наракала. Упала неяк у ГИНХУКе (Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры у Пецярбургу. — Б.К.), вохнула. Я яе падымаў… Свецкая дама... Іранічна адносілася да мастачак, да жанчын у мастацтве”.

Але пакуль што пра Ермалаеву мы не маем такой паўнавартаснай манаграфічнай аб’ектыўнай кнігі-біяграфіі ці поўнакаляровага альбома, які, напрыклад, быў выдадзены (і не адзін!) пра яе бліжэйшага сябра і аднадумца Казіміра Малевіча. Альбо пра Васіля Кандзінскага. Вы скажаце: ну і параўнаў жа! А я вось што падумаў. За свае 44 гады прабывання на зямлі Ермалаева пражыла, можна сказаць, чатыры жыцці: ад нараджэння і першых крокаў у творчасці — да прыезду ў Віцебск; тры самыя творчыя “авангардныя” гады ў Віцебску; 1920-я і пачатак 1930-х — у Ленінградзе (росквіт яе кніжнага мастацтва); і пасля арышту: з 25 снежня 1934-га — да гібелі 26 верасня 1937 года: перыяд менш за ўсё нам вядомы. Але гэта зразумела…

Уласна, творчая дзейнасць Ермалаевай віцебскага перыяду захавалася як такая толькі ў невялічкіх фатаграфіях ды некалькіх супрэматычных эскізах святочнага афармлення горада. Што да іншых перыядаў, то большасць яе твораў знаходзяцца ў фондах Рускага музея, астатняя частка яе жывапіснай і графічнай спадчыны раскідана па прыватных калекцыях, у тым ліку замежных, якія і сёння не вельмі даступныя для даследчыкаў. Кніжная графіка і тры жывапісныя карціны ёсць і ў Траццякоўцы, а таксама “Партрэт невядомай” — у Іркуцкім мастацкім музеі. У Беларусі яе твораў няма.

Праўда, у нас (сярод даследчыкаў Віцебскай мастацкай школы) Ермалаева больш вядомая як адна з актыўных арганізатараў аб’яднання УНОВИС, педагог Народнага мастацкага вучылішча і рэктар Мастацка-практычнага інстытута (пасля ад’езду Шагала ў Маскву). Пры тым, што яшчэ ў дзяцінстве яна стала інвалідам; аднойчы ўпала з каня, з-за чаго былі паралізаваны ногі. Бацькі лячылі яе ў Ціролі, Інсбруку, іншых гарадах у найлепшых еўрапейскіх дактароў, але ўсё было марна. Давялося карыстацца пратэзамі і мыліцамі. Незвычайная сіла, мужнасць, цэльнасць і незалежнасць характару, нежаданне лічыцца з акадэмічнымі правіламі і прадпісаннямі вызначылі ўсё жыццё і лёс мастачкі.

Народны мастак Казахстана Валянцін Іосіфавіч Антошчанка-Аленеў, былы віцебскі вучань Шагала і адначасова яго ахоўнік, мне расказваў, што “маларухавая Вера Міхайлаўна, якая ледзь хадзіла на мыліцах, у Віцебску магла даць дзве — тры форы ўсім здаравенным, дужым мужыкам-мастакам, калі гэта тычылася работы за мальбертам, педагогікі і арганізатарскіх спраў”. Мо за ўсё гэта і перш-наперш за яе святую адданасць новаму мастацтву Малевіч паважаў і любіў Ермалаеву больш іншых сваіх калег.

Нават Марк Шагал, яе “хросны бацька”, які запрасіў яе з Петраграда ў Беларусь, аднойчы назваў яе “віцебскай Джакондай”! І гэта дастаткова, каб яе імя было назаўсёды ўпісана ў гісторыю не толькі Віцебскай мастацкай школы. Як і імёны такіх розных “будзятлян”, “супрэматыстаў” і “рэалістаў” — М.Шагала і К.Малевіча, Эль Лісіцкага, М.Суэціна, І.Чашніка, Л.Юдзіна, Н.Коган, А.Рома, І.Пуні, К.Багуслаўскай, Р.Фалька, Ю.Пэна, М.Дабужынскага, Я.Цільберга…

…За шэсць дзён да Новага, 1934-га, калі каталікі святкавалі Каляды, Вера Міхайлаўна завяршала цыкл літаграфій да “Рэйнеке-Ліса” Гётэ. Пры ўважлівым разглядзе ў гэтай рабоце можна знайсці нейкія крытычныя матывы, якія адлюстравалі тагачаснае ленінградскае палітычнае жыццё. Вы скажаце: прычым тут Гётэ? Але тады як успрымаць такую кампазіцыю: да мядзведзя-суддзі (моцнага, неразумнага) ваўкі (грубыя, крыважэрныя) у… будзёнаўках (!) цягнуць на суд няшчасных звяроў. Заўважу, прозвішча начальніка ленінградскага НКУС было якраз Мядзведзь!

Некалькі слоў пра гэтага чалавека. Філіп Мядзведзь, беларус, родам з Пружаншчыны, бліжэйшы сябра Кірава, да снежня 1934 года ўзначальваў абласное дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне (ОГПУ) НКУС па Ленінградзе і вобласці. Вельмі не любіў, як і Кіраў, “асоб непралетарскага паходжання”. 2 снежня, на наступны дзень пасля забойства Кірава, Сталін прыбыў у Ленінград і на пероне вакзала моцна ўдарыў Мядзведзя па твары за “халатнасць”. Ну а далей — усё зразумела. Чэкісты яго арыштавалі, саслалі ў лагер і ў канцы лістапада 1937 года расстралялі за “шпіянаж на карысць Польшчы”. Рэпрэсіравалі і ўсю ягоную сям’ю.

Дык вось, калі да Ермалаевай прыйшлі з арыштам, то ў першую чаргу (ведалі загадзя?) накіраваліся да шафы, дзе ляжалі аркушы да “Рэйнеке-Ліса”… У даведцы да следчай справы было сказана: “Па даных, якія маюцца, Ермалаева Вера Міхайлаўна, былая дваранка (а гэта для чэкістаў — "нож па сэрцы” — Б.К.), раней звязаная з меншавікамі... за апошні час робіць спробу арганізаваць вакол сябе рэакцыйныя элементы з асяроддзя інтэлігентаў. У Ермалаевай на кватэры адбываюцца заканспіраваныя зборышчы групы асоб, якіх аб’ядноўвае супольнасць палітычных установак… Ермалаева В.М. у сябе дома часта арганізоўвае выстаўкі-прагляды работ мастакоў, звязаных з ёй (Стэрлігаў, Юдзін і іншыя), і іхніх вучняў. Прагляды закрытыя, на якія не маюць доступу тыя, хто не трымаецца поглядоў Ермалаевай... Сярод усіх, хто іх абкружае, распаўсюджваецца думка, што мастацтва ў СССР знаходзіцца на ілжывым шляху і паступова адмірае” (Архіў УФСБ па Пецярбургу і вобласці: №48469, справа 1, л. 1).

Акрамя літаграфій да “Рэйнеке-Ліса”, былі канфіскаваны яшчэ дарэвалюцыйныя лісты Уладзіміра Ермалаева да сястры і ўсе творы яе калег — У.Стэрлігава, В.Чакрыгіна, Л.Гальперына, М.Суэціна, К.Раждзественскага і М.Ле-Данцю. Гэтыя падарункі сяброў захоўваліся ў скрыні, якая стаяла ў вялікім пярэднім пакоі. Толькі карціна маладога Міхаіла Ле-Данцю, якога Вера вельмі любіла і які загінуў яшчэ ў 1917 годзе на фронце Першай сусветнай, упрыгожвала сцяну пакоя…

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"