Старадрукі: вярнуць за 60 дзён

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Калі ў Музеі гісторыі Магілёва ўздыхнулі з палёгкай?

Пачуццё, што апаноўвае пры перагортванні старонак старадаўніх фаліянтаў, сярод якіх — і адзіны ў Беларусі арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага, надрукаваны ў 1594 годзе, — незвычайнае, і перадаць яго, бадай, немагчыма. Гэта, адначасова, і незвычайнае ўзрушэнне, і далучанасць да гісторыі, і гонар за сваю краіну, за тых людзей, што тут жылі і выдавалі такія творы, ды шмат што яшчэ. І спрабуеш чытаць гэтыя кнігі на старабеларускай мове — так, як чыталі іх нашы продкі…

Цяпер, дзякуючы спонсарам і неабыякавым людзям, беларускія старадрукі знаходзяцца ў нашай краіне, а дакладней — у Музеі гісторыі Магілёва. Пра паспяховыя акцыі па вяртанні гісторыка-культурнай спадчыны “К” пагутарыла з дырэктарам установы Аляксеем БАЦЮКОВЫМ.

 

Пачатак гісторыі

— Аляксей Мікалаевіч, з чаго пачалася ваша дзейнасць па вяртанні на Беларусь страчаных каштоўнасцей?

— Справа ў тым, што яшчэ прыкладна год таму да мяне звярнуліся студэнт гістарычнага факультэта БДУ Андрэй Радкоў і загадчык аддзела публікацый і дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Зміцер Яскевіч. Яны на адным з інтэрнэт-аўкцыёнаў знайшлі царкоўны “Часоўнік” — кнігу, выдадзеную ў 1773-м у Магілёве. На сваім сайце мы абвясцілі дабрачынную акцыю па зборы сродкаў на выкуп старадаўняга фаліянта. І даволі хутка на нашым рахунку апынуліся неабходныя 500 долараў. Так гэтая кніга трапіла да нас у музей. Таму сёлета, калі той жа Андрэй Радкоў знайшоў на адным з маскоўскіх аўкцыёнаў выстаўлены на продаж Статут ВКЛ, мы таксама не маглі застацца ўбаку.

/i/content/pi/cult/388/7714/14-1.jpeg

— Статут Вялікага Княства Літоўскага — не толькі агульнанацыянальная каштоўнасць, але і, наколькі я ведаю, гістарычна таксама досыць шчыльна звязаны з Магілёвам дакумент…

— Так, бо Леў Сапега, які яго склаў і выдаў, акрамя ўсяго іншага, быў таксама і магілёўскім старастам. Да таго ж, Статут надрукаваны ў віленскай тыпаграфіі, заснаванай вядомымі магілёўскімі купцамі братамі Мамонічамі. Прычым выдаў яго знакаміты Пётр Мсціславец, таксама ўраджэнец Магілёўшчыны. Так што гэты Статут для нас, магіляўчан, мае, безумоўна, асаблівую значнасць. Вельмі важны ён, натуральна, для ўсіх беларусаў.

 

Граматны піяр

— Сабраць 45 тысяч долараў (а менавіта столькі запрасіў за Статут уласнік) было, безумоўна, няпростай справай. Якім чынам удалося гэта зрабіць?

— З прапановай абвясціць акцыю па зборы сродкаў я пайшоў да гарадскіх улад, да начальніка аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама, — і там мяне ўсяляк падтрымалі. Цягам усяго часу мы шчыльна супрацоўнічалі з рэспубліканскімі ды абласнымі сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку — і з газетай “Культура”. Таксама размясцілі ўсе неабходныя звесткі на нашым сайце ў Інтэрнэце, адкрылі дабрачынны рахунак, развесілі расцяжкі пра акцыю на вуліцах горада, распавядалі пра яе на ўсіх тых знакавых культурных мерапрыемствах, што ладзіліся на той час у Магілёве. Праявілі такую актыўнасць нездарма: нам трэба было вельмі хутка ўнесці дзесяць працэнтаў ад сумы за Статут ВКЛ. У гэтым нам вельмі дапамог мясцовы прадпрымальнік Уладзімір Мардачоў, які пачуў пра нашу акцыю па радыё. Менавіта дзякуючы пералічанай ім суме ў 4,5 тысячы долараў удалося зняць Статут з аўкцыёна. Бо, цалкам верагодна, старадаўні фаліянт мог бы перакупіць і хто-небудзь іншы.

— А як атрымалася выйсці на фірму, якая выдаткавала асноўную суму для закупкі Статута?

— І ў гэтым плане падтрымка СМІ аказалася для нас вельмі значнай. Справа ў тым, што пра акцыю даведаўся супрацоўнік Нацыянальнага банка Беларусі Андрэй Максімчык. Ён патэлефанаваў нам і прапанаваў звярнуцца з просьбай аб фінансавай падтрымцы акцыі ва ўсе банкі Беларусі. Дадам між іншым, што і самі супрацоўнікі Нацбанка пералічылі на рахунак музея 18 мільёнаў рублёў, а, да прыкладу, работнікі Беларускага народнага банка — 10 мільёнаў рублёў. Такім чынам інфармацыя аб нашай акцыі трапіла ў мінскі офіс “Альпары”, а пасля — у галаўны офіс у Маскве, да дырэктара па карпаратыўных камунікацыях Валерыя Тарасава. І кіраўніцтва фірмы вырашыла выдаткаваць 30 тысяч долараў, якіх не ставала нам на выкуп фаліянта. Дарэчы, цесць Валерыя Тарасава — ураджэнец Магілёўшчыны Валерый Казакоў, які з’яўляецца старшынёй Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Таму, калі Валерый Казакоў патэлефанаваў мне і даў гарантыю, што “Альпары” пералічыць на закупку Статута неабходныя сродкі (а на той час ахвярадаўцамі ўжо было сабрана прыкладна 15 тысяч долараў), — я ўздыхнуў з палёгкай: акцыя паспяхова завяршылася.

 

Статут — он-лайн

— І калі ж жыхары Магілёва ды госці абласнога цэнтра змогуць пабачыць Статут ВКЛ?

— Цяпер мы будзем ствараць усе ўмовы для захоўвання старадаўняй беларускай рэліквіі. Заказалі вітрыну з сістэмай кліматкантролю, сігналізацыяй, падсветкай. Пасля гэтага правядзём маштабную і ўрачыстую прэзентацыю Статута. Запросім на яе ўсіх, хто спрычыніўся да вяртання старадруку на Беларусь. Таксама з цягам часу плануем выкласці на сваім сайце электронную версію кнігі ды, магчыма, выпусцім факсімільнае выданне каштоўнага беларускага фаліянта.

/i/content/pi/cult/388/7714/14-3.jpeg /i/content/pi/cult/388/7714/14-4.jpeg /i/content/pi/cult/388/7714/14-5.jpeg

— Ці плануецца размясціць у музеі або на сайце ўстановы спіс тых ахвярадаўцаў, якія выдаткавалі грошы на закупку Статута?

— Абавязкова будзем працаваць над гэтым пытаннем. Справа ў тым, што людзей, якія пералічылі грошы, — вельмі шмат: некалькі соцень чалавек, прычым не ўсе яны з Беларусі. Таму цяпер думаем, у якім выглядзе прадставіць гэты спіс ахвярадаўцаў. Але тое, што прозвішчы ўсіх людзей, якія пералічылі грошы на закупку Статута, будуць размешчаны на нашай старонцы ў Сеціве, — гэта дакладна.

 

Новы аўкцыён

— Ведаю, што пасля Статута вы паспелі закупіць яшчэ некалькі старадаўніх выданняў?

— Так, бо пасля акцыі ў нас засталіся грошы, і мы, таксама на інтэрнэт-аўкцыёнах, выкупілі тры старадаўнія кнігі, надрукаваныя ў 1733 годзе ў Магілёве: гэта Псалтыр і яшчэ два часоўнікі. За гэтыя старадрукі аддалі 500 долараў.

/i/content/pi/cult/388/7714/14-2.jpeg

— Разумею, гэта не апошняя акцыя, зладжаная музеем?

— Так, бо мы хочам падыходзіць да вяртання гісторыка-культурнай спадчыны сістэмна, а не толькі з дапамогай разавых акцый. Пастаянна адсочваем усю інфармацыю, што з’яўляецца на сусветных інтэрнэт-аўкцыёнах, набываем, да прыкладу, выданні сярэдзіны XIX стагоддзя “Магілёўскія ведамасці”, магілёўскія паштоўкі пачатку XX стагоддзя, абыходзячыся пры гэтым толькі сваімі сродкамі. Вось цяпер распачынаем пошук грошай і на яшчэ адзін старадрук, арыгіналаў якога таксама няма на Беларусі: кнігу Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі” 1651 года выдання. Знакаміты беларус, як вядома, апісаў уладкаванне трохступеньчатай ракеты за 250 гадоў да Цыялкоўскага і стаў, такім чынам, піянерам ракетабудавання. Дарэчы, па меркаванні некаторых даследчыкаў, аўтар, беларускі шляхціч, нарадзіўся на Магілёўшчыне…

— І колькі запрасіў за кнігу Семяновіча (а іх на Беларусі, як паведамлялася, усяго тры розных гадоў выдання) уладальнік?

— Кніга, выпушчаная ў Амстэрдаме на французскай мове, каштуе 15 тысяч еўра. Гэта звычайны кошт для падобнага выдання, бо ўсяго ў свеце вядома 27 яго экзэмпляраў. Нядаўна, у 2009 годзе, аналагічны экзэмпляр кнігі Семяновіча быў набыты для музея ў Тракаі за 64 тысячы літаў — гэта значыць, за 15 тысяч еўра. Натуральна, такіх вялізных сродкаў наш музей не мае, таму мы вельмі спадзяёмся на гэтую дабрачынную акцыю і, натуральна, на дапамогу ў яе асвятленні сродкамі масавай інфармацыі. Да слова, ахвярадаўцамі ўжо сабрана больш за 5 мільёнаў рублёў.

 

Чаму варта пачынаць?

— І апошняе. Ці магчыма наладзіць вяртанне гісторыка-культурных каштоўнасцей у іншых абласных ці рэспубліканскіх музеях Беларусі? Што для гэтага, на вашу думку, трэба зрабіць?

— Вопыт па вяртанні нашай спадчыны мы, безумоўна, цяпер маем. І калі да нас звернуцца нашы калегі з іншых рэгіёнаў Беларусі, заўсёды пракансультуем іх. Бо калі падобных акцый будзе абвяшчацца больш, дык такому развіццю падзей я буду толькі ўзрадаваны. Я перакананы, што акцыі, якія дазволілі вярнуць Статут ВКЛ, іншыя старадрукі на Беларусь, безумоўна, узнялі самапавагу беларусаў, паспрыялі ўсведамленню нашай еднасці. Гэта таксама вельмі важна. Таму, паўтаруся, наша дзейнасць па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцей набудзе сістэмны характар і абавязкова займее працяг...

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

Увага!

/i/content/pi/cult/388/7714/14-6.jpegДля тых, хто жадае пералічыць грошы на выкуп кнігі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”, паведамляем яшчэ раз рэквізіты музейнага дабрачыннага рахунку:

УК “Музей гісторыі Магілёва” 212030, г. Магілёў, вул. Ленінская, 1А, тэл.: 22-99-46 УНП 790203960 Філіял 700 МОУ ААТ “АСБ Беларусбанк” МФО 153801536 р/р 3642014673147 г. Магілёў, вул. Першамайская, 71

Дырэктар — Бацюкоў Аляксей Мікалаевіч — дзейнічае на падставе Статута. У прызначэнні плацяжа пазначаць: “На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для набыцця кнігі К.Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”).

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"