Ад Старога замка да Старой таверны

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Новыя крыніцы для славутага горада

/i/content/pi/cult/387/7710/14-1.jpegНі для каго не сакрэт, што Гродна — адзін з самых старадаўніх гарадоў нашага краю, першая згадка пра які ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1128 года. Падсумаваць у лаканічнай форме яго мінуўшчыну паспрабавалі ў гродзенскай Цэнтральнай гарадской бібліятэцы. У прыватнасці, выйшаў з друку краязнаўчы бібліяграфічны паказальнік “Радкі пра Гродна”.

Паказальнік, першае выданне якога пабачыла свет у 2005 годзе, змяшчае бібліяграфічныя апісанні вершаваных і празаічных твораў, песень пра славуты горад, яго гісторыю і сучаснасць, пра знакамітыя і памятныя мясціны, падзеі ды святы, пра нашых славутых землякоў.

Па выніках працы над новым выданнем кнігі было выяўлена 255 новых крыніц інфармацыі па дадзенай тэме, якія дапоўнілі папярэдняе выданне, што налічвала 195 бібліяграфічных запісаў. Прычым у паказальніку змешчаны толькі тыя запісы, дзе даецца падрабязная характарыстыка, а не проста згадваецца прадмет краязнаўства. У новым выданні з’явіліся новыя раздзелы — “Прынёманскі край”, “Іх імёнамі названы вуліцы Гродна”, “Падзеі і святы ў нашым горадзе” — і новыя падраздзелы персаналій: “Дануце Бічэль-Загнетавай”, “Андрэю Макаёнку”, “Апанасу Цыхуну”… Значна дапоўніліся бібліяграфічнымі запісамі і раздзелы “Гродна — старажытны, Гродна — малады”, “Нёман”, а таксама падраздзелы персаналій, прысвечаных Максіму Багдановічу, Васілю Быкаву, Міхасю Васільку, Давыду Гарадзенскаму.

Дзякуючы кнізе можна знайсці падрабязную інфармацыю пра знакамітыя і памятныя мясціны горада, сярод якіх — Стары замак, Швейцарская Даліна, Стары парк, парк Румлёва, Фарны касцёл, Пышкі, галерэя Тызенгаўза, помнік савецкім пагранічнікам, Курган Славы, Старая таверна.

Інэса ІЛЮШЫНА, загадчык інфармацыйна-бібліяграфічнага сектара Цэнтральнай гарадской бібліятэкі г. Гродна імя А.Макаёнка