34-ы фестываль, 70-ы сезон

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Лістападаўская філарманічная афіша традыцыйна пазначана ХХХIV Міжнародным фестывалем мастацтваў “Беларуская музычная восень”. Сёлета ён праходзіць з 4 па 30 лістапада і прысвечаны 70-годдзю Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Да юбілейнага сезона кожны з калектываў рыхтаваў свае адметныя праграмы. Таму і “... восень” атрымалася насычанай прэм’ернымі паказамі. Так, падчас фестывалю адбудзецца юбілейны вечар заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій, прафесара, кампазітара Андрэя Мдзівані, складзены з яго лепшых твораў. Акрамя таго, яшчэ ў адным з канцэртаў адбудзецца прэм’ера яго новага твора, незвычайнага ўжо паводле жанру, — Харэаграфічнай сімфоніі “Шчыгрынавая скура”. Працягнецца святкаванне і 70-годдзя Дзмітрыя Смольскага: яго чарговы аўтарскі канцэрт складуць камерныя вакальныя цыклы. Новыя харавыя творы на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа 11-ці беларускіх кампазітараў прагучаць у канцэрце Дзяржаўнага камернага хору Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. А праграма “Напалеон у Парыжы” ансамбля салістаў “Класік-Авангард” прадставіць не толькі не гучаўшыя раней творы нашага музыканта, кампазітара і мастака Напалеона Орды, 200-годдзе якога сёлета адзначаецца, але і музыку Парыжа 1840-ых гадоў, калі ён там жыў.
Сярод гасцей фестывалю — джазавы квінтэт “ОZMA” (Францыя), арганіст і дырыжор Аахенскага Бахаўскага аб’яднання, прафесар Іаганэс Геферт (Германія), Дзяржаўны квартэт імя М.Глінкі (Расія), сімфанічны аркестр Падляскай оперы і філармоніі г. Беластока, малады арганіст Марэк Стэфаньскі (Польшча) і іншыя.
Прыемна, што салістамі ў некалькіх канцэртах выступяць маладыя беларускія музыканты, у тым ліку тыя, што зараз працягваюць навучанне ў іншых краінах. Гэта піяністы Аляксандр Музыкантаў, Віталь Стахіевіч, акардэаніст Ігар Квашэвіч, выбітны кантрабасіст Андрэй Шынкевіч.
Безумоўна, самай вялікай слухацкай увагі заслугоўваюць праграма “Кампраміс”, у якой Ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова, складзены з выканаўцаў на народных інструментах, выступіць разам з Мінскім струнным квартэтам, а таксама “Нашы любімыя песні”, дзе з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча будуць спяваць знаныя эстрадныя салісты — Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Анатоль Ярмоленка, Пётр Ялфімаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ