Не мелам, а фарбамі

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

“Саюзная дзяржава — наш агульны дом” — дзіцячыя святы з такой назвай на “Славянскім базары ў Віцебску” сталі ўжо традыцыяй. Але раней яны праводзіліся ў выглядзе конкурсу малюнка на асфальце. Сёлета ж адбылося сапраўднае спаборніцтва з размяшчэннем работ у Інтэрнэце.

Былі аб’яўлены тры намінацыі: “Моцнай дружбай мы сільныя”, “Нам гэты свет завешчана берагчы”, “Будучыня — вачыма юных”. Падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося ў Віцебскай дзіцячай мастацкай школе № 1. Пераможцы атрымалі прызы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Але ў выйгрышы засталіся ўсе наведвальнікі выстаўкі. Дзеці прыходзілі разам з бацькамі, на прэзентацыі чыталі вершы пра Беларусь, у тым ліку ўласнага сачынення. Нават выступалі з цыркавымі нумарамі! Адначасова ў школе працавалі “Майстэрні чараўнікоў”, і кожны ахвотны мог пры дапамозе выкладчыкаў зрабіць сабе сувенір на памяць.

— Мы вельмі рады такому супрацоўніцтву, — адказаў на мае пытанні дырэктар школы Міхаіл Кліменка. — Сапраўды, чаму на “Славянскім базары ў Віцебску” ў цэнтры ўвагі аказваюцца толькі юныя спевакі? Трэба ахопліваць розныя мастацкія схільнасці дзяцей. Праз год да нас абяцалі далучыцца юныя рысавальшчыкі з Узбекістана. Таму конкурс, упэўнены, пашырыцца…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"