Маладзёжныя ноу-хау

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Моладзь — найлепшы пасол сяброўства і дабра. Гэта яшчэ раз пацвердзіў Дзень моладзі, што прайшоў на “Славянскім базары ў Віцебску” дзякуючы намаганням БРСМ.

Сёлета дадзеная акцыя набыла яшчэ большы разгорт. Не перашкодзіла нават не самае лепшае надвор’е. Яшчэ напярэдадні на плошчы Перамогі, якая і стала асноўным месцам “дыслакацыі” разнастайных маладзёжных праектаў, прайшла вечарова-начная дыскатэка. Як і летась, на абмежаванай прасторы прэс-цэнтра выступілі ўдзельнікі розных намінацый ІІ Міжнароднага маладзёжнага фестывалю “Агонь танца”, адборачны тур якога праходзіў па ўсёй Беларусі.

На самой жа плошчы — чаго толькі ні было! Байкеры пад час правядзення выстаўкі сваіх "металічных коней" дазвалялі іх «асядлаць», пакатаўшы ахвотнікаў. Выбралі і сваю «міс». Не былі забыты не толькі конскія сілы, але і чалавечыя. Алег Яжоў, уладальнік ужо некалькіх сусветных рэкордаў, устанавіў чарговы, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Але вельмі ўразіла і прэзентацыя такога новага для нас спартыўнага кірунку, як вулічны спорт.

— Зрэз маладзёжных культур, — упэўнены Ігар Бузоўскі, — настолькі вялізны, што ахапіць іх усе немагчыма. Тым не менш, мы падтрымліваем нават акадэмічнае мастацтва. Да прыкладу, у рамках Дня моладзі выступае гітарыст-віртуоз Аляксей Скрыпнік — асоба, вядомая ў Еўропе. Што ж да “Славянскага базару ў Віцебску”, дык да гэтага фестывалю, можна сказаць, спрычыняюцца не толькі яго шматлікія ўдзельнікі, але і тыя студэнцкія будатрады (на Віцебшчыне, між іншым, у іх працуе каля сямі тысяч чалавек), што заняты на добраўпарадкаванні фестывальных аб’ектаў. Найбольш жа важным для нас праектам стаў пошук новых ідэй, якія прапаноўвала моладзь. Мы вылучылі сярод іх каля сотні і ўвосень, мяркуем, з намі сустрэнецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Хочам пазнаёміць Кіраўніка дзяржавы з інавацыйнымі прапановамі…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"