Абертоны пленэру

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Тэкстыль з эксперыментам

У нашай сталіцы прайшоў Першы беларускі пленэр эксперыментальнага мастацкага тэкстылю, выніковая экспазіцыя і абмеркаванне вынікаў якога адбыліся ва ўнутраным дворыку Палаца мастацтва.

/i/content/pi/cult/387/7706/12-3.jpeg

Ініцыятыва зладзіць дадзены праект нарадзілася напрыканцы сакавіка бягучага года на канферэнцыі “Беларускі габелен: здабыткі і перспектыва развіцця”, арганізаванай Л.Пятруль у рамках яе выстаўкі “Повязь”, праведзенай сумесна з яе вучнямі ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Арганізатарамі і адначасова ўдзельнікамі пленэру сталі мастакі Л.Пятруль, Я.Шунейка і В.Юрэвіч-Малашчук; таксама аказалі дапамогу ў правядзенні мерапрыемства мастацтвазнаўца С.Шунейка і малады мастак па тэкстылі В.Багачова. Сярод удзельнікаў пленэру былі як сталыя мастакі Н.Пілюзіна і А.Гуршчанкова, Н.Аждзер, Н.Арайс, С.Баранкоўская, М.Барысенка, Л.Дамнянкова, С.Еўдакіменка, Ю.Зеляная, М.Карповіч-Сакалова, В.Конева, А.Обадава, К.Разанкова, К.Ралінская, Н.Рэшатава і В.Фаміна, так і прадстаўнікі маладога пакалення. Для апошніх праект стаў стымулам для далейшай творчасці, для сталых майстроў — магчымасцю адчуць свежыя ідэі, новыя тэндэнцыі, якія намячаюцца ў беларускім тэкстыльным мастацтве, — адбыўся свайго роду ўзаемна ўзбагачаючы творчы абмен.

У Беларусі эксперыментальны мастацкі тэкстыль з’явіўся ў 1980-х. І першая выстаўка ў Мінску была праведзена ў 1989-м. З тых часоў ніякіх падобных мерапрыемстваў у нашай краіне не праводзілася.

Як паказала выніковая экспазіцыя, эксперыментальны тэкстыль у большай ступені — “нестанковая” творчасць, ён “гатовы” да больш шчыльнага культурнага ўзаемадзеяння з грамадствам. А менавіта яго аб’ёмна-прасторавыя формы здольныя ўключыцца ў якасці колера-фактурных элементаў у структуру архітэктурнага, гарадскога або прыроднага асяроддзя; у сваіх шматгранных увасабленнях яны могуць стаць часовымі арт-аб’ектамі не толькі выставачных праектаў, але і ўпрыгожыць сабой любое культурна-масавае мерапрыемства.

Вераніка ЮРЭВІЧ-МАЛАШЧУК