“Любата” або — не?

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Рэгіёны: майстар-клас крэатыву

Сённяшняя падборка, прысвечаная рэгіянальным крэатыўшчыкам, складзена на падставе чытацкіх лістоў. Так што публікацыя з’яўляецца адначасова і аглядам рэдакцыйнай пошты. Мы паспрабавалі, як і заўжды, сканцэнтраваць вашу ўвагу на праявах нешараговага, нестандартнага і сапраўды творчага стаўлення да будзённай працы работніка культуры. На жаль, са шматлікага ліставання крэатыўнай тэматыцы адпавядала ўсяго толькі тры пісьмы. Адмысловасць, па-ранейшаму, у дэфіцыце...

Рагачоўшчына: ініцыятыва коштам у 20 мільёнаў

У аддзеле рэгіянальнай культуры “К” з год як “жыве” лялька “Любата”, якая адказвае за “праводзіны” кожнага з нас у камандзіроўку. Не парукаешся з ёю перад паездкай — удачы не будзе. “Любата” — абярэг, рукі ў яе — заўжды ўзнятыя ўгару. І лялька нібыта кажа: “ Не сумуй, не журыся і рук не апускай!” Вось і не сумуем, вось і не журымся… А “Любата” тая — з Рагачоўшчыны.

“К” не раз пісала пра ўнікальны музей, створаны ў Стрэнькаўскім раённым цэнтры рамёстваў. Гэтым разам пра мэтанакіраваную дзейнасць аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама па вырабе абярэгавых лялек напісала нам вядучы карэспандэнт Беларускага аддзялення Расійска-Беларускага інфармацыйнага цэнтра Кацярына Дубоўская. Дзейнасць гэтая, падкрэслівае аўтар, скіравана на папулярызацыю і захаванне спрадвечных беларускіх традыцый, а таксама — на стварэнне рэкламнага брэнда ды творчай прыцягальнасці Рагачоўшчыны.

Для рэалізацыі задуманага, распавядае Кацярына Дубоўская, аддзел культуры ў 2009 годзе зрабіў заяўку на фінансавую падтрымку ў рамках сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Кошт ініцыятывы склаў больш за 20 мільёнаў рублёў.

Праз год у Стрэньках адкрыўся экамузей “Беларуская лялька”. Штогод тут ладзіцца звыш трох соцень мерапрыемстваў: майстар-класы, святы, абрады, больш за сто экскурсій. Этнічная аўтэнтычнасць лялек прынесла ўстанове неаспрэчны камерцыйны поспех. А рэалізоўваюцца яны цяпер не толькі у Стрэньках, але і ў Рагачове, Гомелі, Мінску.

Бярэзіншчына: спонсары для Паўлінак

Наша сталая аўтарка — загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Тамара Круталевіч піша, што на 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы прайшоў фэст “Бярэзінская Паўлінка-2012”. Ініцыятарамі яго сталі раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын і бібліятэка.

На гэты, так бы мовіць, дзявочы фэст сваіх прадстаўніц даслалі аграгарадкі раёна і прадпрыемствы горада. Кожная з дваццаці пяці прыгажунь пастаралася ўвасобіць уласнае бачанне вобраза купалаўскай Паўлінкі. Для гэтага, натуральна, спатрэбіліся артыстызм, гумар, спеўнасць, абаяльнасць… Ганаровы тытул Паўлінкі атрымала вучаніца 11 класа Бярэзінскай гімназіі Віялета Ермаловіч. Мерапрыемства, пераканана Тамара Круталевіч, абудзіла новую хвалю інтарэсу да класічнай п’есы ды асобы Песняра. Кніжкі з “Паўлінкай” умомант зніклі з бібліятэчных паліц.

І не абы-якія спонсары для фэсту знайшліся: мясцовыя сыр- і льнозаводы, кампанія “Мэта-плюс”, раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа.

Светлагоршчына: аграгарадоцкая музейная славутасць

І яшчэ адзін ліст з Гомельшчыны. (Не да геаграфічнай разнастайнасці, калі “крэатывіць” гэтым разам збольшага менавіта Гомельская вобласць.) Напісала яго загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай райбібліятэкі Валянціна Расошанка. Справа ў тым, што аграгарадок “Дуброва” вось ужо дзесяць гадоў славіцца Музеем гісторыі вёскі, які працуе пры сельскай бібліятэцы.

Месціцца музей, паведамляе Валянціна Расошанка, у двух пакоях. У яго фондах — звыш 400 экспанатаў. Самыя каштоўныя — манеты, адчаканеныя на Брэсцкім манетным двары ВКЛ у 1663 — 1666 гадах… Натуральна, ёсць і больш познія рэчы, што распавядаюць пра гісторыю і вёскі, і аграгарадка. У бібліятэкі ёсць свой фінансавы план, які сельскі бібліятэкар Людміла Бусел пастаянна выконвае. А музейныя паслугі — нязменна бясплатныя, хоць недахопу ў экскурсіях няма. Музейшчыкам Людміла Фёдараўна — на грамадскіх пачатках. Энтузіястка зарэгістравана на форуме пошукавага руху, нястомна шукае родзічаў тых воінаў, што пад час Вялікай Айчыннай загінулі на гэтай зямлі. Шукае — і адшуквае. Таму і едуць сюды госці з Расіі, Украіны, Грузіі…

Высновы нашага ліставання — нескладаныя. Справа ідзе спорна ў тых, хто рукі не апускае. Тады і спонсары знаходзяцца, і камп’ютарныя рэсурсы выкарыстоўваюцца напоўніцу. І не канчатковы камерцыйны поспех бяру пры гэтым пад увагу, а толькі высокі маральны аўтарытэт установы культуры.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"