Малюнкі… ніткамі

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Мінск: букеты майстрыхі

/i/content/pi/cult/387/7703/SDC13073_opt.jpegУ Музеі гісторыі Мінска — персанальная выстаўка Раісы Хачанковай “Жывапіс у нітках”.

Работы выкананы ў тэхніцы двухбаковай мастацкай гладзі, якая шырока выкарыстоўваецца ў раслінных арнаментах і гафтуецца каляровымі ніткамі.

Спасцігаць гэты від мастацтва Раіса Рыгораўна пачала яшчэ ў юнацтве. Родам мастачка са Слаўгарада, цяпер жыве ў Мінску.

Прадстаўленыя на выстаўцы творы выкананы на натуральных тканінах баваўнянымі ніткамі. Сюжэты для сваіх работ Раіса Рыгораўна прыдумвае сама, эксперыментуючы з колерам і фактурай. Любімым жанрам з’яўляецца фларыстыка. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 работ майстрыхі.

Здзіўляюць сваёй адметнасцю букеты з пунсовых руж і макаў. Здаецца, вее тонкім водарам ад далікатных браткоў і архідэй…

Прадстаўлены тут і пейзажы, нацюрморты, кампазіцыі з выявамі жывёлін. “Вышываць двухбаковай мастацкай гладдзю вельмі проста — гэтаму можа навучыцца кожны, трэба толькі мець цярпенне і любіць сваю справу”, — кажа Раіса Рыгораўна.

Настасся БАЛКОЎСКАЯ