У Музеі гісторыі Мінска — персанальная выстаўка Раісы Хачанковай “Жывапіс у нітках”.
Работы выкананы ў тэхніцы двухбаковай мастацкай гладзі, якая шырока выкарыстоўваецца ў раслінных арнаментах і гафтуецца каляровымі ніткамі.
Спасцігаць гэты від мастацтва Раіса Рыгораўна пачала яшчэ ў юнацтве. Родам мастачка са Слаўгарада, цяпер жыве ў Мінску.
Прадстаўленыя на выстаўцы творы выкананы на натуральных тканінах баваўнянымі ніткамі. Сюжэты для сваіх работ Раіса Рыгораўна прыдумвае сама, эксперыментуючы з колерам і фактурай. Любімым жанрам з’яўляецца фларыстыка. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 работ майстрыхі.
Здзіўляюць сваёй адметнасцю букеты з пунсовых руж і макаў. Здаецца, вее тонкім водарам ад далікатных браткоў і архідэй…
Прадстаўлены тут і пейзажы, нацюрморты, кампазіцыі з выявамі жывёлін. “Вышываць двухбаковай мастацкай гладдзю вельмі проста — гэтаму можа навучыцца кожны, трэба толькі мець цярпенне і любіць сваю справу”, — кажа Раіса Рыгораўна.
Настасся БАЛКОЎСКАЯ