“Здымі гэты сцэнарый: будзе касавая стужка!”

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Леанід Мартынюк. Трыццаць гадоў на “Беларусьфільме”

“К” працягвае знаёміць чытачоў з асобамі, дзякуючы талентам якіх была створана слава беларускага кіно ХХ стагоддзя. Сёння мы распачынаем друкаваць аповед Леаніда Мартынюка — рэжысёра “Беларусьфільма”, аўтара мастацкіх карцін “Вялікі трамплін”, “Пяцёрка адважных”, “Па сямейных абставінах”, “Неадкрытыя астравы”, “Жалезныя гульні” ды іншых, што ў свой час паспяхова прайшлі па экранах СССР. 20 ліпеня Леаніду Уладзіміравічу споўнілася 80 гадоў. Наша газета далучаецца да віншаванняў і прапануе ў гэтым нумары пачатак занатаванага аповеду творцы пра ягоны вельмі няпросты, аднак ад гэтага не менш цікавы, шлях у кінамастацтве, пра людзей, з якімі яго звёў лёс, і пра стужкі, што давялося ствараць на “Беларусьфільме”...

Нарадзіўся будучы майстар кіно ў Гомелі, скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, потым працаваў у розных выданнях. Але кінамастацтва перамагло…

/i/content/pi/cult/387/7702/13-1.jpeg

Пра тое, як трапляюць у кіно

— У літаратурную рэдакцыю Беларускага тэлебачання, дзе я працаваў на пачатку шасцідзясятых, увайшоў мой калега Эдзік Варашылаў і сказаў: “Зараз Лёня ўскочыць на стол: Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў абвясцілі свой другі набор”. Я сапраўды літаральна ўскочыў на стол: так узбударажыла мяне гэтая навіна. Калі за чатыры гады да таго адкрыліся Вышэйшыя курсы, то я не адважыўся падаць дакументы. І вось — другі шанс, якім я паспяхова скарыстаўся, хоць спачатку нават не марыў стаць рэжысёрам.

Вышэйшыя курсы на той час былі не менш, а то і больш моцнай навучальнай установай, чым знакаміты ВГИК. Бралі туды толькі людзей з ужо закончанай вышэйшай адукацыяй і пяцігадовым працоўным стажам. Разам са мной паступала сем з паловай соцень ахвотных стаць рэжысёрамі і сцэнарыстамі з усяго Саюза, але адабралі — толькі дваццаць пяць чалавек. Навучанне было вельмі цікавае і змястоўнае: у праграму двух гадоў навучання на курсах увайшло ўсё, што студэнты ВГИКа атрымлівалі за пяць. Але і па выхадзе з курсаў мы адразу пачыналі працаваць у кіно. Яно значна адрознівалася ад той сістэмы, што была прынята ў ВГИКу. Мы самі выбіралі адну з пяці майстэрань рэжысуры, якія вялі такія знакамітыя майстры, як Міхаіл Ром, Грыгорый Козінцаў, Сяргей Юткевіч. Асобныя лекцыі нам чыталі дзеючыя кінематаграфісты. У невялічкай зале маскоўскага Дома кіно бесперапынна ішлі прагляды, лекцыі па кіназнаўстве і тэорыі мантажу, якую выкладала знакамітая Тамара Ліхачова, мантажор “Вайны і міру” Сяргея Бандарчука. Асабліва запомнілася лекцыя Андрэя Таркоўскага (акцёра з яго “Люстэрка”, Ігната Данільцава, я потым узяў на галоўную ролю ў карціну “Па сямейных абставінах”).

З маіх аднакурснікаў больш за іншых вядомы Глеб Панфілаў. Цікава, што яшчэ ў Мінску я ўбачыў яго першую стужку, знятую ў Свярдлоўску, і напісаў пра яе ў газету. А ў Маскве мне давялося пасябраваць з Панфілавым і яго будучай жонкай Інай Чурыкавай. Іна — незвычайны, вельмі эмацыйны чалавек. Гэтую рысу яна здолела выкарыстаць у сваёй працы. Памятаю, як у першыя дні знаёмства я ў жаданні ўразіць суразмоўцаў наплёў з цэлы мех пра сваю міфічную “адсідку” ў турме і норавы тамтэйшых “сядзельцаў”, — вочы Іны адразу напоўніліся слязьмі...

Дарэчы, Глеб прапаноўваў мне выканаць ролю рэжысёра ў яго знакамітым “Пачатку”. Але я быў вымушаны адмовіцца: мяне чакаў дыпломны праект, які я вырашыў паставіць па аповесці Васіля Быкава “Пастка”, што нядаўна выйшла...

Дэбютная “Пастка”

— Быкаўскую “Пастку” я прачытаў у часопісе “Юнацтва” па рэкамендацыі Ігара Дабралюбава, і, дачакаўшыся канікул, паехаў у Гродна знаёміцца з яе аўтарам, з якім потым сябраваў усё жыццё. Час тады для Быкава наступіў няпросты: пасля артыкула ў газеце “Чырвоная зорка” яму прышлося несалодка, нават вокны білі ў яго гродзенскай кватэры... Я разумеў, што здымкі майго дэбюту пройдуць з вялікімі цяжкасцямі. Так і адбылося. Часам здавалася, што стужку я не закончу… У пэўным сэнсе я меў рацыю: пасля абароны дыплома паказваў “Пастку” ў нейкай студэнцкай аўдыторыі і раптам аказалася, што нехта загадаў адрэзаць фінал фільма, у якім да героя прыходзіў “асабіст”. Тым самым губляўся сэнс усёй гісторыі! Дзякаваць богу, першапачатковы варыянт карціны захаваўся, у тым ліку і ў нашым архіве ў Дзяржынску. А вось геніяльную па тых часах стужку Уладзіміра Бычкова “Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка” па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча спасцігла шматразовая цэнзура. Кожная наступная версія карціны ўсё далей адыходзіла ад першапачатковага варыянту. У выніку засталося нешта зусім непадобнае да задумы Бычкова і Караткевіча.

Што ж да творчасці Быкава, то для мяне вяршыняй яго ваеннай прозы стала аповесць “Мёртвым не баліць” — самая, бадай, яркая гісторыя, напісаная празаікам з яго асабістага жыцця. Трыццаць гадоў — увесь час, што працаваў на “Беларусьфільме”, — я дабіваўся экранізацыі гэтага твора, але мне гэтага, на жаль, не ўдалося... Першы раз я прынёс сцэнарый тагачаснаму галоўнаму рэдактару кінастудыі Максіму Лужаніну і стаў чакаць адказу. Яго не было тыдзень, другі, трэці... Потым з кабінета дырэктара “Беларусьфільма” раздаўся катэгарычны званок: “Гэтую стужку вы не паставіце на нашай студыі ніколі!”

Шкада... Проза Быкава сама па сабе неверагодна кінематаграфічная: у ёй шмат напружанага дзеяння, яна лёгка кладзецца на драматургію кіно. Бачыце, Быкава ставяць і сёння — маю на ўвазе “У тумане” Сяргея Лазніцы. Упэўнены, будуць ставіць і далей. Для аповесці “Мёртвым не баліць” яшчэ настане свой час у кіно. Будзе вельмі добра, калі гэта здарыцца на Беларусі…

Пропуск у кіно — 14 мільёнаў

— Пасля “Пасткі” і няўдачы са сцэнарыем “Мёртвым не баліць” я аказаўся ў жудасным становішчы. Мне “паабяцалі”, што ў прафесію рэжысёра ігравога кіно я больш ніколі не вярнуся. Перабіваўся выпадковай працай, ізноў выручыла журналістыка, зрабіў некалькі дакументальных стужак…

Дапамог карыфей Уладзімір Корш-Саблін. Выклікаў да сябе і сказаў: “Лёня, у нас “гарыць” адзінка дзіцячага кіно”. І працягвае сцэнарый Алеся Асіпенкі “Пяцёрка адважных”. Я заўпарціўся: пасля Быкава — і дзіцячае кіно?! Корш настойваў. Маўляў, здымі гэты сцэнарый: будзе касавая стужка!

Што цікава, класік абсалютна меў рацыю: пасля года пракату “Пяцёркі адважных” на “Беларусьфільм” з Масквы прышлі даныя статыстыкі — 14 мільёнаў гледачоў! Дарэчы, здымкі стужкі даліся мне вельмі няпроста, але ў выніку карціна атрымала неверагодны поспех і не сыходзіла з кінаэкранаў СССР цэлае дзесяцігоддзе. Звышвопытны Корш-Саблін казаў мне: “А чаго ты здзіўляешся? Гэта ж прыгодніцкі жанр. Да таго ж, з дзецьмі-акцёрамі шмат працаваць не трэба: яны робяць усё самі”. Тое ж самае мне казаў і пачынальнік дзіцячага кіно на “Беларусьфільме” Леў Голуб. Маўляў, навошта ты працуеш з падлеткамі? Давай бяры акцёраў дашкольнага ўзросту, фіксуй іх натуральныя рэакцыі — і справа ў капелюшы! А падлеткі з іх “пераходным узростам” — адны клопаты…

Дарэчы, парадай аб “натуральных эмоцыях” мне не раз давялося скарыстацца. Напрыклад, на здымках “Ветразей майго дзяцінства” ў адным з эпізодаў малалетні выканаўца галоўнай ролі ніяк не хацеў канцэнтравацца на сваіх эмоцыях. А яны ў яго былі досыць складаныя: па сцэнарыі, на малога глядзіць нейкі бандыт. Аднак дзеці на здымачнай пляцоўцы паводзілі сябе вельмі разняволена, увесь час смяяліся і, фактычна, зрывалі працу. Тады ціха праінструктаваў аператара, што наступны дубль будзем здымаць без звычайнай “хлапушкі”, а потым вельмі строгім тонам адчытаў малога выканаўцу: маўляў, як акцёр ты — сапраўдны “нуль”, на пляцоўцы толькі перашкаджаеш працаваць дарослым, і, наогул, я падумваю пра тое, каб цябе замяніць на іншага хлопчыка... Дарма казаць, што разлік аказаўся дакладны, і, пачаўшы здымаць без каманды, аператар зафіксаваў менавіта той выраз твару галоўнага героя, які і павінен быць у чалавека, што сустракае бандытаў...

(Заканчэнне будзе.)

Фота Юрыя ІВАНОВА