Водныя прыгоды паміж двух Залессяў

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Сплаў па ВІліі паводле графа Тышкевіча. І журналістаў “К”

…Нарэшце, пераадолеўшы апошнія кіламетры, каманда “К” сустрэлася з удзельнікамі экспедыцыі. Перад нашымі вачыма адкрылася вялізная паляна, на якой месцілася каля пяцідзесяці палатак. Трыццаць чалавек, пяцьдзясят… — такімі былі нашы сціплыя прагнозы, але ўбачыць падобны ўнушальны “дэсант” мы зусім не чакалі.

 — Сёлета ў нашай экспедыцыі прынялі ўдзел амаль сто пяцьдзясят чалавек, — з гонарам адзначыў кіраўнік сплаву Міхаіл Петух. — Такога ў нас раней не было...

“Бо ўдзельнікі — гэта…”

Далей праграма разгортвалася яшчэ больш імкліва… Пасля палатачны гарадок наведаў мясцовы бард Алег Мізула і запрасіў усіх на свой канцэрт. Напрыканцы імпрэзы да Алега далучыўся невялічкі ансамбль у складзе гарманіста і скрыпача, а народ пайшоў у скокі...

Увесь гэты час Міхаіл Мікалаевіч падрабязна распавядаў нам гісторыю падарожжа:

— Тыя, хто пабываў у сумеснай беларуска-літоўскай экспедыцыі ў 2007-м, да гэтага часу з’яўляюцца нашымі прыхільнікамі, далучаюць да падарожжа сваіх знаёмых, сяброў, сваякоў. Летась, да прыкладу, устанавілі чарговы ўзроставы рэкорд: самаму малодшаму ўдзельніку не было і двух гадоў...

/i/content/pi/cult/387/7701/10-4.jpeg

Сапраўды, значную частку водных турыстаў экспедыцыі складала менавіта моладзь. Яшчэ на беразе нам дапамагаў выцягнуць лодку на бераг цінейджар Фёдар, ды і далей дзяўчынкі ды хлопчыкі, з якімі даводзілася перасекчыся, ахвотна распавядалі пра свае ўражанні і дапамагалі.

Міхаіл Петух, што ўжо доўгі час ачольвае вілейскі турклуб Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, адзначыў: адна з найгалоўных задач падарожжа для яго — далучэнне да гісторыі, культуры, у тым ліку — экалагічнай, маладога пакалення:

— Бо людзі — такія ж “славутасці” экспедыцыі, што і Вілія.

У гэты ж вечар атрымліваем пацвярджэнне слоў Міхаіла Мікалаевіча. Кардыёлаг з Маладзечна Ванда Анцілеўская, якая ходзіць у вандроўку па Віліі амаль штогод, раскрыла свой “сакрэт” захопленасці падарожжам.

— Кожны год адбываецца штосьці новае. Узяць тых самых удзельнікаў — увесь час далучаецца нехта цікавы, — падзялілася жанчына сваімі ўражаннямі. — Сёлета прапанавала далучыцца і сваёй пляменніцы. Яна, дарэчы, з радасцю пагадзілася на дзясятак дзён памяняць Інтэрнэт і камфортныя ўмовы пражывання на добрую кампанію ды цікавы маршрут на ўлонні прыроды...

“Навошта мне кудысьці з’язджаць?”

Наступны дзень прынёс нам яшчэ багата прыемных знаёмстваў.

Раніцай, калі мы шпацыравалі па Жодзішках у пошуку невялікай сажалкі “з мяккай вадой”, як праанансавалі нам “экспедытары”, у адным з двароў заўважылі падазрона знаёмага мясцовага жыхара — разам з сябрам ён “варажыў” над… кабанчыкам. Прыгледзеўшыся, пазналі ў тутэйшым таго самага Алега Мізулу, які ўчора ўвесь вечар спяваў ля купальскага вогнішча. Побач з ім — Міхаіл Міхалевіч, яшчэ адзін “старажыл” экспедыцыі, доктар з Маладзечна, славуты тым, што пад час вандроўкі збірае старадаўнія рэцэпты беларускіх страў. Як мы зразумелі, ён шукаў новы рэцэпт і тут.

/i/content/pi/cult/387/7701/10-5.jpeg /i/content/pi/cult/387/7701/10-6.jpeg

А праз якую гадзіну на ўзгорку сабраўся амаль увесь “дэсант” экспедыцыі. І вось наш добры знаёмы, яшчэ ўчора  бард і душа кампаніі, Алег Мізула паўстае перад групай ужо ў новай іпастасі — экскурсавода, заснавальніка і дырэктара мясцовага музея.

— Мая гісторыя — гэта ўвесь час пошук магчымасцей, — апавядае Алег. — Большасць маіх аднавяскоўцаў жадалі з’ехаць з Жодзішкаў, а я не сумаваў: навошта мне кудысьці з’язджаць? Ды і жонку шукаў на радзіме…

З такім крэда, каб паказаць гісторыю свайго краю, Алег і заснаваў у родным мястэчку краязнаўчы музей варты самай пільнай увагі. Цягам некалькіх гадоў ён збіраў унікальныя ў прамым і пераносным сэнсе слова артэфакты, а потым яго ініцыятыву падтрымала мясцовая гаспадарка.

У музеі знаходзяцца такія адметнасці, як арнаты духавенства мясцовага касцёла,. Захоўваюцца тут манеты перыяду Першай сусветнай вайны, зброя Другой сусветнай, калекцыі якой, напэўна, пазайздросцілі б многія раённыя музеі, фотаздымкі, унікальныя дакументы, карціны… У тым ліку — і нашага славутага мастака Пятра Сергіевіча. Таксама працуе і этнаграфічная зала, што налічвае больш як 300 экспанатаў.

Група, нягледзячы на спёку, распытвала дырэктара ды фатаграфавала экспанаты. У час экскурсіі адбылося яшчэ адно знаёмства. Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт геаграфічнага факультэта БДУ Алег Гайдукевіч прывабіў нас кепкай з эмблемай першага падарожжа.

— Так, я — старажыл экспедыцыі, — прызнаўся ён. — Калі ёсць магчымасць, то заўсёды далучаюся. І не як навуковы супрацоўнік, а як чалавек, якому проста прыемна знаходзіцца ў гэтым асяроддзі, назіраць за прыродай з эстэтычнага боку…

Высветлілася, што ён, адзін з пачынальнікаў “Шляху Тышкевіча”, быў у свой час героем рубрыкі “Суботнія сустрэчы” нашай газеты, і мы тым больш упэўніліся: экспедыцыя складаецца з людзей невыпадковых.

— Дык, на ваш погляд, ці вартая ўвагі сёння Вілія? — звярнуліся мы з правакацыйным пытаннем.

— А як жа! — адказвае Алег. — Вілія, у маім успрыняцці, нагадвае класічную літаратуру: “перачытваеш” яе некалькі разоў і зноў знаходзіш у ёй новае. І нам яшчэ належыць знайсці сакральны змест Віліі: невыпадкова нашы продкі звязвалі ў адзін ланцужок возера Нарач, рэкі Нарачанка і Вілія. Гэта сістэма каштоўнасцей, якую нашы прашчуры ведалі. Адна з мэт нашай экспедыцыі ў тым і заключаецца, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай ракі і ў будучыні стварыць міжнародны маршрут…

Штаб абмеркавання ідэй

Па дарозе да наступных адметнасцей Жодзішак — касцёла Святой Тройцы, воднага млына, колішняга езуіцкага калегіума — знаёмімся з яшчэ адным энтузіястам: гаспадаром аграсядзібы, старшынёй грамадскага аб’яднання турыстычнай справы Смаргонскага раёна Уладзіславам Махначом.

— Да стварэння аграсядзібы мой лёс быў вельмі пакручасты, — Уладзіслаў Браніслававіч не скупіўся на падрабязнасці сваёй біяграфіі. — Калі сышоў на пенсію з ваенна-марскога флоту, спачатку заняўся гаспадаркай, потым пачаў грыбы-вешанкі вырошчваць, але… Душа патрабавала чагосьці іншага. Безумоўна, тое была вялікая радасць: на шляху да новай справы сустрэцца з падобнай суполкай аднадумцаў, якімі з’яўляюцца ўдзельнікі экспедыцыі.

/i/content/pi/cult/387/7701/10-2.jpeg

Цяпер у сядзібе Уладзіслава Махнача можна і з лука пастраляць, і на конях пакатацца, і веласіпедную экскурсію па гістарычных мясцінах здзейсніць, і музей “Дзядоўскі куток” наведаць… Энтузіяст адзначыў, што менавіта дзякуючы экспедыцыі Тышкевіча і маглі сабрацца разам аднадумцы, якім “не сядзіцца на месцы” і якія хварэюць за свой куток.

Экспедыцыя працуе не толькі як пункт злучэння аднадумцаў, падкрэслівае Уладзіслаў Махнач, але і як месца абмену досведам, рухомы штаб абмеркавання новых ідэй. Так, суполка вандроўнікаў ужо пэўны час дбае пра ачыстку адметных мясцін на “Шляху Тышкевіча”.

— Сёння, да прыкладу, пойдзем, нарэшце, чысціць ад “сушняку” скаладром — адзін з найпрыгажэйшых аб’ектаў, які цалкам закрыты ад позіркаў з-за сухіх старых дрэў, — кажа энтузіяст. — Дазвол улад ужо даўно атрыманы. Наперадзе — ачыстка адметнасцей Ашмянца: там унікальны млынок, цудоўны погляд на норд — “прамую дарогу” ракі.

Ладдзя радасці

Пакуль доўжылася наша размова, экскурсія па Жодзішках падышла да завяршэння. Група вярнулася ў лагер, але тут ужо наспявала іншая падзея — “тэсціраванне” ладдзі. Прыгажуня-лодка, яшчэ калі мы набліжаліся да лагера, прывабіла нас сваёй незвычайнай, але, як потым высветлілася, простай канструкцыяй ды нечаканым знешнім выглядам. І нашай цікавасці не было мяжы, калі мы даведаліся, што наперадзе — іспыты судна: лодку выпрабуюць на магчымасць сплаву супраць цячэння.

Для гэтай мэты спатрэбілася каманда мужных мужчын, да якой далучыўся і карэспандэнт “К”. У прасторную лодку трапілі і пасажыры: жанчына з дзіцём.

Пад пякучымі промнямі сонца, пад вогукі капітана, прыгажуня-ладдзя пачала нетаропка разварочвацца. “І раз, і два, і тры, і чатыры!” — паступова, крок за крокам, калі вёслы сталі рытмічна апускацца ў ваду, лодка пачала разганяцца і паплыла — так, супраць цячэння. Праз некалькі хвілін судна амаль дасягнула моста, які месціўся за пяць соцень метраў ад месца прычалу.

/i/content/pi/cult/387/7701/10-8.jpeg

— А хто пабудаваў такі карабель? — пытаюся я ва ўдзельнікаў ужо пасля ўдалага эксперыменту. — Дзмітрый Ведзень, — адказваюць, і так мы зноў выходзім на яшчэ адну “культавую асобу” экспедыцыі. Дзмітрый, як высветлілася, будучы старажылам “воднага шляху”, з 2007 года практыкуецца не толькі ў складанні пуцевадзіцеляў па Віліі, але і ў будаўніцтве суднаў.

— Па цячэнні наша ладдзя ідзе з хуткасцю каля дзевяці кіламетраў у гадзіну, — ахвотна распавёў ён пра свае “дзецішча”. — І, як вы бачылі, прыкладна два-тры кіламетры ў гадзіну — супраць... Бачыў штосьці падобнае ў падарожжы Парыж — Масква. Гэта быў прыпынак ў Нюрнбергу, і пад мостам праязджала ладдзя з мужчынскім экіпажам. Яшчэ тады я запаліўся, але калі да ўспамінаў далучыліся веды пра падарожжа Тышкевіча… Так я прыйшоў да задумы зрабіць фанерную аснову са старых пантонаў, а потым адаптаваць яе да падобнай лодкі. Па прафесіі я — інжынер сувязі, а гэта спецыяльнасць, што спалучае творчы бок з тэхнічным. Як бачыце, усё атрымалася…

Седзячы ў прасторным судне, пад лёгкім дахам, які абараняе ад пякучага сонца, ніколі і не падумаеш пра тое, з якіх дэталей і частак, уласна, рабіўся карабель: выглядае ён пераканаўча.

— Дзмітрый, ведаем, што вы з’яўляецеся і адным з аўтараў праекта пуцевадзіцеля па Віліі… — згадваем пра яшчэ адну іпастась удзельніка экспедыцыі.

— Так, і сёлета ён папоўніцца новымі пунктамі: знайшлі новыя крынічкі ўздоўж ракі, — адчуваецца, што Дзмітрый гатовы распавесці не толькі пра іх, а і пра ўсе цікавосткі, якія ведае.

Сапраўды, за тыя некалькі дзён, што экіпаж “К” удзельнічаў у экспедыцыі, перад вачыма паўсталі дзясяткі аб’ектаў спадчыны. Некаторыя з іх, дагледжаныя намаганнямі мясцовых жыхароў і раённых улад, знаходзяцца ў добрым стане, нейкія — яшчэ чакаюць энтузіястаў і валанцёраў. Аднак усе яны, на жаль, — па-за ўвагай асноўнай масы турыстаў, як замежных, так і айчынных. Невыпадкова адна з галоўных мэт экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча” — звярнуць увагу на праблемы Віліі і, у прыватнасці, яе турпатэнцыялу.

Той жа Уладзіслаў Махнач, які вырашыў злучыць свой бізнес ды лёс з экспедыцыяй, а не проста зрабіць аграсядзібу “пунктам беларускай экзотыкі”, адмысловым чынам знаёміць сваіх наведвальнікаў з гісторыяй месца, далучаючы іх да спадчыны продкаў і да суполкі такіх жа рупліцаў аб сваім куточку. Таму і сягае яго дзейнасць значна далей за ўласна аграсядзібны праект: распрацоўваюцца новыя маршруты, да прыборкі гістарычных мясцін далучаецца маладое пакаленне — як гэта адбылося ў выпадку з лініяй аб’ектаў Першай сусветнай вайны: дапамагалі навучэнцы Смаргонскай школы-гімназіі № 4, мясцовыя жыхары. Уладзіслаў адзначыў, што і досвед супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі — на належным узроўні. Словам, дзейнасць яго — выдатны прыклад таго, як могуць спалучацца персанальны праект і грамадскі рух, ініцыятыва, якія, несумненна, патрэбна цаніць і падтрымліваць…

Перакрэслены якар ці ўказальнік?

Наконт масавага стварэння аграсядзіб уздоўж Віліі ва ўдзельнікаў экспедыцыі маюцца і пэўныя перасцярогі. Міхаіл Петух, да прыкладу, адзначыў, што на літоўскай тэрыторыі ўздоўж Віліі часта пабачыш знак з выявай перакрэсленага якара, што азначае забарону на прыпынак у пэўным месцы. Што тут скажаш: прыватная ўласнасць…

Наогул, стварэнне аграсядзіб, арыентаваных на людзей з розным дастаткам і патрэбамі, можна толькі вітаць. Тым не менш, праблема іх даступнасці для турыста, асабліва — воднага, застаецца актуальнай.

/i/content/pi/cult/387/7701/10-3.jpeg

Да прыкладу, пад час падарожжа ці не самым блізкім сябрам нашага экіпажа быў навігатар, які хоць і не прыстасаваны для арыентавання на рацэ, але ж толькі ён адзін мог падказаць, дзе мы знаходзімся і ля якой вёскі ці нават гістарычнага помніка праплываем. А што рабіць турысту на Віліі, калі такога навігатара няма, ці зарад яго батарэі скончыўся?

Сёння ў басейне Віліі размешчаны толькі адзін указальнік, а дакладней — дыхтоўная схема смаргонскага рачнога ўчастка, якая самотна стаіць непадалёк ад Вайнідзянят. Ініцыятар яе ўстаноўкі — усё той жа Уладзіслаў Махнач. Але тут будзе дарэчы задаць пытанне: а ці дастаткова гэтага адзінкавага прыкладу?

Скажам, няўжо цяжка мясцовым уладам паставіць указальнікі, дзе будзе пазначана, з якога боку лепш абыходзіць небяспеку — тыя ж складаныя месцы каля мастоў? Пытанне — хутчэй, рытарычнае, улічваючы патэнцыял, у тым ліку і эканамічны, ад наведання таго або іншага раёна шматлікімі турыстамі.

Гэтай праблемай заклапочаны і Міхаіл Петух. Так, па яго словах, пад мостам каля Жодзішак — бетонная паля.

 — Сёння, калі вада празрыстая і яе ўзровень не вельмі высокі, небяспеку можна ўбачыць здалёк. А што было б, каб мы плылі ў тумане ці пад час паводкі?

Ці патрэбна турысту байдарка?

Таксама няма адказу на пытанне, калі з’явіцца паўнавартасны даведнік па Віліі, адкуль можна будзе дазнацца і пра крыніцы, што ўпадаюць у раку, і пра гістарычныя ды прыродныя помнікі. Думаецца, кожны ўдзельнік экспедыцыі набыў бы такую кнігу на добры ўспамін. Ды і для мясцовых пунктаў харчавання ды гандлю рэклама ў такім выданні была б дарэчы.

Гаворка пра падобны паказальнік ужо ішла ў нашым матэрыяле — праект яго распрацаваны тым жа Дзмітрыем Ведзенем ды яго аднадумцамі. Але чамусьці назапашаным досведам энтузіястаў да гэтай пары так ніхто і не скарыстаўся.

/i/content/pi/cult/387/7701/10-1.jpeg

— Паўнавартасны даведнік па Віліі патрабуе істотных фінансавых укладанняў, — тлумачыць Міхаіл Петух. — Не будзем жа мы выдаваць дваццаць асобнікаў кнігі. Акрамя таго, хочацца мець і прафесійны пераклад згаданага раней твора графа Тышкевіча, для чаго найбольш верагодным бачыцца атрыманне гранта. Ізноў жа, неабходна ведаць, хто стане рабіць пераклад і хто будзе займацца арганізацыйнымі пытаннямі…

Аднак праблема актыўнага выкарыстання Віліі — не толькі ў інфармацыйнай падтрымцы турыстаў. Пагадзіцеся, як можна выправіцца ў паход, калі сёння вельмі складана ўзяць байдарку ці хаця б лодку напракат? Нават нашы пошукі “Наліма” доўжыліся больш за два тыдні.

Па словах Міхаіла Петуха, у нашай краіне няма развітой сістэмы пракату водных суднаў. Людзі не рызыкуюць займацца такім бізнесам, бо абсталяванне — дарагое (сярэдні кошт байдаркі складае каля васьмі мільёнаў рублёў), а перспектыва страціць ці пашкодзіць транспартны сродак вялікая. Таму сёння турыст можа спадзявацца на сваю ініцыятыву альбо на дапамогу знаёмых.

Культурны складнік падарожжа

Калі турыст, нягледзячы на розныя перашкоды, усё ж выбраўся ў падарожжа, то ён жадае не толькі атрымліваць асалоду ад сузірання прыроды, але і чакае цікавай культурнай праграмы.

— Калі ўзяць нашу першую экспедыцыю, статус якой быў міжнародным, то, адпаведна, і райвыканкамы з вялікай прыхільнасцю паставіліся да праекта, — згадвае Міхаіл Петух. — Кожны раз, калі плануецца экспедыцыя, рассылаюцца лісты са зваротамі аб супрацоўніцтве. Аднак далёка не заўсёды маем на іх адказы...

Як зазначылі ў аддзеле культуры Смаргонскага райвыканкама, ужо некалькі гадоў адбываецца плённае супрацоўніцтва з кіраўніцтвам экспедыцыі. Стала традыцыйнай культурная праграма для ўдзельнікаў праекта ў Залессі, творчыя сустрэчы каля вёскі Данюшава. Па словах спецыяліста аддзела культуры Марыі Клуйша, народныя калектывы раёна неаднаразова выступалі перад удзельнікамі экспедыцыі, у тым ліку ў Жодзішках. Сведчыць пра зацікаўленасць раённых улад у супрацоўніцтве і той факт, што кожны год напярэдадні правядзення экспедыцыі ствараўся аргкамітэт, дзе ўсе мерапрыемствы вызначаліся загадзя.

Пры ўсім гэтым пазітыўным стаўленні да праекта, выявілася дзіўная недарэчнасць: сёлета ў аддзел культуры з прапановамі аб удзеле апошняга ў экспедыцыі ніхто не звяртаўся. Як адзначыла Марыя Клуйша, пра экспедыцыю яны даведаліся, калі тая ўжо стартавала.

Затое прыемна здзівілі сваёй увагай да экспедыцыі на Вілейшчыне. Па словах дырэктара Цэнтра па эстэтычным выхаванні пры аддзеле культуры Вілейскага райвыканкама, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Таццяны Захарыч, якая сёлета займалася арганізацыяй урачыстага старту экспедыцыі, мясцовы кінатэатр дапамог устанавіць праектар у ніжнім парку Вілейкі, непадалёк ад палатачнага гарадка ўдзельнікаў экспедыцыі, і прадэманстраваць дакументальныя стужкі, знятыя па матэрыялах мінулых падарожжаў “Шляхам Тышкевіча”. Не менш цікавая праграма чакала ўдзельнікаў і наступным днём. У прыватнасці, акрамя выступлення мясцовых фальклорных калектываў упершыню адбыліся і ўрачыстыя провады экспедыцыі літаральна ўсёй Вілейкай. Пры гэтым старшыня райвыканкама Яўген Сініла ўрачыста перадаў сцяг экспедыцыі яе кіраўніку Міхаілу Петуху.

І ўсё ж, думаецца, галоўная адметнасць экспедыцыі не ў афіцыйных мерапрыемствах, а — у зносінах з мясцовымі жыхарамі, іх культурай, традыцыямі. І таму менавіта пра зацікаўленасць мясцовых жыхароў у развіцці турызму на Віліі хацелася б паразважаць. Бо якраз для тых, хто жыве ў вёсках уздоўж Віліі, адкрываюцца вялікія перспектывы. Узяць той жа выраб адметных сувеніраў, што карысталіся б попытам не толькі ва ўдзельнікаў экспедыцыі, але і ў іншых шматлікіх водных турыстаў. Так і ўяўляецца карціна, як на беразе Віліі разгарнуўся кірмаш разнастайных вырабаў народных майстроў... Мяркуем, даспадобы айчынным ды замежным водным вандроўнікам прыйшліся б і паслугі гіда па славутых мясцінах. Хто ж, як не мясцовы жыхар, ведае кожную выбоіну, а адпаведна — і адметныя гістарычныя мясціны ды факты на старым шляху?

Як бачна, перспектыў — вялікае мноства. І толькі супольнымі намаганнямі можна ажывіць гэтую цудоўную раку, нібыта адмыслова прызначаную для цікавых падарожжаў...

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Вілейскі раён — Смаргонскі раён — Мінск

Фота аўтараў і Міхаіла ПЕТУХА