Квартэт і “1 на 8”

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Першыя кінавыпрабаванні рэжысёраў

Тыдзень таму ў кіназале Музея гісторыі беларускага кіно адбылася рэдкая падзея: прагляд дыпломных работ выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў БДАМ. Рэдкая, бо падобны папярэдні прагляд адбыўся восем гадоў таму: выпускалася майстэрня народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука, якога на момант выпуску ўжо не было сярод нас. Перапынак паміж выпускамі майстэрні ў столькі гадоў зразумелы: рэжысёр мастацкага кіно — прафесія адзінкавая. Больш за тое, у свеце кіно існуе правіла “1 на 8”: гэта значыць, з васьмі выпускнікоў кінашколы ў прафесіі застаецца адзін. Сёлета народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў выпусціў са сваёй майстэрні пяць маладых прафесіяналаў, чый шлях у кіно толькі пачынаецца. У гэтым нумары “К” аглядае работы чатырох дэбютантаў з абяцаннем вярнуцца да пятага ў адным з наступных нумароў.

/i/content/pi/cult/387/7700/9_4.jpeg /i/content/pi/cult/387/7700/9_3.jpeg

Уменне добра расказаць гісторыю, данесці да гледача сюжэт — бадай, асноўнае, чаму могуць навучыць студэнта ў кінашколе. Здавалася б, што тут такога складанага? Але адсутнасць навыкаў добрага апавядальніка — распаўсюджаная “хвароба” сярод тых, хто пачынае свой шлях у кінамастацтве. Таму стужкі сёлетніх выпускнікоў-рэжысёраў БДАМ у гэтым сэнсе збольшага прыемна ўразілі: чатыры сюжэты, кожны з якіх зроблены на свой лад, практычна без страт і скажэнняў данесены да гледача. Цікава, што ўсе чатыры маладыя рэжысёры ў якасці літаратурнай першакрыніцы абралі творы двух амерыканскіх пісьменнікаў, шырока вядомых нашаму чытачу ўжо не адно дзесяцігоддзе.

“Серафіма” Аляксандры Бутар знятая па матывах аднаго з эпізодаў знакамітага “Віна з дзьмухаўцоў” Рэя Брэдберы. Жывы і непасрэдны свет дзяцінства ў гэтым рамане неаднаразова сутыкаецца з тужлівым ды незразумелым светам дарослых. Малады рэжысёр, дарэчы, ужо вядомы шырокаму гледачу сваім музычным фільмам “Паўлінка New” на канале “АНТ”, перанесла дзеянне эпізоду кнігі Брэдберы ў наш час і на беларускую глебу. Галоўнай гераіняй фільма стала пажылая жанчына па імені Серафіма. Яна імкнецца даказаць двум маленькім дзяўчынкам, якія жывуць па суседстве, што некалі і сама была дзіцём.

“Дабрыдзень, Саша” Дзмітрыя Піскуновіча створаны па матывах рамантычнай прытчы таго ж Брэдберы “Памятаеш Сашу?” пра закаханых мужа і жонку, якія задоўга чакаюць сваё першае немаўля. “Скрыначка з Багамбо” Ігара Падалінскага па апавяданні Курта Ванегута прадстаўляе складаны і ўзбагачаны нюансамі любоўны трохкутнік. А “За сцяной” Алены Сілуцінай спрабуе максімальна поўна перадаць асаблівасці яшчэ адной гісторыі Ванегута — пра дзіця, пакінутае маладымі бацькамі ў пустой кватэры сам-насам з радыёпрыёмнікам.

/i/content/pi/cult/387/7700/9_2.jpeg /i/content/pi/cult/387/7700/9_1.jpeg

Усе чатыры стужкі прыемна ўражваюць жаданнем сваіх аўтараў пайсці значна далей за простае выкладанне сюжэта. Справіўшыся з “задачай нумар адзін”, рэжысёры-выпускнікі спрабуюць паглядзець на свае гісторыі позіркам сапраўднага аўтара, кожны намагаецца стварыць у кадры непаўторную атмасферу.

Больш паспяхова за іншых з гэтым справілася Аляксандра Бутар. Атмасфера яе “Серафімы”, магчыма, крыху перагружана дадатковымі элементамі, кшталту навязлівага музычнага фону або дадатковых, аднак неабавязковых, дэталей у кадры, але ў выніку аказвае пранізлівае ўздзеянне на гледача. Шчымлівая трагедыя чалавечага жыцця, такога прыгожага і хуткаплыннага адначасова, успрымаецца ў “Серафіме” не толькі на рацыянальным, але і на эмацыйным узроўні, у чым стужцы, безумоўна, дапамагае прафесійнае майстэрства вопытнага аператара “Беларусьфільма” Аляксандра Рудзя.

Аператарская работа Вадзіма Кудзіна, таксама выпускніка, надае прыцягальнасць карціне Дзмітрыя Піскуновіча. Прыёмы знакамітага ў свеце сучаснага аўтарскага кіно аператара Крыстафера Дойла дапамагаюць рэжысёру і яго акцёрам стварыць у кадры загадкавую ды прыцягальную атмасферу вячэрняга горада, падкрэсліваючы адасобленасць і адзіноту закаханай пары, што чакае дзіця.

Алена Сілуціна пайшла іншым шляхам. Яна не намагалася адаптаваць літаратурны матэрыял да сучасных рэалій, а, наадварот, паспрабавала данесці да нас атмасферу Амерыкі часоў росквіту радыёвяшчання. Жанр эксцэнтрычнай камедыі, да якога звярнулася рэжысёр, — адзін з самых складаных. Але Алена Сілуціна смела насыціла “За сцяной” шэрагам характэрных прыёмаў.

Канешне ж, шкада, што выпускнікі не звярнулі ўвагу на нацыянальную літаратуру як на аснову сваіх кароткаметражак. Бо творчасць нашых пісьменнікаў якраз багатая на цікавыя, напоўненыя псіхалагічнымі нюансамі навэлы, вартыя "звання" гатовага сцэнарыя для дэбютнага фільма. Магчыма, і стужкі сёлетніх выпускнікоў тады былі б куды бліжэй да нашага жыцця і ўспрымаліся больш актуальна.

Відавочна слабым звяном у абавязковым ланцужку рэжысёрскіх прыгатаванняў выглядае і падбор акцёраў. Калі Ганна Палупанава ў фільме “Дабрыдзень, Саша” яшчэ нагадвае жанчыну, якая хоча дзіця, то Тамара Міронава ў ролі Серафімы ў карціне Аляксандры Бутар так і не здолела развітацца са сваім купалаўскім амплуа. Не дзіва, што маленькія дзяўчынкі не паверылі словам яе гераіні аб праведзеным у Парыжы дзяцінстве і ўбачанай на сцэне Эдзіт Піяф. Зусім, думаецца, не атрымаўся “кастынг” у Ігара Падалінскага: для людзей з жыццёвым вопытам асоб з апавядання Ванегута яго акцёры — надта “тутэйшыя”. Мо трэба было больш рашуча адаптаваць мову персанажаў да беларускіх рэалій?..

Зразумела, параўноўваць свае адчуванні ад прагляду стужак сёлетніх выпускнікоў і выпускнікоў 2004 года вельмі складана. Але ўсе параўнанні, адназначна, — на карысць дыпломных работ Аляксандры Бутар, Ігара Падалінскага, Дзмітрыя Піскуновіча і Алены Сілуцінай. Складаныя ўмовы працы ў кіно ніколі не былі спрыяльнымі для дэбютантаў. Сёлетнія выпускнікі БДАМ, здымаючы свае карціны на “Беларусьфільме”, знаходзіліся ў жорсткіх умовах сапраўднай кінаіндустрыі і, відавочна, годна прайшлі першыя ў творчым жыцці вытворчыя выпрабаванні. Спадзяёмся, іх далейшы лёс абвергне праславутае “1 на 8”. У рэшце рэшт, справа заўсёды не ў колькасці, а ў якасці...

На здымках: кадры з фільмаў "Скрыначка з Багамбо", "За сцяной", "Серафіма", "Дабрыдзень, Саша".